Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
— Чаму так? — здзівіўся Мацей.
— Калі б вогнішча патухла, то прыйшлося б сілай адбіраць агонь у суседзяў. І яшчэ пра адзін Закон скажу. Сем летаў — забавам, сем — навучанню і бацькам, сем — сынам і жонкам, а тройчы па сем — ралу і мячу, астатняе — сузіранню мудрасці. Вось так.
«Сем — навучанню і бацькам, — думаў Янка. — Быццам пра мяне сказана. Я бацьку і маці, канешне, дапамагаю. Што скажуць, зраблю. Што ж, іхняе слова — Закон. А чаму навучыўся?.. У адзін дзень з Мацеем два даўнія Законы парушылі, думалася, што крышку можна. Выходзіць, не. Чаму? Чаму нельга? Неба абваліцца?»
— Ясь, што будзе, калі ўсе пачнуць даўні Закон парушаць?
— Што? — перапытаў Ясь. — Словамі князя дрыгавіцкага Міраслава скажу: «Няма горш перамены звычаю, звычай і ёсць народ. Загінуў звычай — і няма народа».
— Праз многа-многа летаў даўнія звычаі застануцца? Народ захавае?
— Захавае, калі я захаваю, калі пасля мяне ты, Яначка, калі твае ўнукі і праўнукі.
— У Янкі ўнукі і праўнукі? — засмяяўся Мацей.
— Будуць, — сказаў Ясь. — Калі ўбачу, што захаваюць, то лягу спакойна спаць. Вы… — Ясь не даказаў, махнуў рукою: — Што сталася, то не пераменіцца. Ідзіце дамоў. А я вашых сустрэну, пагавару з імі.
Яны павярнуліся і пайшлі паціху. Калі крыху адышліся, Мацей запытаў:
— Янка, ты ўсё зразумеў? Я — не. Сумотна на душы ў Янкі. Яму зусім не хацелася гаварыць.
— Пасля табе раскажу, — прамовіў ён. — Сем летаў — навучанню і бацькам. Час у мяне яшчэ ёсць.
— Што?
Янка стаў. Пазірае на яго Мацей. Вочы светлыя- светлыя. Ні хмурынкі.
— Твае сем летаў толькі пачынаюцца, — сказаў брату.
— Нейкі не такі ты, як заўжды, — прамовіў Мацей.
Янка абняў яго за плечы.
— Калісьці пра ўсё гэта я ў кніжцы напішу.
— Літарамі? — не паверыў Мацей.
— Не пытайся сёння. Добра?
— Добра, братка. Ты залішне не бядуй.
Абняўшыся, яны пакрочылі далей. Дамоў. У хату. Дамоўка не вораг: калі ні прыйдзеш, заўсёды прыме.
Цётка з барадой і…
Янка здагадаўся, чаму Ясь сказаў, каб дамоў ішлі. Вядома, ён папросіць бацьку, каб моцна не сердаваў на іх. Невядома, як будзе. Бацька ні на яго, ні на Мацея ні разу руку не падняў. Але ж да гэтага і хлеб для падарожнага заўсёды на стале ляжаў.
Каб толькі не пракляў! Каб не пракляў…
Яны зайшлі ў хату. Што гэта? Белы палатняны ручнік ляжыць на падлозе. А хлеба няма. І солі няма. Мацей дзве лусты адрэзаў, пасля накрыў бохан ручніком. Соль зусім не бралі. Што ж гэта дзеецца?
Ён глянуў на Мацея.
— Бачыш?
Мацей падбег да стала, падняў ручнік.
— Яначка, лепей мы яго з'елі б.
Па-ягонаму выходзіць, што нехта нядаўна заскочыў у хату, схапіў бохан і з'еў. Хто ж мог з'есці? Такога ў вёсцы яшчэ не было. Усе хаты незамкнёныя. Зладзеяў у іх няма.
— Братка, — прамовіў Мацей, — цётка, што з барадой, наш хлеб з'ела. І соль яна забрала.
Цётка з барадой… Васіліск, пярэварацень. Яна. Ну й пражора! Амаль цэлы бохан з'ела! Пашчасціла, што ў хаце яе не засталі. Самлелі б ад страху… Соль забрала. Бач ты. Няўжо? Але ж маці выносіць тварог, ставіць каля парога, каб лясныя бажкі наеліся. Любяць бажкі тое, што і людзі. І гэтая, відаць, таксама.
— Янка, яна нас са свету звядзе, — заплакаў Мацей.
Янка адчыніў дзверы. Што, калі тая цётка з барадой у сенцах стаіць, іхнюю размову слухае? Хітрая яна.
Зірнуў у адзін цёмны кут, у другі. Здаецца, нікога.
— Думаеш, што ў сенцах схавалася? — скумекаў Мацей.
— Ыгы.
— Няма?
— Няма.
— А ў каморцы? Можа, у каморцы сядзіць, наш хлеб есць, зубы скаліць?
— П-праверым.
Янка пераступіў праз парог. У грудзях сэрца моцна-моцна тахкае. Што ў птушкі, якую злавілі.
— І я з табою, — сказаў Мацей.
Янка з аглядкай накіраваўся ў каморку. Анікога ў каморцы. Толькі галодная мыш на кубельцы сядзіць, на іх пазірае. Сала шукала. Няма сала. Даўно няма.
Тупнуў нагою.
— Кыш!
Сядзіць, пазірае, хвастатая.
— Уцякайма, — пацягнуў за кашулю Мацей. — Цётка з барадой у мыш ператварылася. Гэта яна. З'ела бохан хлеба і ператварылася.
Няўжо ў маленькую мыш? Да чаго дайшло! Нават мышы трэба баяцца.
— Кыш!
Сядзіць, пазірае, што гаспадыня.
— Калі б мыш была сапраўдная, то ўцякла б. Гэта цётка з барадой. Яна… — пачаў Мацей, але не паспеў скончыць: у каморку стралой уляцеў іхні рыжы кот. Падскочыў, схапіў мыш, занёс у кут. Прыціснуў лапай, завурчэў.