Шрифт:
Хутка святло вогнішча ледзь бачылася ўнізе — чырвоны праменьчык на далёкай чорнай падлозе. Яны ляцелі высока ў небе, уздымаючыся ўвесь час нібы па шырокіх кольцах гіганцкай спружыны. Палёт гэты Більба запомніў назаўсёды. Хобіт мат-ляўся, учапіўшыся ў гномавы шчыкалаткі, ды енчыў: «Мае рукі, рукі!» А Доры стагнаў: «Мае ногі, мае бедныя ногі!»
I ў лепшыя часы ў Більба ад вышыні круцілася галава. Яму рабілася дрэнна, нават калі ён глядзеў уніз з невялічкага адхону. I лесвіцы ён не любіў, і на дрэвы караскацца яму не даводзілася (і ад ваўкоў дагэтуль ніколі не ўцякаў). Так што можна ўявіць сабе, як цяпер круцілася яго галава! Ён матляўся, а ўнізе, далёка ўнізе (і проста пад ягонымі пяткамі), разаслалася цёмная зямля, дзе ў месяцовым святле час ад часу можна было заўважыць ці рачулку, ці падступны бок скалы.
Цьмяныя горныя пікі набліжаліся, залітыя белым святлом каменныя спічакі тырчэлі з чорных ценяў. Нягледзячы на лета, холад быў жудасны. Хобіт заплюшчыў вочы і запытаў сябе, ці доўга яшчэ ён пратрымаецца. Потым уявіў, што здарыцца, калі ён сарвецца. Яму зрабілася млосна.
Палёт скончыўся надта своечасова, бо Більбавы рукі ўжо зусім змярцвелі. Ён з вохканнем выпусціў гномавы шчыкалаткі ды плюхнуўся на цвёрдую й мулкую круглую платформу арлінага гняздоўя. Ляжаў Більба моўчкі, і ў галаве яго блыталіся здзіўленне ад раптоўнага выратавання з агню ды жах перад магчымасцю зваліцца ў глыбокія, змрочныя цені з кожнага боку пляцоўкі. Пасля жудасных прыгодаў апошніх трох дзён, ды яшчэ амаль на пусты страўнік, з галавой яго рабілася нешта дзіўнаватае. Ён знянацку для самога сябе зразумеў, што гаворыць уголас:
— Ну, цяпер я ведаю, што адчувае кавалак вяндліны, калі яго раптам відэльцам здымуць з патэльні ды вернуць на паліцу!
— Не, не ведаеш! — пачуў хобіт адказ Доры. — Таму што вяндліна разумее: раней ці пазней, а на патэльню ўсё роўна па-трапіць. Спадзяюся, з намі не так. I арол табе не відэлец!
— Не, не, зразумела! Зусім арол не лядзівец… вох, відэлец, я маю на ўвазе, — сказаў Більба, крыху ўзняўшыся ды зірнуўшы на арла, які прымасціўся непадалёк.
«Цікава, якую ж яшчэ бязглуздзіцу я нёс, — падумаў хобіт, — і ці пакрыўдзіўся арол?» Неразумна быть няветлівым з арлом, калі ты памерам з трусіка і забраўся ўначы ў арлінае гняздовішча.
Але арол толькі вастрыў дзюбу аб каменне ды папраўляў пер'е і ўвагі не звяртаў.
Праз нейкі час прыляцеў яшчэ адзін.
— Гаспадар загадвае табе прынесці палонных на Вялікую Паліцу! — пракрычаў ён і паляцеў прэч. Арол, які сядзеў на пляцоўцы, схапіў Доры ў кіпцюры ды панёс некуды ў цемру, пакінуўшы Більба ў самоце. Хобіту толькі і хапіла сілы, каб падзівіцца, што пасыльны арол меў на ўвазе пад «палоннымі». Адразу папаўзла думка: можа, раздзяруць на кавалкі ды зробяць вячэрай, калі надыдзе чарга?
Арол вярнуўся, схапіў Більба за вопратку на спіне і ўзняўся. Ляцець давялося нядоўга. Вельмі хутка Більба ўжо ляжаў і калаціўся са страху на шырокай пляцоўцы на схіле гары. Да яе немагчыма было дабрацца ні зверху, ні знізу, калі ты лётаць не здольны, і сцежачкі аніякай з яе не ішло — жадаеш уцячы, скачы з адхону! Адразу і ўсе сябры знайшліся: сядзелі, прыхіліўшыся спінамі да скалы. Гаспадар Арлоў таксама быў тут і размаўляў з Гэндальфам.
Падалося, што, у рэшце рэшт, ніхто нікога есці не збіраецца. Арліны ўладар і чараўнік, відавочна, ведалі адзін аднога, і нават размаўлялі па-сяброўску. Рэч у тым, што Гэндальф, які па справах сваіх даволі часта трапляў у горы, аднойчы дапамог арлам і вылечыў іх падстрэленага Уладара. Таму, як бачыце, «палонныя» значыла толькі «палонныя гоблінаў», і не больш затое. Більба прыслухаўся і пачаў разумець, што нарэшце атрымалася ў іх добра і цудоўна ўцячы з жудасных гор. Гэндальф абмяркоўваў з Уладаром, куды несці ўсю кампанію, і дзе пакінуць на раўнінах унізе.
Гаспадар не згаджаўся ляцець да якога б там ні было жытла людзей.
— Яны стрэляць па нас з вялізных лукаў, — казаў ён, — бо падумаюць, што мы прыляцелі па баранаў. Другі раз не памыляцца. Не! Нашкодзіць гоблінам мы заўсёды згодныя, і табе дапамагчы, але за гномаў мы жыццём на паўднёвых раўнінах рызыкаваць не жадаем.
— Добра! — сказаў Гэндальф. — У такім выпадку нясіце нас, куды здольныя! Мы і цяпер усё роўна шчыра ўдзячныя вам. Але, між іншьш трэба дадаць, што мы ледзь не паміраем з голаду.
— Я ўжо памёр, — сказаў Більба так ціхенька ды квёла, што ніхто і не пачуў.
— Ну, гэтаму можна дапамагчы, — сказаў Гаспадар Арлоў.
Крыху пазней на пляцоўцы запалала добрае яркае вогнішча, гномы мітусіліся вакол яго, гатуючы, і пах ішоў — ад зайдрасці памерці можна. Арлы прынеслі сухога вецця для вогнішча, зайцоў, трусікаў і нават невялікую авечку. Гномы ўсё зрабілі самі. Більба адчуваў сябе надта квёлым, і, наагул, дапамагчы здзіраць скуры або рэзаць мяса наўрад ці здолеў бы. Мяса яму звычайна прыносілі ўжо апрацаваным і гатовым для смажання. Гэндальф таксама толькі ляжаў ды адпачываў пасля таго, як дапамог гномам з вогнішчам, бо Ойн і Глойн свае скрыначкі з крамянямі ды крэсівам згубілі (а запалкі гномы, на жаль, яшчэ не вынайшлі…).
Так і скончылася прыгода ў Туманных Гарах. Хутка Більбаў страўнік адчуў сябе паўнюткш, а сам Більба — задаволеным і сонным, хоць, па праўдзе кажучы, лусту хлеба з маслам ён з'еў бы з большай ахвотай, чым засмажанае на прутах мяса. А спаў наш хобіт на мулкіх камянях значна глыбей ды здаравей, чым за ўвесь час дома на мяккай, утульнай, набітай пер'ем пярыне ў сваёй норцы. Але ўсю ноч ён марыў пра дом і ў сне бадзяўся з пакоя ў пакой, нешта шукаючы, і не мог ані знайсці, ані ўспомніць, што ж такое вышуквае.