Вход/Регистрация
Пастка для пярэваратня
вернуться

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

Нашы мінулі палянку, ускочылі ў лагчыну, парослую аерам, асакой. «Там жа балота, твань!» — ледзь не крыкнуў Янка.

Нечаканая развязка

Не ведалі крыжакі, што перад імі пагібель. Лёгкія коні нашых вояў праскочылі балота, а вось крыжацкія, закутыя ў жалеза, адразу ж загрузлі, праваліліся. Некаторыя, пярэднія, па самыя вушы. А нашы воі, узяўшы ў клешчы крыжакоў, сталі іх перыць, дубасіць, хвастаць. Білі цапамі, кляўцамі, секлі мячамі, сякерамі, калолі дзідамі, рэзалі косамі. Не бой, а пабоішча.

Янка не шкадаваў крыжакоў. Не было жалю. Іх ніхто сюды не прасіў. І сам, каб прымеў, біў бы. За Алесю, за Мацея, за тыя страхі, якіх набраліся.

— Янка, глянь: вусаты з балота выпаўзае, — залапатаў Мацей.

Сапраўды, паўзе на карачках. І не адзін. Некаторыя коней за аброць цягнуць.

Вылезлі, збіліся на грудку. Той, з паўлінавым пяром на грэбені шлема, непадалёку гарцуе, штосьці гергеча.

Янка заўважыў, як па самым ускрайку балота да яго стралою панёсся Алекса.

— Алекса! Алекса! — заўважыў і Мацей. Імчыцца на кані Алекса, узняўшы ўгору кісцень.

Два вялізныя шары з вострымі шыпамі на ланцужку, прымацаваным да атронка. Вось-вось смальне імі па стальным шлеме крыжака. А Мацей аж трасецца.

— Алекса! Алекса!

— Цішэй, — сказаў яму Янка.

Яму здаецца, што рыцар пачуе, а тады… Тады, як гаворыцца, невядома, чыя возьме. Рыцар увесь у брані, а Алекса ў адной белай сарочцы.

Некалькі крокаў засталося да крыжака. Пабліскваюць шары з вострымі шыпамі.

— Ну! Ну! — прамовіў Янка, падаўшыся ўперад.

Рыцар з паўлінавым пяром нечакана павярнуўся і секануў мячом. Алекса пахіснуўся, стаў паволі спаўзаць з каня. Конь кінуўся ўбок. А ён, яшчэ трымаючыся, падае, спаўзае, усё ніжэй, ніжэй…

— Дзядзечка Алекса! Дзядзечка Алекса! — заенчыў Мацей.

І Янка даў волю слязам.

— Дзядзька Алекса, чаму ты так неасцярожна? Не падай…

— Ха-ха-ха… — зарагатаў крыжак са шрамам.

Грамада нашых вояў — уперадзе Ясь і бацька — маланкаю на крыжакоў. Рыцар з паўлінавым пяром махнуў рукою-пальчаткаю. Крыжакі, якім пашчасціла вылезці з балота, на ўсе жылы да лесу, пакідаючы пешых. Тыя чыкільгалі, лямантуючы, а яны навыперадкі.

— Дай ім, татка! Дай! — крыкнуў Мацей.

— Дай, — паўтарыў за ім Янка.

Бацька дагнаў вусатага, з разгону — дзідай. Вусаты снопам упаў на зямлю. Другога дагнаў Ясь, пачаставаў мячом. Пешыя крыжакі падалі, нібы ссечаныя галоўкі капусты. Ніводзін не абараняўся.

— Так вам. Так, — радаваўся Мацей.

— Так, так, — паўтараў Янка.

А воі-мужчыны імчаліся за коннымі. Рыцар з паўлінавым пяром неспадзявана стаў, узняўшы каня на дыбкі. Ягоныя жываглоты несліся да лесу, а ён стаяў адзін на лузе.

— О-о-о, Зігфрыд! — прамовіў крыжак са шрамам.

«Яго зваць Зігфрыд, — скумекаў Янка. — Ён самы галоўны ў іх і, відавочна, самы смелы. Што, калі бацьку пачастуе так, як Алексу? Хітры, кідаецца, што гадзюка. І з балота ці не самы першы вылез, не ўтапіўся».

— Стойце, — гукнуў Зігфрыд, звяртаючыся да нашых вояў.— У нас вашы дзеці. Яны заложнікі. Знішчым. Я загадаў.

Нашы воі сталі.

— Дзе дзеці? — крыкнуў бацька. Рыцар у адказ:

— Не скажу. Назад.

— Дзе дзеці? — зноў крыкнуў бацька.

— Назад. Інакш…

Спярша Ясь, а пасля і бацька павярнулі коней назад. Зігфрыд, азіраючыся, стаў даганяць сваіх. Яны ўжо пад'язджалі да лесу.

Заложнікі

Не думаў Янка, што яны з Мацеем застануцца жывыя. Зграяй наляцелі на іх крыжакі. Асабліва гэты, са шрамам, стараўся.

— Пан Зігфрыд, я закалю іх!

Зігфрыд скінуў шлем. Галава лысая, што бубен. На лысіне хоць боб малаці. Па твары пот ручаямі цячэ. Увесь у гразі. Страшна глядзець. І іншыя не прыгажэйшыя. Наставілі зіркачы.

— Я закалю іх! — крыжак са шрамам выхапіў мізерыкордзію — востры кароткі нож.

Янка ўспомніў: такі нож ёсць у Яся. Казаў Ясь, што ім рыцары дабіваюць параненых. «Няўжо і нас?» — падумалася.

Крыжак са шрамам узмахнуў мізерыкордзіяй, скрывіў ва ўсмешцы вусны.

— Дзядзечка, не трэба, — пралепятаў Мацей.

— Дзядзечка? — вылупіў бельмы крыжак. Янка, хоць і ў самога каленкі трэсліся, ступіў наперад, затуляючы Мацея. Помніў: старэйшы брат як другі бацька.

— Дзядзечка…

— Дзядзечка?..

Янка (неяк само сабою ў яго вырвалася) чужым драўляным голасам прагаварыў:

— Мой татка прыйдзе і даб'е вас. Крыважэрац правёў рабром далоні па горле.

— Мы твайго татку вось так. Як і цябе.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: