Вход/Регистрация
У краіне райскай птушкі
вернуться

Мавр Янка

Шрифт:

Скот пазнаў свае словы, якія ён тады казаў гэтаму самаму Саку, і яшчэ ніжэй апусціў галаву.

— Дык вось, — казаў далей Саку, — мая канчатковая прапанова: містэр Скот хай пакладзе зброю і застанецца, а рэшта хай ідуць сабе дадому. Зараз жа далучым да іх і іхніх таварышаў. Заўважце, што вырашыць так мне было вельмі цяжка. Вы ж ведаеце, што гэтыя «дзікуны» не вельмі ахвотна выпускаюць з рук сваіх ворагаў. Толькі сваім вялікім аўтарытэтам я мог прымусіць іх згадзіцца. Дзеля гэтага аўтарытэту я і пер'е і зубы паначапляў на сябе. Я, вядома, мог бы і ўсіх вас загубіць: вы ж нашых больш пабілі. Але лічу гэта бескарысным. Я хачу давесці вам, што без бога і без Хрыста можна лепш і разумней рабіць, як вы з Хрыстом. Ну, згаджайцеся, хутчэй!

Таварышы Скота не ведалі, што рабіць. Адразу было відаць, што Скота яны не выратуюць, а толькі самі дарма загінуць. Але ж як выдаць свайго начальніка? Можна было заўважыць, што абодва сіпаі ахвотна гатовы былі аддаць свайго гаспадара, але боцман і Ханубі, здаецца, гатовы загінуць разам.

— Ну, што ж? — сказаў нарэшце Саку. — Калі вам усім ужо так хочацца паміраць, я пярэчыць не буду.

І ён выпрастаўся, каб даць знак сваім воінам.

Але ў гэты момант раздаўся стрэл, і Скот паваліўся на зямлю з разбітай галавой. Ен палічыў за лепшае пусціць сабе самому кулю ў лоб…

Гэты стрэл на момант спалохаў папуасаў. Яны падумалі, што гэта ў іх страляюць, і ўжо гатовы былі пусціць у ход сваю зброю, але Саку гучным крыкам спыніў іх.

Трэба адзначыць, што не толькі сіпаі, але Ханубі і нават боцман былі рады і ўдзячны Скоту, што ён так зрабіў… Цяпер ім ужо не трэба было ламаць галаву, што рабіць.

Саку тым часам звярнуўся да сваіх з прамовай. Ен казаў, што, згодна іх абяцанню, трэба ўсіх іншых белых адпусціць. Затое ім застаецца ўся маёмасць і, галоўнае, зброя белых. А з гэткай зброяй яны ўжо нікога не будуць баяцца.

Нельга сказаць, каб слухачы былі задаволены такой пастановай. Але ж гэта кажа сам вялікі і магутны Саку, — значыцца, так і трэба. Праз некаторы час прывялі Брука, Гуда і двух сіпаяў.

Брук ішоў схіліўшыся, азіраючыся і мармытаў:

— Яны думаюць, што я не бачу? Не, брат! Не ашукаеш! Усё бачу! — Потым падышоў да боцмана і сказаў: — Ты хочаш мяне з'есці? Дурны! Мяне ўжо з'елі, мяне няма. Бачыш?

І ён сеў на зямлю, працягнуў наперад далоні і нібы схаваўся за іх…

Вярнуліся дадому толькі боцман Старк, Ханубі і тры сіпаі. Рэшта памерлі ў дарозе…

Чунг-лі, Хунь-чжы і Качу са сваім канём пайшлі на захад, у галандскую Новую Гвінею. Качу застаўся, а браты вярнуліся ў Шанхай.

Яны купілі кавалак зямлі, хаціну; перасялілі з сампана сваіх бацькоў, а самі пайшлі ў кітайскую Чырвоную Армію змагацца за ўсіх кулі, што пакутуюць і ў Новай Гвінеі, і ў Амерыцы, і на сваёй бацькаўшчыне. А Саку?..

Саку і цяпер вядзе культурную працу сярод аб'яднаных родаў Какаду і Мукку, але ўжо без бібліі…

1926 г.

Сын вады

І

Марскія людзі.— Дзіўны горад. — Раздураныя кіцяняты. — Лодка ў паветры.

Трэці дзень злуе бура. Халодны асенні дождж пырскае бесперапынку, хоць стаіць лета — снежань месяц. Дажджавая заслона схавала ўсе горы, толькі бліжэйшыя скалы невыразна чарнеюцца. Наверсе свішча вецер, недзе далёка чуецца, як раве мора, але тут, у гэтым калідоры між стромкіх скал, яшчэ больш-менш ціха. Часам уварвецца і сюды вецер, загудзе, завые, як злоўлены звер, але вузкую стужку вады расхваляваць не можа. А потым зноў спакойна, толькі дождж булькае па вадзе ды наверсе вецер шуміць.

І трэці дзень, зашыўшыся ў шчыліну між скал, стаіць лодка Тайдо. Палова яе добра схавана пад зробленай над ёй паветкай, сюды дождж амаль не дасягае. Тут і размясцілася ўся сям'я Тайдо: жонка, дзевятнаццаці гадовы сын Манг ды двое малодшых дзяцей — дзяўчынка дзесяці год і шасцігадовы хлопчык.

Але з другога краю дождж у лодку льецца. — Вылівайце ваду! — час ад часу загадвае бацька.

І тады дзеці чарпакамі і рукамі пачынаюць выплёхваць ваду з чоўна.

І так трымаюцца трэці дзень.

Можа, вы падумаеце, што гэта якія-небудзь няўдалыя падарожнікі чакаюць у дарозе, пакуль скончыцца непагода?

Не, гэта звычайная сям'я ў звычайных умовах. Нікуды яны не спяшаюцца: яны ў сваім доме — на лодцы. Зразумела, і яны жадаюць, каб дождж хутчэй скончыўся, але гэта не надта ім рупіць, бо дождж гэты таксама звычайнае з'явішча. І ўлетку і ўзімку — заўсёды ён восеньскі, халодны, і цягнецца, бывае, цэлымі тыднямі.

Розніца паміж летам і зімой толькі тая, што ўлетку ўсё ж такі крыху цяплей, часам бывае пятнаццаць градусаў цяпла, часцей выпадаюць сонечныя дзянькі і нават раз у год здараецца навальніца з громам і маланкаю, а ўзімку разам з дажджом часта ідзе і снег, але марозу, як гэта мы разумеем, усё роўна няма.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: