Мавр Янка
Шрифт:
Можна сабе ўявіць, які павінен быць там грукат! Нельга сказаць, каб там было суха. Частка вады ўсё роўна льецца на галаву, але небяспекі няма, калі цябе не зачэпяць галоўныя струмені вады.
Можна думаць, што Скот са сваімі таварышамі нарэшце сцяміў бы, куды падзеліся тры чалавекі. Інакш яму прыйшлося б дапусціць, што ўмяшалася нячыстая сіла ці які другі цуд. А ў гэта можа паверыць толькі які-небудзь Саку, а не ён.
На шчасце, золата перашкодзіла ім вельмі думаць аб гэтым. Потым надышоў крытычны момант — дождж і разліў ракі.
Як гэта ні дзіўна, але ў даным выпадку выратавацца было лепш пад вадой, як у вадзе, тым болей, што ад узмацнелага бегу вадаспад яшчэ далей падаў, як раней.
Толькі вельмі небяспечным было павышэнне вады.
Ад гэтай бяды таварышы выратаваліся, узлезшы на вялікія каменні, што ляжалі пад вадаспадам.
Як хутка ўсё зрабілася, так хутка і скончылася. Праз гадзіны дзве ўсё мела той самы выгляд, які быў перад дажджом.
Трое таварышаў павылазілі з-за сваёй заслоны і пачалі грэцца і сушыцца на сонцы.
— Усё добра, што добра канчаецца, — весела казаў Хунь-чжы.
— Асабліва, калі гэта тычыцца толькі нас, — дадаў брат. — Гляньце, якія сляды пакінуў наш вораг.
Сляды былі прыкметныя: некалькі стрэльбаў, сумкі з патронамі, якія вада не магла вынесці з-пад каменняў, нават два згубленыя самародкі.
Таварышы падабралі трафеі і пайшлі па цясніне. Пры выхадзе з яе, на другім баку ракі, яны ўбачылі некалькі чалавек з экспедыцыі.
Скот ляжаў на зямлі змярцвелы. Ля яго клапаціліся боцман і сіпай. Побач сядзеў Ханубі з перавязанай галавой.
Убачыўшы сваіх праціўнікаў, якія ішлі сабе хоць бы што з таго самага месца, адкуль іх вынесла з такой бядой, боцман і Ханубі паглядзелі адзін на аднаго, нібы кажучы: «Зноў яны цэлыя! Гэтых чарцей, відаць, нішто не бярэ».
Становішча гаспадароў было такое, што нашым прыяцелям не хапіла духу здзекавацца з іх, і яны моўчкі прайшлі міма.
X
Вяртанне. — У агні.— Сярод звяроў.— Правадыр аб'яднаных родаў Какаду і Мукку. — Смерць Скота. — Дасказ.
У гарачы поўдзень, калі ўсё жывое старалася схавацца ў цень, калі нават птушкі сядзелі моўчкі, праз густую траву прабіраўся гурток людзей з шасці чалавек.
Худыя, абшарпаныя, дарэшты змораныя, яны ледзь праціскаліся праз моцную густую траву, якая дасягала вышыні больш за рост чалавека. Гушчар быў такі, што часам прыходзілася валіцца на траву спіною і прыціскаць яе да зямлі, каб пасунуцца на некалькі крокаў уперад.
Гэта была грозная экспедыцыя Скота. Апрача Чунг-лі і Файлу, яна не далічвала яшчэ Кандаракі і аднаго сіпая, якія загінулі тады ў бурнай вадзе.
Да паўдня яны нічога не елі. На шэсць чалавек яны мелі толькі дзве стрэльбы.
Па іх меркаваннях, яны павінны былі праз некалькі гадзін падысці да ракі, дзе чакаў іх катэр, адпачынак, спакой і ўсе выгоды.
Кожны з іх толькі аб гэтым і думаў, і за ўвесь час яны не перакінуліся аніводным словам.
Ім трэба было прайсці невялікі кавалак стэпу да таго пералеска, які віднеўся наперадзе, а там ужо быў канец падарожжа.
Вось ззаду зашамацела трава. Не паспелі яны азірнуцца, як міма іх пранёсся дзік. Ханубі хацеў быў стрэльнуць, але не паспеў.
— Шкада! — сказаў ён, апусціўшы стрэльбу.
— Дарма, — сказаў Скот. — Што нам з ім было б рабіць? Усё роўна праз гадзіны дзве будзем дома.
— Мы павінны яшчэ радавацца, што ён не зачапіў нас, — сказаў боцман. — Неспадзявана ён мог бы нарабіць бяды.
Праз некалькі хвілін таксама міма іх праскакаў кенгуру, а за ім зноў дзік.
— Чаго гэта яны сёння разлёталіся? — здзівіўся боцман і зараз жа заўважыў з правага боку, крыху ззаду, дым. Дым уздымаўся сцяной і, здавалася, набліжаўся да іх. Не паспелі яны агледзецца, як Ханубі закрычаў:
— Глядзіце, і з другога боку!
З другога боку таксама падымалася сцяна дыму. У гэты момант зноў пранёсся дзік.
— Трэба спяшацца! — крыкнуў Ханубі.— Гэта, мусіць, папуасы паляць стэп для палявання…
Так яно і было. Гэта звычайны спосаб палявання як у папуасаў, так і ў іншых падобных народаў.
Але спяшацца ў такім гушчары было вельмі цяжка. Добра яшчэ, што дзікі зрабілі маленькую сцежку.
Тым часам дзве сцяны злучыліся за імі, і агонь пайшоў наперад, ахапляючы людзей падковай.