Шрифт:
Дома Цім схапіў ліст паперы. Напісаў: «Васіль тут!!! Быў на могілках!!!» — уляпіўшы для пераканаўчасці аж шэсць клічнікаў. Які ні быў стомлены, а нават адпачыць не прысеў. Адрэзаў скібу хлеба Барсу — і зноў у леснічоўку. Запіску, скручаную ў трубачку, запхнуў у шчыліну замка. Толькі тады трохі яму спакайней стала. Запіску немагчыма будзе не заўважыць.
А ў гэты момант фальшывы «Васіль» — на самай справе доктара Пратасевіча зяць Ігар — сядзеў у хаце ў цесця і расказваў, хвалячыся, як удала правёў ён разведку. Паказаў цесцю нататнік з геаграфічным планам мясцовасці. Доктар Пратасевіч блізарука паўглядаўся. Тыцнуў пальцам:
— Вось тут яго хатка. Вось, бачыш? Тут шаша, а прыкладна вось тут, дзе ў цябе пазначаны лес, хатка.
Зяць абвёў гэтае месца кружком.
— Вы ўпэўненыя?
— Амаль не сумняваюся.
— Ды гэта ж зусім блізка ад могілак! — зяць не хаваў радасці. — Ну, цяпер будзем чакаць, калі сыйдзе снег!
— Да вясны?
— Навошта — да першай адлігі! Мне здаецца, наш барадач чакае таго ж самага. Вось і апярэдзім яго!
Доктар памаўчаў. Відаць, штосьці яму ўсё ж у гэтым плане не падабалася, не мог ён падзяліць зяцевага аптымізму.
— Ігар, ты ўсур'ёз думаеш, што можна… ну, уночы раскапаць магілу? І потым зараўняць яе, узнавіць амаль такой як была?
Зяць нават разлаваўся:
— Канечне, не! Сто разоў вам тлумачыў! Зараўняем хоць бы так, каб не адразу ў вочы кідалася! А потым усё адно на барадача падумаюць!
— Добра, добра, — заківаў доктар. — Будзем чакаць адлігі.
Раздзел XXIV
Надвор'е дапамагае зяцю з цесцем. — Адліга. — Двое рыбакоў прыязджаюць… у лес. — Чаканне. — Ноч. — Крадзёж рыдлёўкі. — Могілкі.
Чакаць давялося нядоўга.
Як мы ўжо ведаем з папярэдніх раздзелаў, зіма раптам адступіла — часта бывае такое пасля моцных студзеньскіх маразоў. Закапала з дрэў. Шпарка пачаў раставаць снег. Пачарнелі дарогі; канавы ўзбоч іх былі поўныя талай вады.
Так надвор'е само прыйшло на дапамогу двум авантурыстам, умяшалася ў іх планы і міжволі прыспешыла фінал нашай гісторыі. Не толькі надвор'е, а іншыя абставіны спрыялі доктару Пратасевічу і яго зяцю: Крушынскі ж акурат быў у ад'ездзе! Праўда, аб гэтым яны пакуль што не ведалі…
План дзеянняў быў распрацаваны авантурыстамі даўно. Ён здаваўся ім ідэальным. Усё было разлічана. Да рэалізацыі яго вырашылі прыступіць ужо заўтра, у суботу. Тут таксама мелася свая логіка. Абодва яны, зяць з цесцем, любілі зімовую рыбалку і нярэдка ў выхадныя выязджалі на Мінскае мора; бывала, што і з начоўкаю. Так што ні ў кога іхняя адсутнасць не выкліча падазрэння. Каму якая справа да двух мужчын, апранутых у аднолькавыя хімабаронаўскія касцюмы-«скафандры» (як для нашага выпадку, дык зручныя яшчэ тым, што боты-бахілы не пакідаюць выразных слядоў), са скрынкамі на плячах, у будаўнічых падшлемніках з доўгімі «хвастамі»? Многа такіх можна ўбачыць — асабліва на вакзалах, асабліва ў выхадныя дні.
Аднак жа трохі дзіўна было, што нашыя героі выправіліся на рыбалку не на электрычцы, як заўсёды, а на аўтобусе, які ехаў не на звыклае Мінскае мора, а ў зусім іншы бок. Што папрасілі вадзіцеля спыніцца не каля возера ці якой рачулкі, а сярод лесу, дзе звычайна толькі грыбнікі ўлетку выходзяць.
Але і ў гэтым, падумаўшы, дзіўнага мала. Ёсць, значыць, у людзей нейкая запаведная мясцінка, раз прыехалі сюды!
Было гадзіны тры дня. У лесе, куды заглыбіліся доктар Пратасевіч з зяцем Ігарам, вісеў туман і капала з дрэў. Трэба ж, зіма, а такое робіцца. Наламалі сушэйшых, з-пад самага нізу, смалістых галінаў, расклалі агеньчык. Адразу весялей стала. Зяць выцягнуў са скрынкі прыпасы: тонкія «паляўнічыя» вэнджаныя каўбаскі, хлеб, сала; цесць — балгарскі слоік малюсенькіх марынаваных гуркоў і пляскатую бутэльку з цёмна-бурштынавай вадкасцю. Прыклаліся па чарзе да рыльца, разазагрэлі на агні каўбасу, падмацаваліся. Яшчэ весялей стала. Сытасць у жываце і смеласць на душы. Гарыць вогнік, патрэскваюць смалістыя лапкі. Здорава!
А ў лесе тым часам пачало цямнець. Нізкае неба апусцілася яшчэ ніжэй, на самыя дрэвы, а потым і зусім апала на сырую цёмную зямлю, злілося з ёю. Уверсе, над галавой, не відаць было ні зораў, ні месяца. Надыйшла ранняя зімовая адліжная ноч.
— Пара! — скамандаваў Ігар.
Вось тут і пачаліся першыя непрыемнасці. Доктар Пратасевіч ніяк не мог знайсці дарогу да леснічоўкі. Ён жа быў у гэтых мясцінах толькі аднойчы — днём, калі вакол ляжаў белы снег, а сам доктар сядзеў у цёплай машыне. А тут цямрэча, хоць вока выкалі! Ні сцежкі, ні дарожкі, і сам лес здаецца зусім іншым.
Давялося вяртацца назад на шашу. Добра, што была яна зусім пустая ў гэты час. Зяць уключыў ліхтарык. Пахадзілі абодва, як вартавыя на пасту, узад-уперад па ўзбочыне, пакуль нарэшце не натыкнуліся на ўказальнік. «В. Вялікая Паляна, 4 км.», — высветліў ліхтарык.
— Ну, вось! — узрадваўся доктар. — Цяпер я ўсё ўспомніў!
Сапраўды, хутка знайшлася дарога. Доўга затым ішлі па ёй, цёмнай, пакручастай, свецячы ліхтарыкамі пад ногі. Спатыкаліся, лаяліся шэпатам. Пад нагамі чвякала гразь, галіны секлі па руках і тварах.