Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

"Адкуль гэта, — падумаў Гораў, - ад арыстакратызму? Наўрад ці. Яна, відаць, такі самы арыстакрат, як я. Праста чалавек духу і думкі. А ўладнасць — як гэта я не здагадаўся? — проста таму, што мужчыны не могуць не быць рабамі перад такой жанчынай.

I ён адчуў, што каб не мундзiр, каб не вайна, — ён, можа, i сам стаў бы яе рабом. I нёс бы гэтае рабства нават з прыемнасцю.

На цёмна-русых валасах жанчыны, над лобам, вясёлкава блішчалі малюсенькія кроплі вады. I быў гэта твар, у якім было нешта дзіцячае і безабароннае пры ўсёй даросласці.

Леановіч уздыхнуў і апусціў твар у далоні. Гораву здалося, што плечы капітана калоцяцца ад прытоенага смеху. Але, калі Леановіч узняў вочы, твар яго быў сур'ёзны.

— На той бераг, калi ласка, — сказала жанчына.

Леановіч глянуў на гадзіннік. Было адзінаццаць гадзін ночы.

— Сядайце, піце чай, — спакойна сказаў Пора-Леановіч. — Сымон, фурману шклянку гарэлкі. Коней — выцерці.

— Дзякуй вам на добрым слове, але я не магу, — сказала яна.

— Падпарадкуйцеся, калі ласка, — ветліва, але цвёрда сказаў Леановіч.

Жанчына прыўзняла на яго вочы, быццам здзіўленая гэтай нечаканай цвёрдасцю, Але ўсё ж падпарадкавалася, села

Гораў паспешліва згроб разам з абрусам рэшткі вячэры і выпіўкі. Адной рукой. Правая вісела на перавязі. Яна зусім загаілася, але не магла доўгі час вісець усцяж цела, зацякала.

Увесь гэты час жанчына безуважліва глядзела ў акно. I нават потым, калі пілі чай, не дакранулася да ежы, нягледзячы на ўсе ўгаворы Леановіча. Толькі пагрэла рукі аб шклянку і адпіла некалькі глыткоў. Леановіч павольна і з відавочнай насалодаю хлябтаў бурую ад заваркі вадкасць.

Калі Сымон прыбраў са стала, капітан зручна сеў, прыхіліўшыся спіною да сцяны, і, спытаўшы дазволу, закурыў.

— Дык у чым справа, пані?

— На той бераг. Я вельмі спяшаюся, — усхвалявана сказала яна. — За ўсю дарогу я толькі тут на цэлую гадзіну затрымалася.

— Давядзецца чакаць да раніцы, — спакойна сказаў Леановіч.

— Чаму?

— Вось загад генерала Фікельмонта ўначы абараняць паром, не падпушчаць чужых людзей. Тым больш цывільных… Пераначуйце тут. Пакой мы аддамо вам.

— Мне нельга.

— Вельмі шкадую, пані. Загад Фікельмонта. Ваенны час, пані. Інсургенты…

— Я не інсургент. Я толькі жанчына, маці.

— Захварэла дзіця? — пацікавіўся Пора-Леановіч.

— Не. Я спяшаюся да мужа.

— Шкадую, пані, але дапамагчы не магу. Палявы суд — непрыемная штука. I ёсць загад Фікельмонта, — як малому дзіцяці, добразычліва тлумачыў Леановіч.

— У мяне таксама загад. Яго сіяцельства. Прачытайце.

Ніхто не папрасіў назваць прозвішча. У гэты час на Беларусі было толькі адно "сіяцельства", падпарадкоўваючыся волі якога рухаліся палкі, ганцы заганялі да смерці коней, людзі мучылі людзей.

— Так, загад Мураўёва, — сцвярджальна сказаў Леановіч, гледзячы на паперу.

Гораву здалося, што выгляд у Леановіча не вельмі здзіўлены.

— Ого, — з удаванай уважлівасцю сказаў Леановіч, — дык вы жонка Усяслава Грынкевіча. Таго?

— Так, — сказала жанчына, сыходзячы да чагосьці, падобнага на просьбу, — вы ж бачыце, што я вязу памілаванне. Будзьце літасцівы.

Твар яе аж ззяў.

— Замянілі пажыццёвай катаргай. Гэта такое шчасце! Такое…

Яна ўпершыню ўсміхнулася. Не было нічога прыгажэйшага за гэту ўсмешку.

— Мужу варта было б думаць раней, — суха сказаў Леановіч. — Замест саламянай падушкі ён абдымаў бы зараз адну з самых прыгожых жанчын, якіх мне даводзілася бачыць.

Жанчына ўспыхнула, але стрымалася:

— Я ўсё гэта разумею. Але зразумейце і вы. Ён будзе жывы. Толькі на той бок — і праз гадзіну я там… I ён жывы.

Леановіч маўчаў, нешта абдумваючы. Зірнуў на гадзіннік. Машынальна глянуў і Гораў. Дванаццаць гадзін. Быццам у адказ праз рык навальніцы данесліся далёкія глухія ўдары саборнай званіцы горада.

— I яшчэ адна прычына, — сказаў нарэшце Леановіч. — Вераб'іная ноч. Рака ўсхадзілася. Можна патапіць паром. I вас. I людзей.

— Зразумейце, яго кожную хвіліну могуць забіць.

Гораў бачыў: яшчэ дзесяць хвілін такога катавання, і жанчына можа заплакаць. Усе другія на яе месцы плакалі б ужо.

Пора-Леановіч, усё з тым самым выразам дагаджэння на сухім прыгожым твары, накінуў на плечы жанчыне плашч.

— Выйдзем, пані… Гораў, хадзем з намі.

Дождж на дварэ пачынаў сціхаць, затое ўзняўся і абяцаў зрабіцца яшчэ больш моцным нізавы вецер. Калі яны, з цяжкасцю пераадольваючы яго імпэтныя парывы, выйшлі на адхон, — іхнім вачам адкрылася жудаснае відовішча.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: