Вход/Регистрация
Меч князя Вячкі
вернуться

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

Увайшоў служка і аб'явіў:

— Вялікі князь, уладыка полацкі Дыянісій прыехаў.

Дыянісій быў невысокі, шчупленькі, з белым клабуком на галаве, у дарожнай расе, паверх якой на каваным срэбраным ланцугу вісеў вялікі шасціканечны залаты крыж. У руцэ ў Дыянісія горда плыў доўгі цёмнага дрэва посах са срэбнай булдавешкай. Епіскап сухой ручкай акрэсліў над князем святы крыж, запытаўся:

— Усё пакутуе плоць твая, князь?

— Пакутуе, уладыка, — прыўзняўся з набітых гусіным і цецеручыным пяром падушак Уладзімір: — Аж страх бярэ.

Епіскап Дыянісій бясшумна сеў на мяккую з гнутымі ножкамі канапу, зняў з галавы клабук, паклаў яго побач з сабой, сказаў:

— Усе людзі рабы. Адзін раб уцех плоцкіх, другі — скнарнасці, трэці — славалюбства, усе разам — рабы надзеі і ўсе — рабы страху.

Тысяцкі Жыраслаў таксама сеў, але шлем з галавы не зняў, тоўстымі цяжкімі пальцамі перабіраў па рукаяці свайго мяча. Гэта не спадабалася Уладзіміру.

— З якімі навінамі прыйшоў, уладыка? — спытаўся Уладзімір у Дыянісія.

— Усе навіны ад бога, — асцярожна дакрануўся да свайго зіхоткага крыжа, пагладзіў яго епіскап. — Хочуць тэўтонскія купцы на полацкім торжышчы сваю лацінскую царкву будаваць. Побач з нашай, праваслаўнай. Іхні старэйшына Конрад да мяне прыходзіў.

— Асінае гняздо хочуць віць у Полацку! — усклікнуў Жыраслаў і аж рукою стукнуў па рукаяці мяча.

Але вялікі князь быў спакойны.

— І што ты, уладыка, адказаў Конраду? — уважліва глянуў ён на Дыянісія. Цяпер і Жыраслаў упіўся ў твар епіскапа пранізлівым паглядам.

— Няможна будаваць, — звонка і цвёрда сказаў Дыянісій. — Наш крыж не можа суседзіць з крыжам лацінскім.

У гэты час пачуўся ярасны гул крыгаходу. Дзвіна, што цякла зусім непадалёку ад Бельчыцаў, дзе была загарадная рэзідэнцыя полацкіх князёў, застагнала, заскрыгатала льдзінамі. Епіскап Дыянісій жвава ўсхапіўся з канапы, падбег да вялікага акна, учапіўся рукамі за алавяную раму, пачаў глядзець на раку. Твар ягоны асвяціла сонца, і ён соладка зажмурыўся, зрабіўся падобным на маленькага разамлелага на гарачай печы катка, што, паставіўшы трубою хвост, пацягваецца і мурлыкае.

Тысяцкі Жыраслаў таксама падышоў да акна. Толькі Уладзімір з-за сваёй хваробы, абпаленай гарачымі каменнямі спіны, не мог зрабіць гэтага, і злосць успыхнула ў ім — вялікая, нечаканая. Аж увушшу зазвінела. Але ён, задыхнуўшыся, прыкусіўшы губу, прагнаў, выкінуў з душы гэту злосць, як добрая гаспадыня выкідвае з-пад курыцы-наседкі яйка-баўтун. Яму патрэбна быць асцярожным і цярплівым. Асабліва цяпер, калі мужы-палачане на вечы ўздымаюць галаву, калі, як даносяць верныя яму людзі, усё часцей і гучней гавораць у Полацку пра трыццаць старых, што павінны ўзяць неўзабаве ўладу. О, ён ведае гэтых «старых»! Некаторыя з іх маладзейшыя за яго — баярскія сынкі, багацеі, гарлапаны, усе гэтыя Вітановічы, Шчапановічы, Макрынічы…

Ён цяжка ўзяў уладу — даводзілася хітраваць, чакаць, трываць удары, каб потым нанесці ўдар хутчэй, чым праціўнік. Ён скінуў князя Барыса Давыдавіча, ягоных сыноў Васілька і Вячку зняволіў, потым Васілька прымусіў прыняць пастрыг 54 . Вячку, малодшага, не ўдалося заперці ў манастырскай келлі. Сядзіць Вячка ўдзельным князем у Кукейносе, шле адтуль даніну, якую бярэ з ліваў і латгалаў, прыкідваецца галубком, але бачыць Уладзімір, што не рахманы галубок, а баявы сокал распасцёр крылы над Дзвіной. Зараз Вячка ў Полацку, два разы прыязджаў у Бельчыцы, ліслівымі словамі падбухторваў ісці вайной на рыжскіх тэўтонаў. Калі ж ліслівасць не дапамагала, крычаў, забыўшыся, што ён толькі ўдзельны, малодшы князь, пра славу полацкую, пра веру праваслаўную, якую трэба зберагчы ад чужакоў. Хоча лбамі сутыкнуць яго, вялікага князя Уладзіміра, з епіскапам рыжскім Альбертам, а праз епіскапа — з папам рымскім. Пракляты род князёў друцкіх! Ніяк не ўціхнуць, захапіць прагнуць сталец полацкі, спіхнуць з яго менскіх Глебавічаў 55 .

54

Пастрыг — абрад абразання валасоў на галаве тых хто прымае манаства.

55

Глебавічы — князі, нашчадкі князя Глеба Усяслававіча Менскага.

Так думаў Уладзімір, а ўладыка Дыянісій і тысяцкі Жыраслаў усё глядзелі на Дзвіну, усё слухалі гул крыгаходу, нібы забыўшыся пра хворага князя.

Вось ён — лёс князёў полацкіх! На дзядзінцы, каля самай Сафіі, ёсць палаты каменныя, багата прыбраныя. Золата і серабро там, дарагія ўборы і віно заморскае. А ён, князь Уладзімір, павінен сядзець у Бельчыцах і глядзець на горад — свой горад! — праз раку, як глядзіць мокрая курыца на багаты агарод праз частакол. І бачыш, і не ўклюнеш. Дзівосы на смецці, дый толькі!

Пасля Усяслава пачалося гэта. Паміраў ён і падзяліў Полацкую зямлю паміж сваімі шасцю сынамі на шэсць удзелаў: Полацкі, Менскі, Друцкі, Віцебскі, Ізяслаўска-Лагожскі і Лукомскі. Сыны і ўнукі ягоныя з вялікай напругаю змаглі яшчэ болей пашырыць межы, стварылі ўдзелы Себежскі, Слуцкі і Барысаўскі. Вось на сёння і ўся зямля Полацкая, ды яшчэ Кукейнос і Герцыке на Дзвіне.

Цяжка быць князем, а хочацца. Прывык ён ужо да княжання. Калі баяры тлустыя выі схіляюць у паклоне, калі народ крычыць, славіць, калі ідзеш Дзвіною па даніну, быццам нешта спявае ў душы, быццам вогненная рука з неба на цябе паказвае і незямны захмарны голас абвяшчае зямлі, вадзе і ўсяму люду: «Ён — князь! Ён — князь!» Хлапчуком-княжычам ён ужо адчуў салодкі хмель улады і аднойчы нават парэзаў наўмысна палец, захацеў паглядзець, якога колеру ў яго кроў,— блакітная ці чырвоная.

Пясочны гадзіннік, які стаяў на стале, сыпаў і сыпаў у пузаты сіняга шкла сасуд танюсенькі струменьчык пяску. Цячэ пясок… Цячэ жыццё…

Уладзімір глядзеў на вузкую спіну епіскапа, прытушыўшы ў сэрцы злосць, але ведаў адно: як толькі зноў акрэпне, возьме ў рукі Полацк, адразу ж вытурыць гэтага пса з епіскапаў. Не такія духоўнікі патрэбны яму, вялікаму князю.

— Хай ставяць лаціняне царкву, хай будуюць, — зычна сказаў Уладзімір.

Епіскап Дыянісій і тысяцкі Жыраслаў адразу ж перасталі глядзець у акно, павярнуліся да князя, і ён з радасцю бачыў у іхніх вачах здзіўленне і разгубленасць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: