Вход/Регистрация
Афганская шкатулка
вернуться

Федоренко Андрей

Шрифт:

Доктар уважліва паглядзеў на зяця і паўтарыў:

— Вялікая Паляна.

— Не чуў пра такую.

— Ну, канечне, табе гэтая назва нічога пакуль не кажа. Аднак пачакай! Завезлі мяне не ў сяло нават, а ў глухі лес. У малюсенькую хатку з адным вакном. Ні электрычнасці, ні радыё… Хворая дзяўчынка сядзіць у кутку на нейкім тапчане. Агледзеў я, абстукаў яе, заняло ўсё хвілін пятнаццаць. Гатова. Пяцьдзесят даляраў, плюс дастаўка туды і назад!

Доктар зглынуў сліну. Вельмі моцна пахла катлетамі. Нарэшце зяць паклаў на цэнтр стала драўляны кружок, на яго — гарачую патэльню.

Выпіўшы па чарцы, абодва падчапілі відэльцамі па катлеціне і дружна пачалі дзьмухаць на іх. Потым хвілін колькі на кухні чуваць было толькі чвяканне.

— Бывае, — прамовіў зяць, перабіўшы голад. — Цяпер многа такіх… як гэты ваш барадач… Знарок у аднапакаёўках жывуць, у лясных хатках, дарагіх машын не купляюць, апранаюцца бедненька. А капні глыбей — у кожнага тысячы, калі не мільёны! Даляраў, я маю на ўвазе.

— Ды не… Гэта барадач не падобна, каб быў багаты.

— А што за дзяўчынка? — пацікавіўся зяць, па другой наліваючы.

— Не ведаю. Ды справа тут не ў дзяўчынцы… Іншае цікава — барадач! Я, хоць і не адразу, але ўсё ж пазнаў яго! Некалі ён лячыўся ў Падольскім шпіталі, ляжаў у «афганскім» корпусе. Там мы і сустракаліся з ім.

— А-а, зразумела. Вось хоць бы і гэтыя «афганцы», — гнуў сваё зяць, — таксама паўладкоўваліся. Фонды розныя, арганізацыі, асацыяцыі… Фінансаванне, ільготы, якія ўсё падзяліць ніяк не могуць. Глядзелі па тэлевізары? У Маскве сярод белага дня на могілках узарвалася бомба, сярод «афганцаў», якія свайго хавалі!

— Не глядзеў, — адказаў доктар. — Ігар, такая справа. Я цэлы дзень сёння думаю: ці не даў я некалі маху? Ці не зрабіў я некалі вялікага глупства?

— Што такое?

— А вось паслухай. Нікому ніколі я гэтай гісторыі не расказваў. Па-першае, забыўся, па-другое, усур'ёз не ўспрымаў яе. Да сённяшняй сустрэчы з гэтым барадачом.

— Ну, ну — не цягніце!

— Гадоў пятнаццаць назад, гэта ты ведаеш, накіравалі мяне ад ваенкамата ў той самы Падольскі шпіталь.

І доктар коратка распавёў ужо вядомую нам перадгісторыю. Пра скалечанага, сляпога, без рук без ног «афганца», які паступіў у Падольск з Ташкента, пра тое, як ён апынуўся ў «лёгкай» палаце, як хворыя не любілі і пабойваліся яго, пакуль не знайшоўся яму з іншага корпусу таварыш, таксама «афганец», сержанцік — прыходзіў да яго кожны вечар, даглядаў.

— Ды вось! Прынёс я неяк гэтаму няшчаснаму абрубку, каб хоць трохі развеяць яго, сваю «Вясну». Памятаеш, быў у мяне такі старэнькі касетнік? Пасля я яго Ігарку аддаў, гуляцца.

Зяць кіўнуў: памятаю.

— Неўзабаве пераводзяць нашага «афганца» ў аднамесную палату. (Натуральна, і магнітафон туды ж). Пачынаем рыхтаваць яго да аперацый. Праходзіць адна, другая — сам прафесар Пятроўскі аперыруе, і някепска аперыруе! — але арганізм ужо настолькі аслаблены, што пасля трэцяй у небаракі проста не вытрымала сэрца. Памёр пад наркозам. Інакш кажучы, заснуў і не прачнуўся.

— Шкада, — прамовіў зяць без аніякага шкадавання ў голасе. Насадзіў яшчэ адну катлету на відэлец.

— Адвозяць нашага «афганца» ў морг. Я забіраю сваю «Вясну». Вось тут пачынаецца самае цікавае, калі не сказаць — неверагоднае! Магнітафон стаіць на «запісе»! Аказваецца (гэта пазней стала вядома), прывезлі «афганца» пасля адной з аперацый у палату, пачалі перакладаць на ложак… І тут адзін з санітараў адступіўся і сеў на тумбачку, на магнітафон. Ты ж ведаеш «Вясну» — прымітыўная сістэма, клавішы выпуклыя, лёгка ўключаюцца. Вось гэты санітар сваёй (прабач, не за сталом будзь сказана!) задніцай і націснуў адначасова на клавішы «пуск» і «запісь»!

— Цікава… Ну, і што з гэтага?

— А тое. Цэлы бок касеты, якая была ў магнітафоне, аказаўся, канечне, сцёртым. Калі ж я чыста машынальна перагнаў істужку на пачатак і запусціў па-новаму. Касета была не пустая! Магнітафон запісаў трызненні «афганца»! Ты, Ігар, можа, не ведаеш (зрэшты, не дай Бог і ведаць такое!), што многія хворыя падчас аперацыі, ці пасля, адыходзячы ад наркозу, могуць падоўгу, чыстым голасам і цалкам лагічна распавядаць аб рэальных падзеях свайго жыцця. Такая атрымоўваецца міжвольная споведзь. Гэтым, дарэчы, здаўна карыстаюцца розныя спецслужбы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: