Дайнеко Леонид Мартынович
Шрифт:
Яна была апранута ў белую шаўковую сукенку з вышываным срэбным узорам. Плечы аблягала блакітнае, затканае золатам карзно. Вялізная залатая грыўня ззяла на тонкай пяшчотнай шыі — Вячка ўбачыў сінюю жылку, што ўздрыгвала, пульсавала на шыі. Абута княгіня была ў чырвоныя саф'янавыя боцікі. На свае светлыя, злёгку кучаравістыя валасы павязала белую палатняную павязку, якую літоўцы называюць нуаметас. «Сумуе па радзіме», — падумалася Вячку. Але за сталом княгіня Юрга была вясёлая, выпіла крышачку хмельнага мёду, заружовілася, як летні яблычак. Вячка не-не дый лавіў закаханыя позіркі, якія князь Усевалад, суровы грубаваты вой, кідаў на сваю прыгажуню жонку.
Так, ён моцна кахаў яе. І калі епіскапу Альберту, вераломнай рыжскай лісе, удасца схапіць княгіню Юргу разам з яе дзецьмі і служанкамі, кінуць у халодную цямніцу, князь Усевалад, як паранены журавель, прыляціць у Рыгу, аддасць Альберту сваё княства, багацце, свой гонар, адмовіцца ад прадзедаўскай праваслаўнай веры, стане рабом епіскапа, абы толькі выратаваць сваю жонку, абы толькі бачыць зялёныя сумныя любімыя вочы. Але гэта будзе пазней, а ў гэты серпеньскі вечар, у лета 6715-е, княгіня Юрга, весела смеючыся («Яе голас як ручаёк», — думаў Вячка), налівала з карчагі п'яны густы мёд.
— Ад прышлых тэўтонаў усе нашы няўдобіцы, — сказаў Вячка.
Ярка гарэлі вітыя свечкі ў срэбных падсвечніках. Воск са слабым трэскам сплываў па свечках. У князя Усевалада быў добры ружовы твар.
— Што ж будзем рабіць, князь Вячаслаў? — спытаўся ён. — Мы з табой васалы. А васал, калі моцна прыпячэ, можа знайсці сабе новага гаспадара.
— Не тое кажаш, князь Усевалад, — успыхнуў Вячка. — Мы Полацку служым, а не Уладзіміру Валадаравічу. Сваёй зямлі служым. Яна не даруе нам слабасці, хітрасці, крывадушша. Я на мяжы сяджу, я сваёю шкураю адчуваю тэўтонскі агонь.
— Што ж рабіць? — глянуўшы на жонку, перапытаў Усевалад.
— Меч на меч, косць на косць трэба ісці.
— Дружына ў мяне слабая. Жалеза і хлеба ў мяне мала, — паскардзіўся Усевалад. Патрэскваючы, пускаючы сіненькі дымок, паміралі свечкі.
— У літоўскіх лясах думаеш адсядзецца? — адсунуў ад сябе карчагу Вячка.
Але Усевалад не пакрыўдзіўся. Ён быў чалавек памяркоўны, асцярожны, жыццё на літоўскім парубежжы навучыла яго разважлівасці і цярплівасці. Слова ў яго ішло наперадзе мяча. Ён быў старэй за Вячку на пятнаццаць сонцаваротаў і ў душы злёгку пасмейваўся над шчанячай гарачлівасцю маладога князя.
— Я ў Полацк іду, — не дачакаўшыся адказу ад Усевалада, страсна загаварыў Вячка. — Да князя Уладзіміра іду. У новы паход супроць тэўтонаў трэба ўзнімацца. Пра паход з вялікім князем буду размову весці. Рыхтуйся і ты, князь Усевалад. Усе ведаюць мужнасць тваіх вояў, сілу тваіх харалугаў 16 . Калі ж не пойдзеш на Рыгу — загінеш. Спачатку Кукейнос растопчуць тэўтоны, а потым і да Герцыке іхнія коні дабягуць. Рыхтуйся, князь. І цесця свайго Даўгерута кліч з усёю Літвою.
16
Харалуга — меч.
Усевалад зноў, як мудры ліс, увільнуў ад адказу. Замест гэтага сказаў княгіні Юрзе:
— Княгінечка, загадай, каб прыйшлі сюды гудошнікі, дудары і гусляры. Хай граннем сваім нас пацешаць.
Увайшлі музыкі, селі на лавах, абабітых звярынымі шкурамі. Стары сівагаловы гудошнік лёгка ўскінуў да пляча свой трохструнны гудок, ударыў па струнах смыком. Смык быў зроблены з галінкі вербалозу і конскага воласу, нацёртага смалой-жывіцай. Пранізлівы голас падхапілі дудка і гуслі, падхапілі мякка, але зладжана і надзейна — так шырокая рака прымае ў свае абдымкі гарэзу ручаёк.
І нібы поле ўбачылася Вячку. Нібы вецер паляцеў з таго бязмежнага туманнага поля. І такая шыр, такая прастора былі наўкол. Маленькія вочкі азёр трывожна ззялі на далёкім небасхіле. Дзікія гусі крычалі пад хмарамі. Касцёр, шумлівы, іскрыста-залаты, падміргваў са змроку. І нечая постаць бачылася ля кастра… Жанчына… Маці… У яе бледны заплаканы твар і тонкія крылатыя бровы… Навошта ты так рана памерла, мама?
— Хачу я цябе, князь Вячаслаў, да кунігаса Даўгерута запрасіць, — сказаў як бы між іншым Усевалад. Пры гэтых словах княгіня Юрга ўскочыла са свайго месца, весела запляскала ў ладкі:
— Да татулі едзем! Да татулечкі! І пацалавала Усевалада ў шчаку.
Назаўтра на пяці шкутах пераправіліся на паўднёвы бераг Дзвіны і нібы ў пельку праваліліся, згубіліся ў бясконцасці суровых дрымучых лясоў. У Герцыке застаўся Халадок, якога пачаў лячыць ад апёкаў мясцовы зялейнік, і латгальскія лучнікі. Латгалаў князь Усевалад не захацеў браць з сабою.
Княгіня Юрга, як і ўсе, ехала на баявым войскім кані. На светлых валасах прыгожа сядзеў маленькі пазалочаны шлем з доўгім пяром шэрай чаплі. Княгіня смяялася, жартавала, твар свяціўся шчасцем.