Вход/Регистрация
  1. библиотека Ebooker
  2. Приключения
  3. Книга "Чорны павой"
Чорны павой
Читать

Чорны павой

Жук Александр Александрович

Приключения

:

прочие приключения

.
1986 г.
Аннотация

Героі кнігі, напісанай у прыгодніцкім жанры, — работнікі міліцыі, якія змагаюцца з антыграмадскімі праявамі.

У аповесцях «Чорны павой» і «Асабліва небяспечнае» даследуюцца і выкрываюцца прычыны хцівасці, рэцыдывы мяшчанскай псіхалогіі. Паказваецца небяспека гэтых негатыўных з'яў.

ЗМЕСТ:

Чорны павой

Асабліва небяспечнае

Мастак В. І. Валынец

Рэцэнзент Дз. Я. Бугаёў

Алесь Жук

Чорны павой

Чорны павой

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

пра тое, як журналіст выязджае на расследаванне.

Туманоўскі не любіў уставаць рана. Засынаў ён запаўнач, а то і пазней — чытаў дэтэктывы. Сёння ноччу яму сніўся шкілет вялізнага ката з зялёнымі, як фары, вачыма. Кот ганяўся за Туманоўскім, не цяперашнім, а малым яшчэ хлопчыкам Янкам, па ўсёй кватэры, пакуль не загнаў на антрэсоль у калідоры. Ён так ушчаміўся з перапуду на тую антрэсоль, што нават паварухнуцца не мог, не тое што выбрацца назад. А каціны шкілет тым часам прысеў на заднія лапы, смачна ашчэрыўся і скочыў…

Туманоўскі прахапіўся і спрасонку няўцямна глядзеў на будзільнік, які на поўную катушку трашчаў на століку ля ложка. Спачатку будзільнік здаўся зялёным вокам кацінага шкілета.

Туманоўскі ляпнуў рукою зверху па будзільніку, скінуў з ложка ногі, працёр вочы, узяў са століка акуляры і толькі тады ўстаў — высокі, худы. З пакоя ён адразу ж пакіраваў у кухню, паставіў на пліту чайнік, каб закіпела вада, — зварыць каву. Потым выйшаў у калідорчык, паглядзеў на антрэсоль, куды загнаў яго зялёны каціны шкілет, гмыкнуў сам сабе.

Тонка блюмкнуў званок над дзвярыма. Туманоўскі разгублена азірнуўся, крыкнуў: «Адну хвілінку», вярнуўся ў пакой, знайшоў халат, сунуў ногі ў шлёпанцы. Халат быў кароткі яму, вышэй каленяў.

На пляцоўцы стаяла паштальёнка, нафарбаваная і напудраная, як з вокладкі часопіса мод.

— Вам заказное.

Яна смела глядзела на Туманоўскага сінімі вачыма.

Туманоўскі працягнуў руку па канверт, халат расхінуўся, каб паказаць паштальёнцы-манекену ўсю зграбную кастлявую постаць у шырокіх сямейных трусах.

— Выбачайце…

— Распішыцеся, — паштальёнка ўсміхнулася і падала пакамечаную кнігу ўліку і перавязаную сіняй ізалентай шарыкавую ручку. Потым з гонарам завярнулася і няспешна пайшла па прыступках уніз.

Туманоўскі вярнуўся ў пакой, разрэзаў канверт. У ім быў звычайны аркушык пісьма.

«Дарагі дзядзька Янка!

Я не магу супакоіцца і паверыць, што няма больш жывога бацькі. Мінулы год быў у адпачынку, і бацька так лёгка і весела ўпраўляўся з гаспадаркаю. Маці піша, што павёў прыпінаць цялё, упаў і памёр у алешнічку. А я не веру, што ён проста так упаў і памёр. Якраз жа дождж быў, навальніца. Чаму ў гэты час? Маці піша, што і заключэнні там ёсць, усё, а я не магу паверыць. Напішыце вы мне самі…»

На пахаванні сябра Туманоўскі не быў таксама. Ведаў, што памёр, бо тэлеграму атрымаў толькі пасля вяртання з камандзіроўкі, на пятыя суткі. Збіраўся заехаць у Рудню, але ўсё не даводзілася быць у тым баку. Пісьмо прыйшло з Далёкага Усходу, ад Міхаілавага сына, капітана рыбалоўнага траўлера. Туманоўскі ўсміхнуўся: капітан успамінаўся яму амаль заўсёды ў шорціках і бруднай маечцы. Ен стаяў перад сваім дарослым сябрам і, не зважаючы на тое, што ў хаце былі жанчыны і тая, да каго Туманоўскі тады заляцаўся і меў сур'ёзныя намеры, сур'ёзна дапытваўся:

— Янка, а ты пілаз калошку пісаць умееш? Туманоўскі расшпіліў свой стары партфель з рамантаванаю ручкаю, укінуў туды пісьмо. У першым аддзяленні ягонага халасцяцкага спадарожніка ляжалі паперы, а з другога павявала прыемным водарам хлеба — партфель служыў Туманоўскаму і гаспадарчай сумкай. Потым схадзіў, адчыніў краны, каб нацякло вады ў ванну, выпіў на кухні кавы, забраў з паштовай скрынкі газеты.

Але не чыталася. Успамінаўся Міхаіл у апошнюю іхнюю сустрэчу. Сівы, нізкарослы, шустры, як хлапчук, ён смяяўся на ўсе новыя ўстаўленыя зубы, расказваў, як яны, ветэраны, ездзілі на прафілактычны агляд у раён.

— Ну, сабіраюць нас, вецеранаў, у бальніцу нашу ўчастковую. А адтуль ужо ў раён разам з медсястрой, ага. А сама вясна, пусціла ўжо. Туман, макрэча. Ждом мы. А таго аўтобуса ўсё няма. Пайшлі мы ў сталоўку. Ну, мы і селі, ці ўжо абедаць, ці і снедаць. Я з Куляшом разам, помніш яго? Ён франтавік. Малады быў, здаровы, возьме качалку ў рукі і зломіць. Пытае ў мяне: як ты яшчэ, Міхаіл? Кажу, нічога. А ясі як, пытаецца. Ну, добра, кажу. А скавараду печанага сала з'ясі з блінцамі? Гледзячы якая скаварада, гавару. З'ем. І я, брат, кажа, вялікую скавараду сала напяку, з'ем усё, кубкам халоднае вады зап'ю — і хоць бы што. Ну, а калі так, то нашто нам правярацца, пажывем яшчэ. А тут ужэ з бальніцы прыбягае Абрамаўна, вецеранаў шукае. Калгасны аўтобусік, што дзяцей у школу возіць, на раён ідзе. Мы з Куляшом так і асталіся. А Васіль, сусед, тры дні яшчэ ў сына ў раёне сядзеў, ледзьве дабраўся дадому, так дарогу пусціла…

Праз паўгадзіны рослы сівавалосы чалавек у шэрым пінжачку і карычневых штанах, з пацёртым партфелем бадзёра тупаў да трамвайнага прыпынку. Ад яго свежа пахла цыгарэтай, кавай і адэкалонам.

Неўзабаве пасля прыходу на работу Туманоўскага ў кабінеце рэдактара ішла наступная гаворка.

— Ну і што гаворыць гэтае пісьмо? Нічога не гаворыць. Пушчу на дзень, з'ездзі на магілу сябра.

Рэдактар сядзеў за сталом круглатвары і лысы, як і належыць быць рэдактару. Равеснік Туманоўскага, ён выглядаў намнога старэйшым.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • ...
Купить и скачать
в официальном магазине Литрес

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: