Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Яна падпарадкавалася, і Гораў, адчуваючы, што зараз можа адбыцца нешта жахлівае, пайшоў за імі ў пакой, зноў убачыў змучаны, без крывінкі твар.

— Майце літасць…

I раптоўна ўся сіла гэтай натуры, уся яе палкая страснасць выбухнула парывам гора.

— Няўжо ў вас не было кахання… хоць маленькiх успамiнаў? Яшчэ тры гады таму ён быў толькi маiм жанiхом! Разумееце вы, цi ў вас лядзяш замест сэрца?! Быў май, i мы гулялi ў гарыпнi… Такi смех быў над паплавамi… А зараз ён заўчасна сiвы, змучаны. Яму нельга!..

— Пані, усё гэта дарэмна, — ветліва сказаў Леановіч.

I гэтыя словы вярнулі яе да прытомнасці.

— А-а-х-х вы! Што вы варты? — з невымоўнай пагардай сказала яна. — Фрунт забіў вашу душу. Вы не разумееце нават, што ён не за сябе, што ён за народ, за вас, за гэтых бедных людзей. Ён не дзеля грошай, не дзеля ўлады. Ён… каб народ быў вольны. Гэта і ваш народ, пан капітан. Воля патрэбна ўсім двухногім. А нам, беларусам, рускім, палякам, — больш за ўсіх. Бо мы штодня без яе паміраем у пакутах.

Твар Леановіча скрывіўся нейкай жудаснай грымасай:

— Пані, я адпраўлю вас не на другі бераг, а з аказіяй у Магілёў, калі пачую яшчэ хоць слова ў гэтым стылі.

Жанчына моўчкі пахітала галавой:

— Якi ж вы нiзкi чалавек.

Ляснулі за ёю дзверы бакоўкі.

— М-гух, сука, — сказаў Пора-Леановiч.

Гораў праглынуў камяк у горле і ціха сказаў:

— Леановіч, гэта брыдка.

Але на вуснах начальніка кардона зноў з'явілася прыязная і страшнаватая ўсмешка.

— Капітан, — сказаў ён, — гэта, здаецца, вас прыставілі наглядаць за мною, а не мяне за вамі. Мне здаецца, яны зрабілі дрэнны выбар.

Гораў аслупянеў. Ён ніколі не ведаў, ніколі нават не мог падумаць, што на яго можа ўпасці такое падазрэнне. Ён стаяў, моўчкі хапаючы ротам паветра. Бялявыя хвалістыя валасы прыліплі да спацелага лоба, глыбокія сінія вочы сталі жаласнымі.

Быццам атрымаўшы ўдар пад грудзі, ён з хвіліну моўчкі хапаў ротам паветра, а потым кінуўся прэч з пакоя.

Стоячы за рогам хаты, адчуваючы, як мокры ліст высокай вяргіні часам гладзіць яго па шчацэ, ён у думках пагражаў Леановічу самымі жахлівымі помстамі і ў той самы час ведаў, што нічога ён яму не зробіць, што гэты брэцёр з халоднымі вачыма робіць правільна, затрымліваючы жанчыну да раніцы, што на баку гэтага чалавека — права, права вайны, якой яны абодва служаць.

"Што ж, нічога не здарйцца дрэннага. Адна ноч. I раніцай яна сустрэне мужа. Ім дадуць спатканне, — думаў ён. — За што ж я злуюся на Леановіча, які шчыра выконвае загад?.. За тое, што ён свіння. Чаму?.. Ага, проста нельга адбіраць у гэтай жанчыны тых некалькі лішніх гадзін, што яна будзе з мужам перад тым, як… навекі, назаўсёды, хоць ён і будзе жывы".

Мокры ліст вяргіні зноў з ліслівай абыякавасцю пагладзіў яму шчаку.

"Але чаму "навекі"? Чаму "назаўсёды"? — думаў Юрый. — Ён пасядзіць год пяць, а потым, вядома, будзе амністыя… Цар міласэрны… Дрэнны чалавек не адпусціў бы на волю прыгонных… I ўсё ж, гэта жахліва… Нават пяць год. У жанчын такая мімалётная прыгажосць! Што будзе з яе вачыма, з гэтай гордай шыяй, з гэтымі валасамі праз пяць год? Шкада жанчын, шкада іх дзіцячай безабароннасці… Толькі яе… А Леановіч робіць так, як трэба. Ён добры салдат, Леановіч, а я дрэнны… дрэнны".

I ўсё ж Гораў адчуваў, што ён ніколі не даруе сабе гэтай ночы, гэтых разважанняў за рогам хаты. Ён са злосцю адкінуў рукою мокрае сцябло вяргіні і ступіў у пляму святла, што падала з акна хаты на гразь.

Было дваццаць хвілін на трэцюю.

Ля плота, непадалёк, стаяў Іван, трымаючы нешта за пазухай.

Гораў глыбока ўздыхнуў — нясцерпна было вось так, аднаму, стаяць у цемры — і падышоў да яго. Салдат трымаў за пазухай адну руку. На яго цёмным твары блішчалі вочы пад кашлатымі бровамі.

— Што гэта ў цябе?

— А галчаняткі… бедныя. Познія, — сіпатым голасам сказаў Іван. — Гняздо раскатала. Жорсткая штука ўраган, барын. Дзе хавацца? На якой зямлі?

Настала паўза. Іван глядзеў за пазуху.

— Ты адкуль, Iван? — цiха спытаў Гораў.

— Маскоўскі.

— Землякі, - з нечаканай для сябе пяшчотай сказаў Юрый.

Зноў запанавала маўчаннё. Толькі шапацеў па дзядоўніку дождж.

— О-ох, — сказаў сіпаты голас Івана. — Зараз на Пятніцкай катрынка грае, служанкі ля пад'ездаў семкі лузгаюць… Іван Вялікі непадалёк гарыць, аж вачам балюча.

Абодва не думалі, што ў Маскве зараз таксама ноч. Вачам афіцэра і салдата яна здавалася сонечнай, ззяючай і асветленай цеплынёю вечнага жнівеньскага дня.

— Людзі з царквы ідуць, — казаў Іван. — "Вуглей гарачых!" здалёк даносіцца.

— На развале кнігамі гандлююць, — летуценна сказаў Гораў.

— Угм, — няўпэўнена і адразу неяк адчужана сказаў Іван.

I Гораў таксама адчуў гэта. Ён стаяў, пакутліва думаючы, што яму штосьці трэба ад гэтага салдата, што яму трэба штосьці вырашыць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: