Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Бадай што, ваша праўда, — сказала яна. — Я была зусім разбітая, але вы сваёй мужнасцю далі мужнасць і мне. Я ведаю, што мне рабіць.

— Куды вы зараз?

— У Вільню. Да Мураўёва, Я даб'юся ў яго аўдыенцыі і не пабаюся сказаць яму, што я думаю аб яго паводзінах.

— Гэта вельмі небяспечна. А вы яшчэ такая маладая, і для вас не цяпер, не зараз, але магчыма шчасце.

Нясцерпны жаль і немае замілаванне ахапілі душу Горава, калі яна ўзяла яго руку ў свае.

— Я ведаю, ёсць многа добрых людзей, — сказала яна, — людзей з усеабдымным, з чалавечым сэрцам. Такіх, як вы. Але што я магу зрабіць, калі мне ўсё жыццё будуць трызніцца тыя дзесяць хвілін, на якія я спазнілася. Калі для сэрца чалавечага няма і не будзе забыцця… Дарагі мой чалавек. Я ведаю — у мяне ўсё канфіскуюць. Мяне, хутчэй за ўсё, чакае Сібір.

Яна схіліла галаву, а потым, праз імгненне, ускінула на Горава цёмныя вочы.

— Але мне лягчэй. Людзі заўсёды людзі. Людзі паўсюль людзі… Дай вам бог шчасця за добрае сэрца. Шчасця з невядомай мне рускай жанчынай, такой самай добрай, як вы.

— Не трэба, пані, - сказаў Гораў.

— Маўчыце, — сказала яна амаль сурова. — Чым я магу аддзякаваць за ўсё? Толькі словам. Дай вам бог шчасця. I вам, і дзецям, і ўсім нашчадкам вашым. Дай бог, каб мае ўнукі ніколі не варагавалі з вашымі.

— Рушай, — сказала яна фурману пасля хвіліны цяжкага маўчання. — Бывайце, дарагі.

— Бывайце.

Брычка павольна пакацілася па дарозе. Гораў хацеў было ўжо саскочыць з прыступкі, але яна ўзяла доўгімі далонямі яго галаву і прыцягнула яе да сябе на грудзі. Пацалавала ў высокі лоб.

Ён нахіліўся і прыпаў вуснамі да бязвольнага сугіба ля кісці яе рукі.

– Ідзіце… Ідзіце, — шэптам сказала яна.

Споўнены гаротным неўразуменнем, бунтуючы ўсім сэрцам супраць сляпой сілы, якая няўмольна разлучае людзей, Гораў скочыў з прыступкі. Брычка пакацілася хутчэй.

Бясконцыя лугі ляжалі вакол.

А ён стаяў і глядзеў, як брычка, зрабіўшыся цёмнай кропкай, знікала недзе пад чорнымі хмарамі, ад якіх цягнуліся да зямлі шэрыя і напаўпразрыстыя завесы дажджу,

Так скончылася гэта гісторыя. Ураган размёў чалавечыя існаванні і не дазволіў сустрэцца зноў. Паўстанне грымела, усё далей адсоўваючыся на захад, а ў Прыдняпроўі настала ўжо «заспакаенне» і "ўціхаміранне".

I тады да Горава пачалі прыглядацца. Смерць Пора-Леановіча некаторым здалася падазронай. Доказаў не было і не магло быць. I ўсё ж агульнае падазрэнне было такім, што Гораў хутка быў вымушаны падаць у адстаўку.

Незадоўга да гэтай знамянальнай падзеі яго, памятаючы бой пад Ракавам, узнагародзілі медалём "За ўціхаміранне"… Медаль ён не насіў.

I пайшло далейшае жыццё, такое, як ва ўсіх. Жаніцьба. Масква. Усё тое, аб чым ён марыў за дзень да падзей на пароме.

Няскора ён зразумеў, што паром і жахлівая вераб'іная ноч былі водападзелам яго жыцця, што ўся плынь яго існавання і думак пацякла з той ночы ў зусім іншым напрамку. А калі зразумеў, - агарнула туга.

Яна прыходзіла нячаста, чамусьці часцей за ўсё ў дажджлівыя асеннія ночы. I тады ў вачах паўставаў далёкі край бязлюддзя, крыжы на ростанях, павалены лес паабапал дарог і імклівая быстрыня Дняпра з лядаштым паромам ля адхону,

Ён быў шчаслівы, але чамусьці ў непатольнай цемры начэй усё часцей успамінаў кнігавак над лугамі, шэрыя завесы дажджу і рукі з доўгімі пальцамі, рукі, што сціскалі яго скроні, рукі той, якая знікла, каб ніколі больш не сустрэцца з ім.

У неасэнсаваным жаданні ажывіць гэтыя і без таго жывыя ўспаміны, вярнуць страшны, самы лепшы час свайго жыцця, ён імкнуўся да мінулага, настойліва ўваскрашаў яго, аж да ліслівага дакранання мокрага ліста вяргіні.

Позняй восенню ўспаміны з прыемна-балючых ставалі нясцерпнымі. I тады, каб хоць трошкі перажыць неадольныя чары той зямлі, якая ляжыць недзе і кліча прызыўным клічам, што нельга згасіць у сэрцы, — Гораў браў паляўнічую стрэльбу і знікаў з Масквы. Усё адно куды. Толькі б далей, толькі б стаялі вакол голыя цёмныя лясы, толькі б у свісце ветру чуўся водгук той навальніцы, якая шматавала чорныя вольхі над паромам.

Шаснаццатага лістапада тысяча восемсот шэсцьдзесят шостага года, падчас адной з такіх уцечак, ён, трохі паблукаўшы балотамі, ішоў начным лесам з палявання. Два забітыя цецерукі абцяжарвалі бок, ногі ў балотных ботах спружынілі на налітых вадою мхах.

Нетры скончыліся раптоўна. За ўзлескам ляжалі купіны імшараў, за імі зноў цямнела лясная сцяна. Над галявінаю свяцілі высокія і яскравыя асеннія зоры. I, як заўсёды на самоце пад асеннімі зорамі, душу агарнула шкадаванне аб страчаным і пачуццё закінутасці і безабароннасці.

І вось гэты паўночны Яраслаўскі край здаўся вельмі падобным на тую, таксама закінутую ў балотах краіну, дзе зараз, пэўна, дажывае на беразе струхлелы паром, дзе калісьці вусны далёкай і незваротнай дакрануліся на хвіліну да яго валасоў.

Гораў стаяў, прыхіліўшыся спіною да замшэлай сасны. Павекі яго, што раптам зрабіліся цяжкімі, прыгашвалі халоднае мільгаценне зорак.

Ноч плыла над балотамi.

I раптам у гэтай начы, аднекуль з зеніту, пакаціліся тысячы хуткіх зеленаватых знічак.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: