Вход/Регистрация
Сэрца мармуровага анёла
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

— Я так і ведаў, што мне не давядзецца перапісваць сваю «Князёўну» ў зялёных колерах. Хаця, магчыма, і варта было б…

2000

Апавяданні

Старасвецкія міфы горада Б*

Артэмiда i Актэон

Прыўкрасны юнак Актэон выпадкова падгледзеў, як купаецца цнатлівая багіня Артэміда. Угневана багіня ператварыла юнака ў аленя, і яго загрызлі ўласныя сабакі…

Старажытнагрэчаскі міф

У горадзе Б* былі жанчыны, якія не выйшлі замуж таму, што ім не пашанцавала.

Былі там і жанчыны, якія не выйшлі замуж таму, што занадта многа хацелі ад будучага выбранніка.

Зрэдку сустракаліся ў горадзе Б* і такія жанчыны, што не выходзілі замуж прынцыпова.

А былі і такія, што заставаліся ў дзеўках па ўсіх трох прычынах: адразу не шанцавала, пасля многа хацелі і завяршылі прынцыпам. А апошні, як вядома, хаця і здольны служыць апірышчам кволай жаночай істоце, аднак яго не абуеш у пантофлі, не пачастуеш піражкамі з капустай і не раскажаш, які страшны сон табе сёння прысніўся.

Панна Канстанцыя, уладальніца багатай радавой сядзібы на ўскрайку горада Б*, непадалёк ад развалін замка, які калісьці, кажуць, таксама належаў продкам панны Канстанцыі, шанавала свае прынцыпы, хаця і не канчаткова адхінула акаляючы недасканалы свет. Але свет, замест таго каб быць ёй за гэта ўдзячным, назваў яе старой дзеўкай, пляткаркай і праўдзівай фурыяй. Што ж, справядлівасці ад горада Б* чакаць не даводзіцца!

Панна Канстанцыя горка падціснула вусны і кранула нагой цёплую цёмную ваду прысядзібнай сажалкі… Даруйце, Лебядзінага возера. Яго выкапалі па загаду паненкі ў рамантычным месцы, пад густымі шатамі старых дрэў, і нат пусцілі на люстраную паверхню лебедзя. Але няўдзячная птушка ўсяляк парывалася ўцячы з наканаванага ёй чароўнага куточка і нават з падрэзанымі крыламі ўхітрылася адтуль збегчы… Грэблівыя роспыты панны пацвердзілі яе здагадку, заснаваную на жыццёвым вопыце: лебедзь быў мужчынскага полу, значыць, падступнасць у яго ў крыві.

Панна Канстанцыя любіла плаваць у сваім Лебядзіным возеры па начах, у прывідным святле месяца, схаваная ад усяго свету густой засенню дрэў, высокай агароджай панскага парку і строгай дысцыплінай у асяродку панскай прыслугі. Пяшчотна плюскатала вада, галава паненкі пагойдвалася між лілеяў і гарлачыкаў, і — канешне ж! — віліся над гэтай галоўкай салодкія мары ды ўспаміны. Некалі, даўно-даўно, у пару квецені і гарэзных ветрыкаў… Ды мала што можа ўспомніць голая паненка ноччу ў сажалцы?..

Таемнасць і самота… Але мы не будзем сцвярджаць, што падчас гэтых амаль сакральных водных працэдур не мроіліся паненцы прагныя праклятыя вочы ў зарасніку вакол возера…

Сёння ноч была асабліва таемнай. Святаяннік па-змоўніцку падміргваў плямістымі жоўценькімі кветачкамі, пранізліва пахла мацярдушка, да самай вады збягала бліскучая, як фальшывы залаты, лотаць. Жаба, маленькая, пляскатая, быццам пусты кашалёк, нясмела падала голас — панна Канстанцыя ненавідзела жаб і загадвала іх вылоўліваць ды знішчаць. Худзенькі камар сеў на магутнае сцягно панны Канстанцыі. Плясь! І камарыная душа адляцела ў далёкі камарыны рай… Не, у пекла — адзінае на ўсіх крывасмокаў. Панна Канстанцыя кінулася ў абдоймы месячнай вады…

…Чараціла прыўзняў цяжкую галаву, у якой усё яшчэ пілікала скрыпачка карчомнага музыкі Гірша, каб паглядзець на велізарную качку, што плюхнулася ў панскую сажалку. Сапраўды, па вадзе рухалася нешта цёмнае, ад яго ішлі кругі, як ад чоўна… Чараціла памятаў яшчэ далікатэсны смак злоўленага тут і засмажанага на лясным вогнішчы лебедзя… Няпрошаны госць прыўзняўся над хмызнякамі… Затрашчалі галінкі…

Хведзька Чараціла ведаў жанчын. Дый з семінарыі выгналі Хведзьку менавіта за амурныя справы. Тым болей што трактаваў Хведзька кабет гэтак жа проста, як пляшкі гарэлкі. Можна нават смела сцвярджаць, што Хведзька бачыў кабет як у вопратцы, так і без. І мы можам зрабіць скідку толькі на тую акалічнасць, што Хведзька быў добра на падпітку і таму не распазнаў, што за істота рушыла на яго з чорнай панскай сажалкі, белая, вялікая, бясформенная… На абліччы істоты Чараціла разгледзеў толькі два чорныя прагалы на месцы вачэй ды трэці, круглы вялікі прагал — гэта не мог быць чалавечы рот — бо з яго не могуць вылятаць такія гукі…

Маленькая пляскатая жабка здохла ў адно імгненне — яе і без таго напалоханае сэрца не вынесла воклічу абражанай цнатлівасці.

Чараціла перахрысціўся. Чараціла паабяцаў Божай Маці, што ніколі ў жыцці не возьме больш гарэлкі ў рот… Чараціла заблагаў і кінуўся праз кустоўе прэч адсюль… А белая пачварына ляцела за ім ва ўрачыстым гневе — прыйшоў яе час! Яна дачакалася! Чараціла дабег да агароджы і, падаючы і абдзіраючы далоні, паспрабаваў пералезці цераз яе.

— Жучка, кусь! Жучка, кусь!

Залівісты сабачы брэх змяніўся Чарацілавым крыкам болю. Апошнім намаганнем Хведзька пераваліўся цераз агароджу і знік у невядомым напрамку, як маланка — не таму, што так хутка, але таму, што зігзагамі…

Панна Канстанцыя паважна абцерла сваю антычную плоць. Апошні бессаромны зірк месяца — і белае цела схавалася пад доўгай брунатнай сукенкай са шчыльнай ваўнянай тканіны, з зашпількамі пад горла.

«Гэта несумненна быў афіцэр, — чамусьці падумала панна Канстанцыя. — Такі бессаромны… Дзёрзкі… Шкада, што не было з сабою кінжала…»

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: