Вход/Регистрация
Сэрца мармуровага анёла
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

— Што?! Гэта я — без сэрца?

Мы злосна глядзелі адно на аднаго. Вось вам рамантычнае спатканне.

Мяне разабраў смех. Вінцук няёмка кашлянуў… і таксама рассмяяўся. Злосць знікла бясследна. Сапраўды, што нам дзяліць у гэтым свеце? У словах кожнага была горкая ісціна. Але крытэрыі, па якіх мы спрабавалі намацаць шлях да адзінай Ісціны, былі ў нас адны. Ёсць крыж, няма, ці нам кідацца ў залатую ліхаманку?

Княскі нашчадак раптам спытаў таямнічым шэптам:

— Падарожжы ў часе любіце?

Я няпэўна паціснула плячыма… Што ён прыдумаў? Вінцук падышоў да бронзавага падсвечніка, які стаяў на камодзе, і запаліў свечкі. А тады выключыў лямпачку. Па пакоі шаргатнуліся цені. Столь згубілася недзе ў вышыні. Цьмяна засвяціліся металічныя аздобы мэблі і рамкі карцін. А вочы на партрэтах зрабіліся бяздоннымі і жывымі. Так, жывымі. Я забылася, што яшчэ нядаўна паблажліва называла гэтыя карціны дылетанцкімі. Мне нібыта адкрылася іншае, сапраўднае, аблічча гэтага дома. Вінцук паднёс падсвечнік да аднаго з партрэтаў. На мяне сярдзіта зірнуў самавіты вусач, лысы, як медаль.

— Дазвольце прадставіць вам пана Кабылянскага, палкоўніка ў адстаўцы, уладальніка суседняй вёскі і заўсёднага партнёра майго прадзеда па картах…

Вінцук цырымонна пакланіўся. А я што, горш за Папялушку? І прысела ў рэверансе.

Ніколі не забуду той вечар. Мы, як дзеці, размаўлялі з партрэтамі, з вазамі, з мэбляй, смяяліся, прыдумлялі страшныя «гатычныя» гісторыі… Баль ценяў… Якія ніколі не пакідалі гэты дом, проста хаваліся па кутах. І гэта можа быць знішчана! Я пачала марыць, каб узамен за знойдзены крыж дзяржава выдзеліла грошы на аднаўленне дома і ўтварэнне ў ім вялікага музея.

— А галоўным экспанатам будзе прамы княскі нашчадак! Вінцук скептычна пахітаў галавой:

— Два гады таму ў суседнім мястэчку экскаватаршчыкі выкапалі скарб — спрэс золата, срэбра ды каштоўныя камяні. На некалькі сотняў тысяч долараў. Улады «пранюхалі», змусілі рабацяг здаць скарб і выплацілі на ўсіх… дзвесце долараў. На падставе афіцыйных актаў аўтарытэтнай эспертызы. І ў самых лепшых абставінах прабабчын крыж нават у музей не змесцяць — ён жа з-за каштоўнасці перліны трапіць ў дзяржаўны валютны фонд.

Мы ўселіся ў крэслы і чамусьці пачалі ўспамінаць свае жыцці. Я не заўважыла, як расказала Вінцуку пра Альберта, пра Радзіка… Пра свой няўдалы шлях у мастацтва… Чамусьці мне было лёгка расказваць яму ўсё.

Як ціха… Утульна… Толькі каміна ўсё-ткі не хапае. Пачуўшы пра маю настальгію па камінах, Вінцук адчыніў дзверцы грубкі, і агонь пачаў выконваць мне свой складаны рытуальны танец. Не хочацца зноў ісці на холад, але Нюта, напэўна, хутка заўважыць маю адсутнасць. Я прыўзнялася.

— Ну, мяне чакаюць…

Вінцук неяк дзіўна глядзеў на мяне. Як на кітайскую вазу. Раптам устаў, узяў са стала ліхтар.

— Пойдзем! Апранайцеся, там холадна… Гэта яшчэ што за фокусы?

— Паўгадзіны вы можаце ахвяраваць… Я толькі накідаю эскіз.

О, Госпадзе, чаму Ты спасылаеш мне адных апантаных мастакоў?

Я пазіравала для карцін самых розных. Але мастака, які б працаваў так, як Вінцук, я не бачыла. Здавалася, над ягонай калматай галавою распаўсюджваецца нейкае ззянне, як ад свечкі. Праз хвілін дваццаць я не вытрымала, каб не зірнуць на палатно… Мяне ўразіла, колькі ён паспеў за гэты час зрабіць — ужо вымалёўвалася будучая карціна… І мне захацелася, каб яна была скончаная. Я ціхенька вярнулася на крэсла.

Вінцук пісаў, нібыта ў апошні раз, і мармытаў сабе ў бараду:

— Дзёрзкасць… І безабароннасць… Так і належыць… Так і добра… Чысціня і наіўнасць… Але з горыччу, з горкім адценнем. Лазурак і залацістыя адценні… Толькі прасветы. Боязь жыцця — адкрытасць насустрач — і боязь… Канфлікт кармінавага і смарагдавага… Вар'яцкае спалучэнне…

— Слухайце, не магу ўсвядоміць, ці вы вар'ят, ці псіхатэрапеўт, — не вытрымала я.

Мастак ніяк не адрэагаваў на мае словы, час ад часу працінаючы мяне з-за мальберта позіркам.

Раптам унізе, на першым паверсе, нешта загрукала.

— Вінцук, чуеце?!

Не чуе. Я падбегла і патрэсла яго за рукаў.

— У доме нехта ёсць!

Вінцук апусціў пэндзаль і недаўменна паглядзеў на мяне. Дзесьці ўпала нешта металёвае. Вартаўнік кінуўся да выключальніка, патушыў святло і схапіў мяне за руку.

— Хадзем, толькі ціха!

— Можа, гэта Нюта мяне шукае? — няўпэўнена шапнула я, але зараз жа ўнізе пачуўся такі грукат, які неўзнарок нават Нюта не магла б утварыць. Мне зрабілася страшна.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: