Вход/Регистрация
Меч князя Вячкі
вернуться

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

— Я пастарэў?

Даўгерут выцягнуў з похваў шырокі літоўскі меч, сказаўшы Вячку «Ідзі за мною», выйшаў са святліцы. На двары каля дубовага тыну расла бярозка. Даўгерут сашчэрыў зубы, прыжмурыў цёмныя вочы і, глуха гахнуўшы, шырока махнуў мячом, адным ударам ссек бярозу пад корань.

— І ўсё роўна пастарэў ты, — сказаў Вячка. — Сэрцам пастарэў. Адвагай сваёй пастарэў.

Надвячоркам таго ж дня Вячка, не вяртаючыся ў Герцыке, праз лясы і балоты рушыў на Полацк. Трывожна ззялі пад святлом маладзіка шлемы і шчыты вояў. Глуха грукалі конскія капыты па каранях пракаветных дрэў. У струхлелых пнях звіваліся клубком гадзюкі. Таіліся ў дуплах совы і пугачы.

Раздзел другі

I

Хлопчык ганяўся за матыльком. Матылёк быў вялікі, дужа прыгожы, з шырокімі цёмна-чырвонымі крылцамі, на якіх бачыўся незвычайны малюнак — сінія і зялёныя рыскі спляталіся ў адзіны вузел, і нібы чалавечы воблік праступаў з гэтага хітра заплеценага вузла. За свае дзесяць сонцаваротаў хлопчык такога матылька сустрэў упершыню і таму вельмі хацеў спаймаць яго, хацеў несці яго ў руках, склаўшы далоні кубарыкам, пагуляць з ім, пацешыцца, а потым паказаць маці.

Яны мітусіліся на цёплым сонечным лужку, між травы і кветак. Матылёк як бы дражніў малога. То высока ўзвіваўся ўгору, нібы іскра з вогнішча, то, робячы шырокія плаўныя кругі, раптам садзіўся на якую-небудзь аблюбаваную кветку і сам рабіўся кветкай, і нялёгка было зноў убачыць яго.

Хлопчык то прыпадаў да самай зямлі, заміраў і чуў, як усхвалявана трапечацца разагрэтае вясёлым паляваннем сэрца, то кідаўся на кветку з матыльком, сціскаў галоўку кветкі ў далонях, але ў самы апошні міг, з-пад самага носа ў яго, матылёк вырываўся ў неба.

Горача свяціла сонца. Быў яркі летні поўдзень з мяккімі белымі воблачкамі ў сінім небе, з лёгкім ветрыкам. Мясціна, дзе гулялі хлопчык з матыльком, знаходзілася на невысокай травяністай выспе, у самым сутоку дзвюх рэк. Якраз тут залатая ад сонца Свіслач улівалася ў срэбную ад сонца Бярэзіну. Чуўся плёскат вады. Лётала мноства прыгожых стракоз. Але матылёк быў адзін, адзін на цэлым свеце, і толькі за ім цікавалі радасна-насцярожаныя карычневыя вочы хлопчыка.

Маці ішла непадалёку, несла ў белай кужэльнай посцілцы вялізнае бярэма лугавых і рачных кветак, духмянай сакаўной травы. Дома яна разбярэ ўсю гэту прыгажосць на тоненькія пучочкі, будзе сушыць да самых маразоў, і тады іхняя невялікая хатка напоўніцца такімі багатымі, такімі дзівоснымі пахамі, што аж бычыны пухір, якім зацягнута акно, разадзьме свае поўныя шчокі і нібы засмяецца.

Часам маці спынялася, здымала з плячэй клунак, нізка нахіліўшыся, нешта шукала ў траве. Потым узні-мала галаву, прыклаўшы ад сонца стрэшкай далонь да вачэй, гукала сына:

— Мірошка!

— Я тут, — ціха азываўся хлопчык, каб не спудзіць прыгажуна матылька, які зноў уладкоўваўся на залітую сонцам кветку.

Нарэшце Мірошку пашанцавала. Ён кінуўся грудзьмі ў траву, тварам упаў у гарачыя кветкі і схапіў, злавіў матылька. Радасць распірала грудзі. Ён перавярнуўся на спіну, убачыў над сабой сакавіты блакіт. Мірошка захлынуўся ад шчасця.

— Мама, паглядзі! — закрычаў ён. — Я злавіў!

Маці здзіўлена азірнулася, трымаючы ў руках зялёны пук травы. Срэбная гарошына поту кацілася па смуглым ілбе сына.

— Я злавіў! — крычаў Мірошка.

Сынаў голас, падалося ёй, разлятаўся над Свіслаччу і Бярэзінай, над сінімі зарэчнымі лугамі і лясамі, над усім светам. Сынаў голас, падалося ёй, аж да аблокаў даляцеў.

— Ты што, сынок? — ціха спыталася маці. А ён ужо бег да яе, босы, русагаловы, у расхрыстанай палатнянай кашулі. Медны крыжык агніста блішчэў на загарэлых грудзях.

— Паглядзі…

Ён асцярожна, вузенькай шчылінкай адкрыў цесна сплеценыя далоні, быццам нёс у іх ваду і баяўся праліць нават кроплю.

— Ён жывы, — часта дыхаючы, сказаў Мірошка і глянуў маці ў вочы: — Прыгожы?

Але вочы маці, такія добрыя, такія светлыя, у адно імгненне пацямнелі, спалохаліся, зрабіліся калючымі і непрыгожымі. Мірошку страшэнна ўразіла, усяго скаланула такая раптоўная перамена ў матчыных вачах.

— Што ты нарабіў, сынок? — бялеючы ў шчоках, прашаптала маці.— Ты загубіў душу продка. Вой-вой… Мне аж зімна робіцца. Ты душу продка забіў.

Клунак упаў у яе з плячэй. Плечы паніклі. Вочы патухлі. Мірошка, як аглушаны громам, з непаразуменнем глядзеў на маці. Адчуванне нечага жахлівага, непадуладнага розуму зрабіла мяккімі, як не сваімі, ногі. Успацелі далоні рук, і ён расчапіў далоні, і матылёк, нязграбна махаючы крылцамі, як бы кульгаючы, паляцеў у бок ракі.

— Ты пакалечыў душу продка. Але, дзякуй богу, яна жывая.

Маці апантана перахрысцілася, ухапіла Мірошку за руку, ускінула на плячо клунак з травою і амаль бегма пашыбавала дадому, у Гарэлую Весь.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: