Вход/Регистрация
Сэрца на далоні
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Расчырванелы Тарас сядзеў на зямлі і разбіваў качаргой у печы галавешкі. Водсвет жару залаціў яго белыя валасы. Іра ўсміхнулася, падумаўшы: «Тарас парыжэў ад гэтай рыжай. Сапраўды, адкуль яна ўзялася? — І тут жа ўспомніла: — А-а, Яраш расказваў пра „залатую сястру“, — і зноў хмыкнула: — Залатая!»

Можа, Іра нешта сказала б, але маці глянула на яе строга, папярэджваючы.

Валянціна Андрэеўна рабіла пірог, і рукі яе былі ў белым цесце, а правая скроня ў муцэ. Іра падумала, што і сівая мама будзе прыгожая. У яе расла непрыязь да гэтай рудой. Як незалежна яна трымае сябе на іх імправізаванай кухні! Як гаспадыня. А як размаўляе. Ад вайны і бацькі — да дроў:

— Тарас! Дровы вашы залішне сухія. Не трэба такі агонь. Усё папаліць. Знайдзіце сырэйшыя дровы.

Тады Іра нечакана для сябе самой прапанавала:

— Тарас! Хадзем купацца.

Але найбольшай нечаканасцю гэта было для Валянціны Андрэеўны. Маці што токам ударыла. Няўжо гэта сказала Іра? Тая Іра, якая чырванела і абуралася, калі пры ёй пачыналі размову пра каханне, хлопцаў-жаніхоў, замужжа. Малодшы Славік сваімі бесцырымоннымі жартамі часта даводзіў яе да слёз. А яна, Валянціна Андрэеўна, неаднойчы з болем гаварыла мужу:

«Боязна мне за Ірку. Нейкая яна замкнутая, нелюдзімая. Дваццаць год, а яна што дзіця. Баюся, не выйсці ёй замуж. Шчэ гэтая блізарукасць».

«Выйдзе», — адказваў аптыміст Шыковіч.

Жонка папракала:

«Не думаеш ты пра дзяцей».

«Калі мы абое пачнём гэтулькі думаць, як ты, замнога ўвагі ім будзе. Лепш навучы яе суп варыць».

Іра нават з імі, жанчынамі, не надта ахвотна хадзіла купацца. Больш адна. А пры мужчынах ніколі не скідала плацця, хоць мела самыя закрытыя купальнікі.

І раптам яна запрашае хлопца ісці купацца. Удваіх? Валянціна Андрэеўна проста аслупянела. Што здарылася? Што адбылося з яе Ірай?

— Я ўжо купаўся, — адказаў Тарас, адчуваючы няёмкасць ад такога запрашэння.

У гэты момант Галіна Адамаўна папрасіла яго схадзіць па ваду. Ваду для піцця і стравы бралі ў лясніцтве.

— Давайце я прынясу, — адгукнулася Іра.

Схапіла вёдры і пабегла. Рэдка яна праяўляла такую ахвоту да фізічнай працы. Маці, здзіўленая да ашаламлення, забыўшыся на ўсіх другіх, глядзела ёй услед. І раптам зіхнула думка: Іра, яе Іра закахана ў Тараса. Гэта так відавочна. Яна ўмела хаваць сваё каханне, пакуль яму нічога не пагражала. А ўбачыла гэтую рудую, адчула саперніцу… І знікла сарамлівасць, замкнутасць — усё, што дагэтуль вызначала яе характар. Валянціне Андрэеўне стала і радасна, і балюча, і боязна за дачку. Першае каханне. Першыя пакуты. А што ён, Тарас? Як ён адносіцца да Іры? Яна, маці, лічыла б за шчасце, каб такі хлапчына, разумны, стрыманы, разважлівы, пакахаў яе дачку. Чаму яна адкрыла Ірыніна каханне толькі сёння? Навошта з'явілася гэтая вогненная дзяўчына? Чаму Тарас тырчыць каля іх? Няхай бы сапраўды пайшоў на луг, купацца ці лавіць рыбу.

Іра прынесла ваду. Над быльнягом за паветкай пляснула з конаўкі на твар, выцерлася і далучылася да жанчын.

— Што мне рабіць, мама?

Што ёй рабіць? Ёй так захацелася рабіць, абы застацца тут. У Валянціны Андрэеўны сціснулася сэрца. Можа, упершыню яна адчула на поўную сілу, як няўмела выхоўвала сваіх дзяцей. Якую даць работу, каб Іра магла рабіць яе з такім жа ўменнем, спрытам, артыстычнасцю, як гэтая чужая дзяўчына, на першы позірк непрыгожая, а ў сапраўднасці элегантная, менавіта праз гэтае сваё высокае ўменне працаваць і трымацца?

— Хадзем дроў напілуем, — сказаў Іры Тарас.

— Дровы? — здзівілася яна, але тут жа згадзілася.

Валянціна Андрэеўна ведала, што не ўмее яе дачка пілаваць, бо ніколі ў жыцці не бралася за пілу. Але ўзрадавалася, што яна пайшла з Тарасам. Цяжка ёй, маці, глядзець і параўноўваць, як працуе Іра і гэтая залатая чарадзейка. На міг адступілі некуды захапленне і любаванне дзяўчынай і з'явілася раўнівая непрыязь да яе. Агіднае пачуццё. Ёй, настаўніцы, зрабілася сорамна за такое пачуццё. Не, яна павінна быць шчырай і аб'ектыўнай.

А другая жанчына — Галіна Адамаўна — у гэты момант думала:

«Няхай бы Тарас закахаўся ў гэтую рудую. Ён бы адгарадзіў яе ад Антона. Антон высакародны чалавек. Але ён слабы, як усе мужчыны. Калі ён прывёз яе, каб пазнаёміць з Тарасам, то, значыцца, нічога ў іх не было, яна добрая дзяўчына, і мне варта прылашчыць яе».

Паднялося над лесам сонца — і ўзняўся вецер. Зашумеў бор, як далёкі марскі прыбой. Знікала ранішняя дымка на небе, быццам вецер старанна працёр гэтае вялізнае блакітнае шкло. Не было душна, як некалькі апошніх дзён. Аднак сонца паліла няшчадна. Доўга чакалі рыбакоў снедаць. Яны не прыйшлі.

Снедалі пад дубамі.

Шыковіч прачнуўся з галаўным болем, не мог знайсці лязо для брытвы, хоць добра помніў, што прывозіў іх з горада, узлаваўся, бурчаў на жонку, на дачку. А ўбачыў Машу — і адразу падабрэў. Валянціне Андрэеўне, разважлівай, спакойнай, якая ніколі не раўнавала беспадстаўна, стала смешна і сумна. З іроніяй назірала за мужам, як ён заляцаецца да Машы, з трывогай — за Тарасам і Ірай. Каб толькі залатая чараўніца не падзейнічала так на хлопца, як на гэтага лысаватага рамантыка, яе мужа. Здаецца, Тарас вядзе сябе больш разумна, паважна, больш стрымана.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: