Шрифт:
Валянціна Андрэеўна насцярожана замерла: ніколі яшчэ сын не гаварыў пра такія сур'ёзныя рэчы. Няхай з гумарам, але з якім!.. Як вырываюцца праз гэты гумар злосць, абурэнне! Чым ён больш абураецца? Тым, што несправядліва пакаралі яго за п'яную балбатню? Ці тым, што над чалавецтвам вісіць страшэнная пагроза?
— Махаюць нада мной. Над табой! Над табой, мама. А ты хочаш, каб я быў у захапленні ад гэтага свету! Пляснуць у такую вось чароўную раніцу… — Ён нервова засмяяўся.
— Не будзь песімістам, Уладзіслаў, — сказала маці, расчараваная, што сын павярнуў не туды. — Ты ўсё пераблытаў. Сваю маленькую крыўду ты ўзнімаеш да праблемы, якая сапраўды хвалюе ўсё чалавецтва. Але і на гэтую страшную небяспеку ты глядзіш як індывідуаліст і песіміст!..
— Мама, не трэба мне маралі! — Ён кінуў відэлец, заціснуў далонямі вушы, потым правёў рукой па горле. — Я сыты вось так!
— Не, ты паслухай! Людзі змагаюцца і перамагаюць. Вайну. Страх. Голад. Дэспатызм, тупасць…
— Нічога гэтага людзі не перамаглі! Не цешце сябе!
— Няпраўда! — запярэчыла Іра. — Можа, не ўсё, але шмат што перамаглі.
— Перамаглі ў адной вайне, каб пачаць другую? Такую, у якой ужо не будзе ні пераможаных, ні пераможцаў. Застанецца адзін попел.
— Ты проста баязлівец! Панікёр! Ты заўсёды быў баязліўцам! — раздражнёна папракнула Іра.
— Вы самі баіцеся. Вы ўсе нервуецеся, калі пачуеце пра гэта. Усе, акрамя хіба мамы. Я ж чуў, як бацька і Яраш гавораць…
«Няўжо яны так часта гавораць пра гэта?» — падумала Маша. Сама яна нават рэдка думала пра такія высокія матэрыі. Не ўмела гаварыць пра іх, спрачацца. Ды і не было з кім. Сёстры і лекары гаварылі пра атамную вайну між іншым, і то больш з гумарам і ўсе аднолькава. Значна больш іх цікавіла тое, што звязана з жыццём, простым і няспынным, — кватэры, заробак, цэны, каханне, замужжа, дзеці. Маша не ўяўляла, што ёсць сем'і, у якіх вядуць вось такія спрэчкі. Ёй было цікава і дзіўна слухаць. Захацелася самой умяшацца і сказаць нешта значнае, разумнае. Але, дасціпная, знаходлівая ва ўсіх іншых спрэчках і гаворках, тут яна баялася, каб не сказаць глупства, не выдаць прымітыўнасць мыслення.
— Не, Слава, я таксама баюся, — адказала сыну Валянціна Андрэеўна, — баюся, можа, больш, чым усе. Але я веру ў чалавечы розум…
І тут Маша не стрымалася:
— Людзі не збіраюцца сябе хаваць. Людзі жывуць. І будуць жыць!
Проста, амаль наіўна. Але тыя націскі, якія яна зрабіла на «жывуць» і «будуць», надалі яе словам надзвычайную пераканальнасць. Нават Славік хутка ўзняў галаву, паглядзеў на дзяўчыну, усміхнуўся не скептычна — прасветлена, нібы ўбачыў выйсце.
Магчыма, што спрэчка ўсё адно яшчэ працягвалася б. Але выйшаў Шыковіч. Рушыў да іх.
Славік прыўзняўся з-за стала, адсалютаваў:
— Вітаю цябе, стары!
Бацька не адказаў. Валянціна Андрэеўна адчула, што ён кіпіць, і спалохалася; яна была пераканана, што любая грубасць у адносінах да сына пасля ўсяго, што ён перажыў і перадумаў, недаравальна, антыпедагагічна. Іра таксама насцярожылася. Але, відаць, прысутнасць Машы стрымала Шыковіча. Ён спытаў з сарказмам:
— Ну як, герой… нашага часу?
Славік засунуў рукі ў кішэні вузенькіх штаноў, бадзёра абышоў стол, наблізіўся да бацькі, як бы дэманструючы, што ён нічога не баіцца і што ўвогуле з бацькам у яго адносіны вось такія — панібрацкія.
— Ты ведаеш, творца, чартоўскі цікава. Для цябе асабліва. Каб ты пабачыў, якія там тыпы, то памёр бы ад смеху. А пасля папрасіў бы туды творчую камандзіроўку.
Засмяялася Іра. Усміхнулася Валянціна Андрэеўна. Шыковіч адказаў лагодна:
— Балбатун няшчасны. — І да жонкі: — У каго ён, такі чорт, удаўся?
— У цябе, бацька, — адказаў Славік. — Калі ў мяне будзе такая лысіна і такі жывоцік, я буду выліты Шыковіч-старэйшы.
— Калі з цябе выб'юць дурноту?
— Выб'юць!
Шыковіч нахмурыўся.
Маша падумала: як бы яна гаварыла са сваім бацькам? Ёй зрабілася сумна, і яна непрыкметна адышла за дубы, спусцілася да ручая…
Праз хвіліну Славік паклікаў яе:
— Маша!
10
Сябры Тараса — сябры яго брыгады — хоць і адчувалі сябе няёмка ў прысутнасці пісьменніка, дактароў, іх жонак, але, узбуджаныя ракой, лугам, купаннем і гульнёй, на пачатку абеду былі шумныя і вясёлыя. Бурна рэагавалі на тосты Шыковіча, на шчырыя дзіцячыя каментарыі Наташы, нават на недарэчныя жарты Славіка.
А калі выпілі і закусілі, то сціхлі, абмяклі. Дзіўная з'ява! Здарылася гэта таму, што хлопцы пілі вельмі стрымана — толькі віно і не асушвалі чаркі да дна. Было ў іх такое правіла. Не запісвалі яго ні ў якія абавязацельствы, але дамовіліся паміж сабой: аскетамі не будзем, аднак у любых абставінах, у любой кампаніі, на любым вяселлі кожны павінен помніць пра сваё высокае званне.
Славіку ўдалося глытнуць каньяку з бутэлькі яшчэ да таго, як селі за стол. Мабыць, бацька і маці здагадаліся пра гэта і цяпер пільна сачылі за ім. Хлопец увесь час адчуваў калючы, насцярожаны, папераджальны і пагрозлівы бацькаў позірк. «Стары конь», як ён у кампаніі сяброў часам называў бацьку, сядзеў як на старшыньскім месцы і добра бачыў увесь стол. Бутэлька з гарэлкай абмінула Славіка першы раз і другі. Сусед злева, доўгі, сутулы слесар-зборшчык, смешны на выгляд і са смешным спалучэннем імя і прозвішча — Генрых Варэнік, наліў яму яблычнага віна, якое хлопцы прывезлі з сабой. Славік выпіў, паморшчыўся, быццам воцату каўтнуў: