Якимович Алексей Николаевич
Шрифт:
— Яначка, не магу, дух займае, — загаласіла Алеся.
Ён сыкнуў на яе:
— Цярпі.
Усё. Здаецца, выратаваліся. Знаёмая сцяжынка. Яна на бераг выведзе.
— Алеся, яшчэ крышку. Вось і човен.
Янка штурхнуў Алесю ў плечы.
— Лезь.
Яна ступіла, упала на дно, знясіленая. Няхай. Няхай ляжыць. Так лепей. Што, калі з лукаў ці з арбалетаў пачнуць страляць?
Схапіў вясло, адпіхнуўся, стараючыся не плёснуць. Човен паслухмяна паплыў. «Вух», — вухнуў, жыруючы, шчупак.
На дапамогу
Янка саскочыў з чоўна, паклікаў Алесю:
— Вылазь.
А яна ляжыць, абхапіўшы галаву рукамі.
— Баюся крыжакоў.
— Вылазь. Яны на тым беразе.
Алеся ўсхапілася, вавёркай выскачыла з чоўна.
— Крыжакі… Яначка…
— У аеры нас не ўбачаць.
Сапраўды, аер густы, высокі. Тут і дарослы схаваецца. Калі па аеры прабірацца паўз бераг, то неўзабаве будзе грудок, за грудком — дрыгвяністае балота — пастка для таго, хто яго не ведае, а там — вёска, родная, свая, звыклая. Яна невялікая: усяго дзве вуліцы. Адна пачынаецца адразу ад рэчкі, на ўзгорку, а другая падыходзіць да лесу.
— У вёску пабяжым? — запытала Алеся.
Янка прамаўчаў. Ён і сам спярша хацеў бегчы ў вёску, расказаць пра ўсё, ды пасля перадумаў. Крыжакі праз Шчару не перабяруцца. Не ведаючы броду, не пасунуцца ў ваду. Самі патопяцца і коней загубяць. Дык чаго спяшацца? Мацей… Там Мацей. Што з ім? Што, калі высунецца? Як яго папярэдзіць, каб сядзеў у лазняку, каб носа не паказваў?
— Яначка, а калі хто-небудзь з нашых за раку паедзе? — прамовіла Алеся.
Праўду яна кажа. Не падумаў пра гэта. Крыжакі непадалёку, чакаюць. Быць бядзе…
— Алеся, бяжы ў вёску.
Алеся глянула на яго сваімі сінімі вачыма.
— А ты?
— Мацей там…
— Я з табой застануся.
— Бяжы. Людзям раскажаш.
— Баюся. Адна баюся.
— Чаго баяцца? Яны ж за ракою.
— Усё роўна баюся. Калі заплюшчу вочы, то здаецца, што крыжак даганяе. Сам вялізны, сцяг з Крывавай Рукой трымае.
— Алеся, трэба. Разумееш?
— Не! — Алеся сцялася ў камячок, а пасля ўсхліпнула: — Яны маю торбачку забяруць. Згубіла-а…
«Якія гады, такі і розум. Торбачку шкадуе. Радавалася б, што сама ўцякла», — падумаў Янка.
— Хадзем, — сказаў ён.
— Разам?
Янка незычліва буркнуў:
— Разам.
Яны моўчкі прабіраліся праз аер. Кружыліся, ляталі матылі, дзесьці, нябачныя, стракаталі стракозы, пераскаквалі з аерыны на аерыну конікі-скакуны.
— Калі б крыжакі да нас як госці прыйшлі, то мы прынялі б іх? — парушыла маўчанне Алеся.
Янка не зразумеў яе.
— Як прынялі б?
— Ну, як нашага Алексу мы прынялі. Сябра Алексу.
Янка ўздыхнуў. Сапраўды, прынялі. Алекса з мінулага лета ў Алесінай хаце жыве. Бяздомак ён. Напрадвесні ў вёску прыцягнуўся. Страшны, абарваны. Пасля ў вёсцы праведалі, што горад, у якім жыў Алекса, спалілі крыжакі. Адзін Алекса вырваўся, выратаваўся. Ён, Янка, нядаўна папрасіў Алексу: «Раскажы, як крыжакі твой горад ваявалі». А Алекса павярнуўся і пайшоў. Таго дня сказаў бацьку: «З Алексы слова не выцягнеш. Дзівак». Бацька ў адказ: «Не чапляйся да чалавека смаліцаю». Пасля пачуў ад бацькі, як крыжакі ваявалі горад, у якім жыў Алекса.
Тры дні і тры ночы абараняліся гараджане. Тры дні і тры ночы не спалі, не зводзілі вачэй. Кідалі каменне, лілі гарачую смалу. Шмат злыдняў-крыжакоў палягло пад сценамі горада. Ды знясілелі абаронцы. Праламалі крыжакі сцяну, уварваліся ў горад. Рабавалі, палілі хаты, параненых, старых і малых у полымя кідалі. Там, дзе быў горад, жэглішча стала. Алекса пакінуў абжыты кут. Блукаў, бяздомак, пакуль тут, у вёсцы, не прыпыніўся. Шмат такіх людзей, як ён, на Панямонні. Здавён іх сябрамі ці суседзямі называюць. Жывуць, працуюць у чыёй-небудзь сям'і. Пасля побач сваю хату будуюць. Сябры, суседзі… «Прымаем, бо такі наш славянскі звычай. Славяне мы», — пахваліўся тады бацька. І яшчэ пра адзін даўні звычай расказаў. Госць у хаце — самы ганаровы чалавек. Усё лепшае — яму. Зрабіць зло госцю — назаўжды ганьба ўсёй вёсцы. А калі хто іншы пакрыўдзіць яго, то гаспадар адпомсціць любому крыўдзіцелю, няхай гэта будзе хоць князь.
Свята берагуцца ў вёсцы даўнія звычаі. Маладыя ад старых вучацца. Вось чаму прынялі Алексу, далі цёплы куток. Алеся, канешне, дзівачка. Ці прынялі б крыжакоў, калі б прыйшлі як госці? Воўк у госці не ходзіць. Таму і трэба з яго шкуру здзіраць.
— Крыжакі? У госці? — перапытаў Янка. — Не, Алеся. Крывавая Рука на іхнім сцягу. Разумееш, што гэта?
— Але, — паціху сказала Алеся.
«Ну й малайчына», — хацеў пахваліць яе Янка, ды стаў як укопаны.
— Мацей! — вырвалася ў яго.
Мацей стаяў на беразе, а побач — вялізны вусаты крыжак.
— Ой, Мацея схапілі! — прыўстала на дыбачкі Алеся.
Янка рукавом працёр вочы. Быццам туманам іх заслала. Было кепска, а цяпер яшчэ горш.
Што рабіць? Калі б былі лук і страла, то абавязкова пусціў бы ў крыжака. Магчыма, пацэліў бы.
Ён стаяў і моўчкі глытаў даўкія камякі, якія душылі горла.
— Дзе брод? — пачуўся голас вусатага крыжака.
Янку здалося, што варона каркнула. «Хочуць на вёску напасці», — мільганула ў галаве.