Шрифт:
— Не, ты слухай… Не ведаю, як растлумачыць… Але я прадчувала сённяшні дзень… Мне здалося на хвіліну, што табе будзе лягчэй, калі ты будзеш успамінаць мяне з нянавісцю, а не з вечным болем… У той дзень я ўпершыню па-сапраўднаму пачула набліжэнне… Я думала, як мацней абразіць цябе…
Працягнула руку. Паклала яе на яго калена.
— Я зрабіла гэта. Але тут я ўбачыла твой твар. Бог ты мой, табе быццам нажом пад сэрца ўдарылі… Так бывае, калі паміраюць.
Павекі апусціліся.
— Я зразумела, што абразіла лепшае, што было ў мяне на зямлі… Але разумееш, я проста не верыла, што каханне можа быць і гэткім… Вось-вось, менавіта не верыла… А тут паверыла, адразу. I зразумела, што я нарабіла, што я толькі нарабіла… Пасля ўсяго, што было, такая хлуслівая здрада, такая няшчырая, дробна-жаночая подласць.
Ён нахіліўся і прыпаў ротам да яе вуснаў.
— Пацалуй мяне яшчэ, — сказала яна. — Яшчэ раз, любы. Ну вось, а цяпер слухай далей.
Перарывіста ўздыхнула:
— Я зразумела і вырашыла выкупіць усё. Мне каштавала вялікіх цяжкасцей удаваць з сябе цалкам здаровую. Ведаеш, сэрцабіцце, млоснасць. Але я прыкінулася, я ведала: іначай ён будзе шкадаваць мяне і не пакіне… Я пайшла дадому і сказала яму, што больш не магу, што канчаткова вырашыла — без гэтага кахання мне не жыць. Сказала, што пайду адсюль. Ён за апошні час усё дараваў мне. Ён баяўся страціць мяне.
Плечы яе здрыгануліся:
— Мне было вельмі шкада яго — усё ж многа і добрага было, — але я сказала, што гэта маё апошняе слова… Ён тады сказаў, ён сказаў гэта спакойна, але я ведала ўсю меру яго пакут. "Пераможаны, — сказаў ён, — што ўжо тут. Я, пэўна, паеду сам". — "Ідзі, - сказала я, — з табой больш нельга. Сумленне не дазваляе". — "Заставайся тут, калі хочаш". — "Не, ён не захоча". — "Добра, тады я дачакаюся, пакуль ён не забярэ цябе з сабою". I ён паехаў апоўдні.
— Ён мужны чалавек, — сказаў Андрэй.
— А вечарам мяне скруціла, — сказала яна.
— Куды ён паехаў?
— Паехаў на Памор'е. У Архангельск. Кiжы. Ён не ведае, што са мной.
Андрэй вагаўся:
— А можа?..
— I не трэба, каб ведаў, - нечакана цвёрда сказала яна. — Не трэба, каб ведаў.
Вусны яе задрыжалі:
— Хіба не ты мой муж?
Гладзіла яго руку:
— Я хачу хоць памерцi пры табе, бедны хлопчык.
Вочы Андрэя сталі разгублена-дзікімі.
— Пакінь, — сказаў ён. — Я цябе вырву… я не дам.
— Што не дасі, - сказала яна, — тут ужо і з войскам не вырвеш. Пройдзе праз яго і возьме, калі ўжо суджана так.
— Маўчы, — сказаў ён, — я хачу, каб ты жыла. Мне без цябе будзе вельмі дрэнна. Мне без цябе нельга.
— Сапраўды так? — быццам здзіўлена спытала яна.
— Сапраўды, — сказаў ён. — Для мяне зараз добры снег толькі таму, што яго можна стрэсваць на цябе. Месяц толькі таму, што — памятаеш? — ехалі з Загорска і ты была поруч, а месяц, як на вадзе, праклаў на лёдзе сцежку, і былі вербы, і беглі пад імі цені… Нашто я сабе, калі цябе няма поруч?.Нашто мне рукі, калі я не магу абдымаць цябе? Нашто вочы, калі не магу імі глядзець у твае вочы?
Ён казаў гэта, не чуючы сам уласных слоў, не ведаючы іхняга сэнсу:
— Хохлік мой з ліхтарыкам, птушка мая сініца, агеньчык мой у ледзяную ноч, заяц мой.
Яна слухала моўчкі, з закрытымі вачыма. Потым сказала ледзь чутна:
— Добра. Відаць, тады трэба біцца. Тут ужо нічога не зробіш. Трэба.
I дадала:
— Заўтра пойдзеш у інстытут грудной хірургіі. Пастарайся неяк, можа, нават паглядзець на аперацыю на сэрцы. Скажаш потым, згодзен ці не.
— А твой стан як?
— Ты ж ведаеш, гэты асколак зарубцаваўся ў капсулу. Працэс ідзе далей. Парушэнне праводнасці — сэрцабіцце, мленне.
— Тады я кажу адразу. Аперацыя.
— I ўсё ж не спяшайся. Схадзі заўтра.
— Сёння, — сказаў Андрэй, — скора пачне днець. Зараз.
— Транспарт не ходзіць.
— Дайду пехатою. А ты спі. Табе трэба спаць.
Ён казаў гэта назнарок уладна. Трэба было пераканаць яе ў тым, што ўсё будзе добра. Чужая моцная воля павінна была зрабіць гэта. Яго, Андрэя, воля.
— Я сапраўды, бадай, засну, — сказала яна. — Я спакойная зараз.
Пацалаваўшы яе, Андрэй выйшаў. Ганна цягнула ад дзвярэй чорнага сабаку.
— Непакоіцца, — сказала яна. — Так і ладзіць вырвацца да яе дзвярэй.
— Сябра ў няшчасці, - сумна ўсміхнуўся Андрэй. — Што, гэта сапраўды можа скончыцца кепска, Ганна?
— Гэта можа скончыцца вельмі кепска, — проста сказала яна, і ў вачах яе Андрэй пабачыў слёзы.
— Ну-ну, — сказаў ён. — Не трэба. I вось яшчэ што, Ганна. Я буду ў клініцы, мне не будзе часу. Пазваніце Вайвадсу. Ён будзе поруч, калі што спатрэбіцца.
Ён выйшаў на вуліцу, напоеную свежым водарам майскай раніцы. Вуліцы былі пустыя. Толькі рэдкія дворнікі шоргалі мётламі па асфальце.