Шрифт:
— Янка, — сказаў ён, сядаючы на чамадан, — не шматуй ты майго сэрца. Ну што? Табе ж яшчэ месяц у Маскве. Потым цябе чакае жонка. Сын. Каб не гэта ўсё — я адразу, нават без адзінага слова, узяў бы цябе з сабою.
Яніс маўчаў. Толькі таўставатыя добрыя вусны часам уздрыгвалі. I тады Андрэй, адчуваючы, што ён зараз не вытрымае, сказаў:
— Згода. Калі табе немагчыма без мяне — прабудзь гэты месяц у Маскве, на ліпень і жнівень з'ездзі ў Рыгу, пажыві з жонкай недзе ў Дубалтах, а потым на ўсю восень прыязджай да мяне. Прабач, але мне хаця да восені трэба пабыць аднаму. Маім "банкірам" будзе Якуб Каптур. Я ведаю, зараз табе цяжкавата. Ён зробіць, каб ты даехаў да мяне. Уладкуем цябе як журналіста на той карабель, дзе буду я. Будзем плаваць разам… Курыльскія астравы, мора, вулканы на берагах. Памятаеш Кіплінга?
Пулею и решеткой подкрепленный закон Москвы:
Котиков на Командорских трогать не смеете вы.
А потым, восенню, там такія ясныя дні. А калі прыйдзе позняя восень, тады пачнуцца ўраганы, сівыя хвалі, лёд на робах… Ты прабудзеш са мною ўсю восень.
Яніс ужо ўсміхаўся, зачараваны, зусім як дзіця, якому расказваюць казку. I тады Андрэй дастаў з апусцелай шафы кетавы балык, хлеб, бутэльку «Белавежскай» і сказаў:
— А цяпер паслухай, што я прыдумаў. Наш з табою будучы дом. Мы пабудуем яго калісь, а пакуль не будзем вельмі бавіцца. Мора і вецер, і да д'ябла падалы хлуслівых жанчын.
…Яны правялі гэты апошні вечар у гарачай і шчырай бяседзе аб усім. Гэта называлася ў іх: "паплакаць аб лёсе латышскіх стралкоў". Потым Яніс пайшоў. Андрэй умацоўваў ручку чамадана дротам, калі зноў прыйшла вахцёрша, сівая старая жанчына:
— Нейкая дзяўчына звоніць вам па тэлефоне.
— Скажыце, калі ласка, што я ні з кім не жадаю размаўляць.
— Як жа гэта, Андруша?
Андрэй устаў і абняў яе:
— Так, Мацвееўна. Проста так… Голас хаця спакойны?
— Вельмі. Кажа, што хоча пабалбатаць.
— Ну вось… Таму і не трэба… Не трэба, Мацвееўна. Вы былі добрыя да мяне…
— Дык так і сказаць?
— Ведаеце што… Не трэба казаць, што я не хачу… Гэта, пэўна, Галіна Іванаўна або Ганна… Скажыце, што мяне няма.
Старая пайшла. Андрэй лёг у ложак і выключыў святло.
…Апошняя ноч у гэтым пакоі яго пакут. Заўтра дарога. Які ён гулкі, гэты пусты пакой. Як бягуць часам па яго аскетычна голых сценах адбіткі святла.
I раптам навалілася. Раптам у цішыні і цемры ў яго сэрцы выбухнула такая вострая цяга да яе, такая туга, што ён застагнаў. Абдымаючы падушку, ён калаціўся ад усведамлення, што нічога не прайшло, што гнеў яго дарэмны, што ён не забыў і нічога не здолее забыць.
Яго калаціла гадзіны дзве, а потым ён праваліўся ў сон.
…Перакулены ўніз купаламі, калыхаўся ў вадзе бязважка-белы адбітак Пакрава на Нерлі. Вада рабіла яго асабліва выцягнутым і стройным… Дзіўна, але сухая бяроза, якую яны тады бачылі, зараз аджыла і зазелянела клейкімі, вясёлымі лісцікамі.
…Ірыны не было поруч, і ўсё ж яна была тут. Гэта яе подыхі варушылі траву, гэта яе рука, а не ветрык, дакраналася да яго валасоў. Яна была паўсюль: у нейкім асабліва высокім небе з рэдкімі, сляпуча-срэбнымі аблокамі, у вільготнай, раскошна-прахалоднай лотаці. Яна была тут, але не было як дакрануцца да яе.
Нехта ішоў наперадзе, наводдаль. Ён плыў, не дакранаючыся да травы, і дазволіў Андрэю амаль дагнаць сябе.
Андрэй ведаў, хто гэта, і не здзіўляўся таму, што ведае. Гэта быў маладзенькі княжыч, што загінуў тут на паляванні. Вузкі, вельмі худзенькі і вузкі, з акварэльна-празрыстым румянцам на шчоках і легкімі, як залаты пыл, доўгімі валасамі, ён сумна ўсміхаўся Андрэю. На ім быў срэбны з блакітным каптан і блакітныя саф'янавыя чаравічкі. Лёгкі-лёгкі і сумны-сумны княжыч з сокалам на плячы.
— Хадзем, — сказаў ён, паказваючы на царкву, — там вас чакаюць, за вас прасіў я, бо вы пакахалі тут.
— Але дзе ж яна?
— Тут, поруч з табою. Бачыш, варушыцца трава. Яна заўсёды будзе поруч з табою. Вось так.
— Але чаму, чаму яна не з'явiцца?
Княжыч сумна схіліў галаву. Андрэй адчуў, што рыданні пашыраюць ягонае горла.
— А потым куды? Дзе мы будзем з ёю?
— Бачыш, вясёлка?
Сапраўды, вясёлка стаяла над зямлёю, апёршыся пятою ў ваду.
— Хіба мала месца паўсюль, — сказаў княжыч. — Да сонца, да ясных зораў у карагод. За рэкі светлыя, за нетры — лясы.
— Я не знайду яе, не знайду.
Княжыч паплыў, усё аддаляючыся. Плыў і клікаў Андрэя рукой… Чорны парыў вятрыска прабег па лугах. Пачало насоўвацца нізкае сталёвае неба… Не было ўжо нічога, і ён не ведаў, лугі гэта або цясніны вуліц… Ён адчуваў, што гэта нешта цяжкае, гнятучае. Ён адчуваў.
I раптам ціхі пагрозлівы голас аддаўся ў пакоі:
— Рэмбрант, уставай…
У першы раз гэта сказалі, як быццам сталёвыя хмары над прывідам Нерлі. I зноў аддаўся голас:
— Рэмбрант, уставай. Твая Саскiя памiрае.