Вход/Регистрация
Меч князя Вячкі
вернуться

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

— Хай будуюць, — паўтарыў Уладзімір. — Крыж наш ад суседства з крыжам лацінскім плесенню не пакрыецца. А вышэй Сафіі тэўтонам храм усё роўна не ўзвесці.

— Вышэй Сафіі? — аж задыхнуўся Дыянісій і адразу надзеў на галаву свой клабук. — Ды як ты можаш так гаварыць, князь?

— Полацкія князі гавораць тое, што думаюць, — спакойна глянуў на яго Уладзімір. — Хай збудуюць свой храм за попрышча ад нашай царквы. А ты чаго крычыш, ойча? Забыўся, як пад Гольмам нас тэўтоны камянямі пачаставалі? Хочаш зноў пад камяні лоб падставіць?

Епіскап слухаў князя і бляднеў, задыхаўся ад гневу, але Уладзімір, помсцячы за ўсё, не даваў яму рот раскрыць, гаварыў далей:

— Дзвіну ўсё роўна не перагародзіш. Будзе цячы, як цякла. А да мяне ўчора ганец прыехаў з Суздаля, ад вялікага князя. І просіць князь суздальскі, наш з табою брат па веры, каб далі мы вольную дарогу ягонаму ячменю, воску і салу, якія людзі суздальскія ў Рыгу вязуць і далей, за мора Варажскае, у Любек і Брэмен.

Кажучы ўсё гэта, Уладзімір адчуў такую сілу бадзёрую ва ўсіх членах, што ўстаў без старонняй дапамогі, дайшоў да акна, каля якога міг назад стаялі епіскап з тысяцкім. «Хай цяпер яны на маю спіну паглядзяць», — помсліва думаў князь.

На Дзвіне гуў крыгалом. Рака, быццам спяшаючыся забыць пра доўгія месяцы зімовага маўчання, трашчала льдзінамі, злавесна шумела зеленавата-белай вадой.

Праз акно Уладзімір бачыў высокія чырвоныя сцены Барысаглебскага манастыра, які быў пабудаваны ў Бельчыцах дойлідам Іаанам. Там жа ўзвышалася царква Параскевы-Пятніцы, і там былі магілы князёў полацкіх.

— Ваша прэасвяшчэнства, — за спінаю ў князя звярнуўся да епіскапа тысяцкі Жыраслаў,— мужы-палачане заўтра веча склікаюць. Там і пра лацінскую царкву рашаць будуць.

— Я прыеду на веча, — адказаў Дыянісій. Як і многія свяшчэннаслужкі таго часу, ён не любіў хадзіць пешшу, а ездзіў верхам на кані.

«Не за мяне тысяцкі,— зразумеў Уладзімір. — Не мой чалавек. Баярскі пёс. Трэба асцерагацца яго».

Веча! Зноў — веча. Як бяльмо яно на княжым воку. Рукі князю вяжа, волі ягонай крылы падсякае.

Цярпі, князь. Усміхайся баярам, але не забывай пра купцоў і рамеснікаў. Яны — твая апора. Ім трэба гандляваць, у моры цёплыя і ледзяныя плаваць. Ім трэба свой тавар прадаваць, і яны з табою супроць баярства пойдуць, якое сядзіць у сваіх вотчынах, адгарадзіўшыся ад белага свету, гноіць хлеб у свірнах.

З тэўтонамі трэба змірыцца. Епіскап Альберт абяцаў плаціць Полацку даніну за ліваў. Хай плоціць. Тэўтоны ўмеюць даніну выкалочваць. Галоўнае — мір з імі. Будзе мір з Рыгай — будзеш ты, князь, на залатасёдлым кані сядзець. Пойдзеш ваяваць, паслухаўшыся гарлапана Вячкі з Кукейноса — уладу страціш і галаву.

— Пра лацінскую царкву трэба падумаць, князь, — прымірэнча, міралюбна сказаў Дзяніс.

Ага, і гэты абскубены певень зразумеў, што баяры і з яго могуць клабук садраць, у манастыры свечкі ляпіць прымусяць. Ну што ж, епіскап з тых храбрацоў, што толькі на ўласным ложку могуць кулакамі махаць, а ледзь прыпячэ, адразу ў іх заечыя ногі вырастаюць.

— Мыта 56 плоцяць тэўтоны? — спытаўся ў епіскапа Уладзімір.

— Спраўна плоцяць, — адказаў за епіскапа тысяцкі Жыраслаў.

— Храмы святыя пустуюць, — са скрухаю ўздыхнуў Дзяніс. — На ігрышчах бывае болей народу, чым у храмах. Пойдзеш іншы раз туды і бачыш: адны на дудках іграюць, другія скачуць, трэція барукаюцца між сабою. А ў іншых яшчэ большы д'ябал пасяліўся — сядзяць, падаюць адно аднаму знакі, пераміргваюцца, шчыкаюцца…

— Дык і ты, святы ойча, на ігрышчы ходзіш? — зрабіў выгляд, што здзівіўся, Уладзімір. Епіскап злёгку пачырванеў, засоп маленькім носам.

56

Мыта — падатак, які браўся з купцоў пры перавозе тавараў.

Як толькі Дзяніс і Жыраслаў паехалі з Бельчыцаў, у святліцу да князя Уладзіміра ўвайшоў ягоны верны халоп-саглядатай Станімір. У Станіміра не было носа — князь адрэзаў у хвіліну гневу. Станімір нізка пакланіўся, застыў на парозе святліцы.

— Што чутно пра князя Вячку, бязносы? — пранізліва глянуўшы на халопа, спытаўся Уладзімір.

— Вячка з малой дружынай і з маладой жонкай Дабранегай спыніўся на падвор'і баярына Цвердахлеба, родзіча Рагвалода Свіслацкага, бацькі Дабранегі.

— І што робіць Вячка?

— Не п'е. З мужамі-вечнікамі перамовы вядзе.

— Аб чым перамовы?

Тут Станімір задрыжаў усім целам:

— Пакуль невядома, вялікі князь.

— Глядзі ў мяне! — злосна тупнуў нагою князь. — Ты можаш стаць і бязвухім. Каб усё высачыў, вынюхаў. Пайшоў прэч, пёс!

Станімір бясшумна знік, а князь Уладзімір загадаў паклікаць да сябе вучонага рамея, што ўжо даўно жыў у Полацку і, састаўляючы гараскоп, адгадваў князева будучае. Рамей быў смуглатвары, чорнавалосы, з шырокімі чорнымі бровамі, якія зрасліся на пераноссі. На галаве ён насіў круглую чырвоную шапачку, на нагах — пазалочаныя сандалі з вострымі загнутымі насамі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: