Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Паром торкнуўся ў бераг, і адразу лаза на беразе, якая дагэтуль плыла перад вачыма, спынілася, замерла.

Салдаты з вясёлым гоманам пацягнулі на ўзвоз чорны мораны дуб, прывезены на паліва.

Капітан уздыхнуў. Яму на хвіліну стала зайздросна. Быць такім шчыра вясёлым, такім неўтаймавана жыццярадасным — гэтага ён не мог, для гэтага трэба было быць істотай іншай пароды.

Усё тое ж самае. Трохі не месяц вочы бачаць той самы абрыдлы кардон, хатку паромшчыка, у якой філасофствуе за гарэлкай Пора-Леановіч, адрыну і вялізную стайню, дзе размясціліся салдаты, паласатую будку вартавога, асклізлы паромны канат.

Адзін паратунак — Дняпро. Ды і той ляжыць зараз пад свінцова-цяжкімі промнямі сонца, трывожны і немы.

А ў Маскве зараз цішыня. Масква толькі пачынае ажываць. Пусцеюць дачы і маёнткі. На ліпах Няскучнага саду першыя жоўтыя лісцікі; з багатых, па-асенняму, рынкаў даносіць пахам "валовых мордачак" (улюбёныя яблыкі маменькі). Маменька, пэўна, паехала зараз у манастыр маліцца за здравіе воіна Юрыя і за дараванне яму веры. Едзе паўз Круціцкае падвор'е ў сваім нехлямяжым, падобным на гарбуз вазку. Фурман Сідар з вялізным — на трох — задам крычыць на сустрэчных страшным голасам: "Адыдзі, сцеражыся!" А ў блакітным небе сляпуча блішчаць купалы сабораў, і плыве бязважкі контур Круціцкага церамка.

А вось і сам ён, Юрый, выходзіць з парадных дзвярэй, праходзіць дарожкай пад ліпамі, з насалодаю дыхаючы празрыстым і ўжо схаладнелым паветрам. Ванька ў армяку з дзіркай пад пахай трасецца на козлах.

— Гэй, Ванька!

I вось ляціць, ляціць вазок. Спачатку па Цвярской, потым бульварам, потым на Арбат. I лікуе, захлынаецца ў грудзях ад радасці сэрца. Так, вайна скончана, вайны ніколі больш не будзе. I ліпы! I Арбат! I цудоўныя асабнячкі… I Nadine ўстае яму насустрач у сваёй белай сукенцы…

— Гэта вы? Божа мой, як я рада!

I зноў — занадта паспешліва-апускае да вышывання нявінныя, цёмна-сінія, дзівосныя вочы. Што з таго, што яны толькі двойчы абмяняліся парай нязначных слоў, што яны амаль незнаёмыя. Усё адно гэта Масква, і сонца, і дзень без крыві і стрэлаў. I Масква гэта, і ёсць Nadine, Надзенька, Надзейка, як кажуць тут. Што з таго, што ён цэлы год не бачыў яе, што яны малазнаёмыя. Вось ён бачыць яе валасы колеру ржавых кляновых лісцяў, такія пушыстыя, мяккія, лягусенькія, падзеленыя белым радком, яе рот з прыпухлай ніжняй губкай.

— Надзенька, каб вы толькі ведалі, як я сумаваў па вас, як нясцерпна мне было без вас на гэтай зямлі, што стаптана капытамі конных палкоў.

Яна ўсміхаецца. I цішыня. Недзе ўдарыў і змоўк у шкляным паветры далёкі звон. Шчасце! Масква! I цішыня, цішыня. ў шатах ліп. Цішыня.

Стрэл.

Гораў ад неспадзяванасці спатыкнуўся аб корань, які — д'ябал ведае нашто — выпер акурат на дарозе. I адразу пачуў за плотам распанелы грудны голас.

— Сымон, давай карту.

Вернуты стрэлам і гэтым голасам на зямлю, Юрый глыбока і цяжка ўздыхнуў і амаль з нянавісцю агледзеў страшны ў чаканні невядомага Дняпро.

Бровы маладога чалавека задрыжалі. Але ўжо ў наступны момант ён справіўся — нездарма яго паважалі за шалёную храбрасць, хоць толькі ён ведаў, як цяжка яна яму даставалася, — і цвёрдай хадою накіраваўся ў двор, гэты сумны двор, выбіты, як ток, акружаны паламаным плотам.

Сярод двара, тварам да забітай брамы, стаялі два чалавекі: салдат-дзяншчык і афіцэр. Салдат трымаў скрынку з пісталетамі і калоду карт. Афіцэр браў са скрынкі пісталеты і, не цэлячыся, страляў у браму, у маленькі белы чатырохкутнічак, прыбіты да шулы.

Афiцэр стрэлiў апошнi раз i павярнуўся:

— А-а, камрад… Да зброі, вісусы-гусары…

Горава ў які ўжо раз уразіў яго сухі прыгожы твар, белыя валасы і бакенбарды і, галоўнае, страшнаватыя блакітныя вочы з выразам пустаты і пагарды да ўсяго. I яшчэ рэзкі шнар паўз брыво і левую скронь.

Калі пры першай сустрэчы ён запытаўся ў Пора-Леановіча наконт паходжання гэтай адмеціны, той неахвотна буркнуў:

— Шпагаю тут адзін… падурэў. Штафедрон.

— Ну і што? — спытаў тады Гораў.

— Паспадзяваўся занадта на французскую школу, — з жахлівай іроніяй сказаў Леановіч, — у славутага, бачыце, Мерсье вучыўся.

Гораў ведаў, што чалавек, з якім звёў яго лёс, карыстаецца славаю першага ў палку — і не толькі ў палку — брэцёра, што ён ужывае толькі дуэльныя пісталеты, але за такім заняткам, як сёння, заставаў Леановіча ўпершыню.

— Руку набіваў, - сказаў Пора-Леановіч з паблажлівай ласкавасцю, — адвучвацца нельга.

Сымон, быццам жадаючы пахваліцца поспехамі пана, аддзёр ад шулы карту і здалёк паказаў яе Юрыю.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: