Шрифт:
1 жніўня 1985 году. Мы з жонкай наведалі таксама і тутэйшую праваслаўную царкву сьвятога Георгія. Яна адна ў Нясьвіжы. Адна, і маленькая, і бедная, і, значыць, зусім не адпаведная такому гораду, як Нясьвіж, дзе павінна б быць некалькі парафіяў і некалькі цэркваў. Некалі, расказвалі нам, у Нясьвіжы была вялізная мураваная царква – згарэла ў вайну ці пасьля яе. Зьляпілі вось гэтую. Думалі часова, аж яно выйшла надоўга, назаўсёды. Улады не дазволілі будаваць новую.
У царкве мы засталі столькі народу, што не было дзе стаяць. А хацелася ж дастаяць службу да канца. Недзе пасярэдзіне набажэнства мы выбраліся на дзядзінец. Тут таксама поўна людзей. Пасядзеўшы крыху на трухлявай лавачцы, мы вярнуліся ў царкву. Хутка бацюшка пачаў чытаць прыпадаючую на гэтую нядзелю Евангелію, а ўсьлед за ёю і сваю пропаведзь. Уласна кажучы, гэта была і ня пропаведзь, а проста пераказ Евангеліі “сваімі словамі”.
Пасьля цудоўнага глыбокага казаньня, пачутага намі ў той самы дзень з вуснаў ксяндза Каласоўскага, казаньне айца Рыгора нам выдалася бледным і бездапаможным. Хоць ня хто-небудзь, а менавіта сімпатычны клерык Генрык, заўтрашні каталіцкі ксёндз, вельмі высока адзываўся ў размове з намі пра настаяцеля праваслаўнай царквы. Сярод яго якасьцяў назваў розум, вытрымку, інтэлігентнасьць. Трэба б яшчэ калі-небудзь паслухаць яго. Хацеў бы, каб маё ўражаньне супадала з Генрыкавай ацэнкаю.
28-га ліпеня я слухаў новае казаньне айца Рыгора. Яно было, здаецца, яшчэ цікавейшае за папярэдняе, якое было “прысьвечанае” “дазволеным і недазволеным формам адпачынку” – у адпаведнасьці з Евангеліяй на тую нядзелю.
А гэтае, новае казаньне і выкліканае было больш значнай евангельскай падзеяй – Ісус Хрыстос пяцьцю хлябамі і пяцьцю рыбінамі накарміў пяць тысячаў чалавек. Я з дзяцінства ведаю на памяць гэтую Евангелію. Мноства разоў чуў казаньні, заснаваныя на ёй. Але ж яшчэ ніколі ад сьвятароў усіх вядомых мне хрысьціянскіх веравызнаньняў я ня чуў такога пранікнёнага, такога вобразнага і такога даходлівага слова пра Хлеб, яго значэньне і яго магутнасьць; ніхто яшчэ з чутых мною прапаведнікаў так удала не ахарактарызаваў чалавека ў залежнасьці ад яго адносінаў да Хлеба як дару Божага.
Праз нейкія тры гады споўніцца 50-годдзе сьвятарскай дзейнасьці айца Рыгора. Мне падабаецца прыгожы польскі выраз – назва гэтай падзеі: Zlote Gody. Я хацеў бы прысутнічаць на гэтым вялікім сьвяце ня толькі юбіляра. Я хацеў бы (і ўмею!) ўнесьці свой уклад у сьвяткаваньне – падрыхтаваць і выпусьціць некалькі выданьняў да гэтай Падзеі.
Першае “хаценьне”, думаю, ажыцьцявіць можна будзе, прыбегнуўшы да нейкіх махінацыяў. Другое – “глухі нумар”. Усё падрыхтаваць я магу на найвышэйшым узроўні і падвесьці да друку. А далей? А далей – Галоўліт, з якога ўсе матэрыялы на гэтыя Zlote Gody будуць дастаўленыя ў Цэка і там арыштаваныя – з пэўнымі, вядома, санкцыямі ініцыятару.
2 жніўня 1985 году. 22 гадзіны 20 хвілінаў. На крокамеры 16140! Рэкорд! На гэтым апараце больш яшчэ ніколі не было. Думаю, што ня хутка і будзе… А дзень сапраўды быў вельмі цікавы і зьмястоўны. Ноч прайшла спакойна. Устаў з пасьцелі яшчэ да сямі гадзінаў (афіцыйны “пад’ём” тут у восем гадзінаў). Пасьля ранішняга туалету і да сьняданьня пагартаў учарашнія газеты (сёньняшнія тут бываюць гадзінаў у дзесяць), з гадзіну пачытаў прывезеную сюды з сабою аповесьць Emilii Kunawicz “Serca nienacycone”. Гэтая кніга выйшла ў Ludowej Spotolzichni Wydawniczej яшчэ ў 1964 годзе і неяк мне не траплялася на вочы. А між тым яе варта прачытаць. Аўтарка да Другой сусьветнай вайны працавала настаўніцаю ў Заходняй Беларусі. У польскай, вядома, школе, бо беларускія шавіністычны ўрад Польшчы разагнаў і забараніў!
Аповесьць прысьвечаная жыцьцю беларускай вёскі ў часы Юзафа Пілсудскага. Твор адрозьніваецца шчырай сімпатыяй да беларускага селяніна, вельмі багаты на фрагменты і асобныя ўзоры беларускай вуснай народнай творчасьці. Экземпляр, што перада мною, з аўтографам E. Kunawicz, дадзеным у Вроцлаве “… droqiej dawnej uczenicy p. Ani Sushej-Marcionko”. “Пані” Марцыёнка мне добра знаёмая – сімпатычная паважаная жанчына, журналістка.
Прынёс мне гэтую кнігу прафесар Леанід Барысаглебскі. Я адчуваю, што ў яго мэта падбіць мяне на выданьне яе па-беларуску. Ну, паглядзім, як там будзе далей, а пакуль што мне цікава чытаць яе…
Сёньня ў касьцёле я зьвярнуў увагу на неблагую старую скульптуру з каменю. Гэта фігура сьвятой Барбары. Яе прывезьлі сюды з аднаго разбуранага храма. Пакуль што яна стаіць на падлозе без пастаменту. А пастамент так і просіцца пад яе. Скульптура зайграла б.
Трэба даведацца, хто і калі падарыў касьцёлу абраз айца Кольбэ. Здаецца, у беларускіх касьцёлах больш нідзе яго няма. Я нізка схіляю галаву перад гэтым сапраўды сьвятым Чалавекам! Сваім вялікім подзьвігам ён на вякі праславіў сьвятую сваю Царкву і таксама Чалавека.
Яшчэ да дванаццаці гадзінаў мы былі ўжо гатовыя пусьціцца на вялікую прагулку. Вырашылі пачаць з Марысінага парку. Ад мастка-дамбы пайшлі ўправа. Трапілі на нейкае балотца, а з яго выйшлі прама на гарадскую вуліцу, а праўдзівей, адразу на дзьве вуліцы – Паркавую і Горкага. Гэта значыць, што мы апынуліся перад домам, які стаіць на рагу гэтых вуліцаў. Перад гэтым домам, на тым месцы, дзе мог бы быць тратуар, прама на грудочку стаіць вялікая, у поўны рост, драўляная фігура нейкага казачнага дзеда. Перад ёю групка людзей – малады сімпатычны мужчына, з абодвух бакоў якога стаяла па дзіцяці і пажылая кабета. Стаяць і глядзяць на старога з кульбаю ў руцэ. Другая рука яго схавана пад паху гэтай. Я спытаў, хто аўтар. Малады сказаў, што ён. Пачаў агледзіны і я. Мы разгаварыліся. Ён у 1976 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Саша Літвінаў, як ён сказаў. Працуе ў Мікашэвічах. Сюды прыехаў да цешчы. Я параіў яму зацікавіць сваім мастацтвам галоўнага ўрача ці гарадскога “культурніка”. Можа, і сам я зраблю што-небудзь у гэтым напрамку. Хоць бы заказалі яму некалькі скульптураў для парку ці санаторыя. Нельга, каб такая дасканалая прыгажосьць падпірала плот чыёйсьці “хаты з краю”.