Жук Александр Александрович
Шрифт:
Пяткевіч зняў трубку:
— Камар? Дзень добры. Па Клімакіну ў цябе ёсць што?
— Не. Таго Клімакіна, якога шукаем мы, няма ў горадзе. І машына таксама не зарэгістравана… А што ў вас новага?
— Аляхновіч прызнаўся, што ён напаў на міліцыянера. Той выпадкова ўгледзеў, як Гарбуз выгружае гарэлку… Клімакін быў тады ў бары. Ён адправіў Аляхновіча ў вёску. Прыязджаў да яго, праверыць… У тыя дні скалечылі старога… — Пяткевіч не дагаварыў да канца. Але па напружаным дыханні ў трубку Камара здагадаўся, што лейтэнант зразумеў, што меў на ўвазе маёр. — Аляхновіча я перадам табе. Самае галоўнае — Клімакін.
Маёр паклаў трубку. Цяпер ён не сумняваўся, што такога чалавека няма. У таго іншае прозвішча. Адзіны выхад на яго, зачэпка — Алёна Рудзь. Маёр запомніў сказаныя Аляхновічам словы, што Клімакін вазіў яе да сябе на дачу.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
пра тое, як бясследна зніклі адразу два чалавекі.
Сонца засвечвала ў акно ярка, і цень ад галінкі пакалыхваўся на сцяне над самай галавой. З прачыненага акна павявала ранішнім халадком, водарам саду і лета. Мужчына не расплюшчваў вачэй, прыслухоўваўся да дачнае цішыні. Некалі, калі быў яшчэ малы, гэтаксама яму не хацелася прачынацца раніцаю, і з акна гэтак жа павявала ранішнім халадком, крышку пахла кропам. Чамусьці запомніўся яму гэты лёгкі кропавы пах з грады. Ён чуў, як збіраецца і ад'язджае на работу бацька, як лёгенька фыркае маторам ягоны начальніцу «Масквічок», як маці і бацька стараюцца гаварыць цішэй, каб не пабудзіць яго.
Яму часта ўспаміналася гэтая раніца, быццам адна яна толькі і была. Маці ў халаце, у мяккіх пантофлях, бацька, лысы, круглы, з жывоцікам, як і мае быць начальніку, па якога нават дадому прыязджае машына.
Дзіўна, цяпер маці носіць прадаваць на аўтобусны вакзал кветкі, якіх многа расце ля дома. І бацька памагае ёй — падносіць вядро з кветкамі…
Тады ён канчаў сёмы клас, здаў экзамены, атрымаў адну толькі чацвёрку. Коля Трацякоў запрасіў яго да сябе — адзначыць. Трацяковы жылі на той жа вуліцы, таксама ў прыватным, пасля вайны пабудаваным доме. Па Колевага бацьку таксама раніцай прыязджала машына. Яна не толькі прыязджала, але і ездзіла да дома цэлы дзень, падвозіла Колеву маці на базар, у магазіны, нават Колю ў школу. І Коля першы надзеў у класе вузенькія штаны-дудачкі, прыйшоў коратка астрыжаны» Гэтаму нават ніхто не здзівіўся — нават настаўнікі прызнавалі, што Колю можна тое, на што іншыя не адважыліся б.
Ён ведаў, што ісці з пустымі рукамі да Колькі нельга, яго папярэдзілі, што з кожнага мінімум па бутэльцы сухога віна. Яму тады хацелася да Колі, усё роўна як трапіць у нейкі іншы, вышэйшы свет. Ён не ведаў, як сказаць пра гэта маці, не тое што папрасіць у яе грошай. Грошы ён узяў сам, у буфеце на кухні. Два рублі. На іх купіў бутэльку чырвонага сухога віна. Ён запомніў ягоную дзіўную назву «Мельнік».
Да Колі выйшаў з дому ціха, калі пачынала вечарэць. Маці калупалася на градах і не заўважыла, куды ён пайшоў. Можа, ад таго і запомніўся густы, вільготны крыху пах кропу. У Колі ўсё было нечакана: на стол прыгатавана ў прасторнай верандзе. Стаяла гародніна, закуска, сюды ж Коля перанёс з пакоя радыёлу. Самае дзіўнае, што накрываць на стол памагала Колю маці. І бутэлька сухога віна. Коля маргнуў яму, каб прынесеную бутэльку не паказваў. Ён здагадаўся і хуценька схаваў яе за дзверы. Колева маці кончыла ставіць на стол, прыбралася сама і села ў машыну, якая прыехала па яе, — «каб не замінаць маладым», як какетліва сказала яна.
Потым пілі віно, гаварылі. Да Колі ў большасці прыйшлі старшакласнікі, таксама ў вузкіх штанах. Іграла непрывычная музыка, тая, якую ягоны бацька называў не інакш як бугі-вугі. Было весела і добра. Потым яны пайшлі ў гарадскі парк на танцы, і ён таксама танцаваў, як танцавалі Колька і яго сябры, праўда, не пасярэдзіне, а з краю танцавальнае пляцоўкі, дзе было крыху прыцемней. Ён нават паспрабаваў і курыць тады, хоць цыгарэта не падабалася яму.
Дадому вяртаўся позна, крыху ахмялелы і шчаслівы. Маці плакала дома. Бацька ў піжаме злосна тупаў туды-сюды па пакоі.
Першае, што ён зрабіў, гэта навотліў, з адцяжкаю, тры разы ўдарыў яго. Нічога не папытаўся, толькі сказаў:
— Гэта табе за грошы, якіх ты не зарабіў! Гэта табе за бугі-вугі! Гэта табе за тое, каб быў чалавекам!
Маці толькі ўсхліпвала, як па нябожчыку. Яна была амаль знішчана тым, што адбылося, і яе сын, адзіны сын, павінен быў гэта адчуць і спазнаць.
Яна потым усё ж сама давала яму грошы, употайкі ад бацькі. І штаны-дудачкі купілі яму, і вузенькі гальштук. Але пасля. Здаецца, з таго часу ён пачаў прыглядацца да жыцця, да бацькоў, да таго, як жыве Колева сям'я. Яны ездзілі на машыне, яны сустракалі гасцей, у іх было ўсё. Ягоны бацька гаварыў, што за такое трэба садзіць, выганяць з работы. Да яго ўсё гэтак жа ціхенька раніцаю прыязджаў «Масквічык», забіраў на работу, а вечарам прывозіў назад. Ён бачыў, што Колю не трэба было зубрыць, — той быў упэўнены, што здасць за дзесяць класаў і паступіць. Над ім жа сядзела маці і прымушала, як першакласніка, правярала, толькі што не ставіла ў кут. Слава богу, што хоць вучоба давалася лёгка і ён сам хацеў хутчэй паступіць, каб толькі вырвацца з дому, у якім усё правільна. Тады ён зажыве так, што не снілася нават і Колю… Ён паступіў. На другім курсе пазнаёміўся з чалавекам з невялікаю сівенькаю бародкаю. Ён лабарантам працаваў у інстытуце. А кватэрка была, як музей. Чалавек гэты здабываў грошы не толькі даўніною. Маладзенькія перакупшчыкі і спекулянты ішлі праз яго рукі. У яго можна было павучыцца, як рабіць грошы.
На трэцім курсе ён не паехаў да бацькоў па стыпендыю. Ён ужо меў сваю «жылу», да яго пайшлі грошы.
Мужчына расплюшчыў вочы, мацнуў рукою — добра было б, каб нехта драмаў побач. Гэтая думка адразу ж і ачнула яго, і вярнула ў рэальнасць.
Тонка пазвоньвалі ў лесе, які пачынаўся непадалёк ад дачы, птушкі. Мужчына больш не слухаў іх, хутка, па-вайсковаму надзеў трэніровачны касцюм, абуў кеды, на двары з рукамыйніка спаласнуў твар за ноч не астылай вадой і лёгенька, паволі пабег па сцежцы, кіўком галавы павітаўся з суседзямі.
Суседка Лідзія Яўгенаўна, у трэніровачным касцюме, які абвісаў на ёй, худой і доўгай, і муж яе, Антон Казіміравіч, круглы і пузаты, у майцы, якая была заўсёды выквацана, палолі ўжо грады. Яны праводзілі позіркамі суседа, і ён ведаў, што яны зайздросцяць яму. Лідзія Яўгенаўна зайздросціла таму, што Віктар Антонавіч працуе ў «гандлі». Хаця сусед і тлумачыў ёй, што гэта не зусім «гандаль», што проста ў яго такая пасада ў міністэрстве, якая звязана з прадажай айчынных трактароў за межы краіны. Лідзія Яўгенаўна паблажліва прытварылася, што згаджалася з ягонымі довадамі, бо лічыла, што прыбядняецца сусед па сціпласці. Джынсы ж іхняй дачцэ і самой ёй кофтачку, лічы, падарыў, капейкі ўзяў. Яшчэ яна зайздросціла таму жыццю, якім жыў Віктар Антонавіч: мець такую ўтульную дачу, машыну, такую работу… Ёй нават хацелася ўявіць на ягоным месцы свайго Антона Казіміравіча і тое, як бы яна жыла-прыпявала тады. І калі б яе муж працаваў там, дзе сусед, то яны б зараз збіраліся ехаць за мяжу, і не на год, і не на два… Але тады Лідзія Яўгенаўна ўспамінала, што ім давялося б прадаваць сваю дачу, як прадаў сусед, і дачы ёй рабілася шкода. Лідзія Яўгенаўна ачыналася і заўважала, што разам з зеллем наскубла і морквы, зірнула на Антона Казіміравіча, але той нічога не заўважыў.