Шрифт:
Над Донам гуляе
Над Донам гуляе
Над Донам гуляе казак ма-а-алады...
Просценькія словы песенькі набіралі незвычайнай сілы. Мелодыя плыла ў паветры шчыльнай, моцнай хваляй — павольна, урачыста. Узрушвала незвычайна і, здавалася, спыняла ў грудзях дыханне.
А дзеўка лье слёзы,
А дзеўка лье слёзы,
А дзеўка лье слёзы ля чыстай ва-а-ды.
Жаліўся чысты высокі тэнар, кідаючы ў прастору трапяткую хвалю голасу:
Пра што дзеўка плача,
Пра што дзеўка плача,
Пра што дзеўка плача над быстрай вадо-о-й?
Сакавітым голасам, які браў за душу, пытаўся тэнар. А хор стройнымі, кінутымі пад самыя зоркі акордамі паўтараў пытанне:
Пра што дзеўка плача?
Тэнар адказваў шчырай скаргай, ад якой патыхала болем, сумам і слёзамі:
Была, мой казача,
Была, мой казача,
Была, мой казача, і я малад-о-о-ой.
Забава ляжаў усхваляваны, заслухаўшыся песняй. Забыўся, дзе ён і куды кіруецца.
Песня скончылася. Стала ціха і тужліва. Толькі ноч абыякава глядзела чорнымі вачыма. Забава думаў цяпер пра людзей, якія спявалі песеньку. Ведаў, што гэта «зялёнкі» — пагранічнікі, — ягоныя ворагі.
«Сярод іх могуць быць добрыя людзі, а вымушаны мяне даганяць, стра- ляць па мне і па іншых, бо я — вораг, — думаў Забава. — А хто зрабіў нас ворагамі?.. Усюды бяссэнсіца. Прырода гэткая багатая, цудоўная, а мы — як сабакі. Грызёмся з-за аб’едкаў ці самі не ведаючы, з-за чаго».
Устаў, прыслухаўся і з рэвальверамі ў руках, з пальцамі на курках, штохві- ліны гатовы да бою, павольна і бязгучна, як здань, рушыў наперад. Пасігаў праз камлі, пні, хмызняк, лаўжы, канавы, нізіны, ручаіны, рэчкі. Быў увесь засяроджаны зрокава, слыхам і нават нюхам, бо ўночы інстынкт самазахаван- ня абвастрае пачуцці надзвычай. Ішоў, адчуваючы ў сабе моц тытана. Г атовы быў выклікаць на паядынак любую сілу. Ноч, маці бедакоў і злачынцаў, была яго магутным хаўруснікам.
Калі часам выходзіў на гасцінец, звычайна шукаў «верставых» слупоў. Слупы тыя былі шыкоўным помнікам старой улады. Цяперашнія нават мастоў не папраўляюць, толькі аб’язджаюць сапсаваныя. Кожны такі слуп здаваўся Забаве таямнічым, даверлівым сябрам, што дапамагаюць яму ў дарозе. Былі старыя, напаўзгнілыя. Фарба з іх аблупілася. Пахіліліся; некаторых не хапала. Былі нямымі сведкамі мяжы, прыгранічча і той, багатай незвычайнымі прыгодамі, дарогі. Мачыў іх дождж, сушыў вецер, паліла сонца, сціскаў мароз, але яны нястомна выконвалі свой абавязак — сур’ёзна, задуменна ўзі- раліся ў мінулае. Кожны новы слуп на той дарозе быў ягоным новым хаўрус- нікам, які прамаўляў без слоў: «Вітаю, дружа. Я 31-ы. Будзь уважлівы: зараз мяжа». «Прывітанне... Я 17-ы. Увага. «Загараджальны атрад». «Салют, я 19-ы. Цяпер Старое Сяло. Сыдзі з дарогі».
У Менск Забава прыйшоў без ніякіх прыгод, калі пачыналася раніца. Бакавымі вуліцамі ўвайшоў у горад і падаўся да кватэры Двалінскіх.
Спадарыня Ядвіга адчыніла яму дзвяры.
— Ах, гэта пан, — прывітала яго гэтак радасна, што зноў адчуў у грудзях казытлівую, цёплую хвалю.
— Часта пра пана думала, нават сніла. Тата таксама пана ўспамінаў. Я думала, — працягвала далей — што гэта матуля вяртаецца. Два дні таму падалася да сваякоў у вёску па харчы...
— Дзе пан Юзаф?
— Як звычайна, на рынак пайшоў. Сёння кірмаш.
Папярэдне Забава заўважыў, што ў Менск ехала шмат фурманак. Паду- маў: «Лепш за ўсё ўваходзіць у места кірмашовымі днямі».
Скінуў старую ватоўку, якую ўзяў у Воўкаўшчыне ў Каліноўскіх, і пачаў здымаць з сябе рэчы, якімі быў абвешаны. Былі гэта падарункі Кароля Фарбы для жонкі і дачкі. Пані Ядвіга была вельмі задаволена. Перасланыя ёй рэчы мелі тым большую каштоўнасць, што ў Саветах лепшай тканіны нельга было зусім купіць, а тыя дрэнныя тавары, якія надаралася набыць незаконна, каштавалі вельмі дорага.
Пасля гарбаты пані Ядвіга сказала Забаве:
— Хачу пагаварыць з панам пра адну справу, толькі. каб гэта не было для пана непрыемна.
— Калі ласка, кажыце. Менавіта гэта самае лепшае.
— Гаварыла з татам. Зразумела, гэта нас не тычыцца, але пан не. кант- рабандыст?
— Дык што? Не разумею, у чым справа.
— Прабачце! Я гэта таму, каб пан не падумаў, што мы баімся. Не. Я нават хачу прапанаваць: калі пану спатрэбіцца хадзіць па горадзе, дык най- лепш са мной, як з жонкай або нарачонай — не так звяртаюць увагу. Калі трэба, калі ласка. Я смелая. Наогул калі што трэба дапамагчы, дык калі ласка. Я маю нават нейкія знаёмствы.
Пані Ядвіга, трохі збянтэжаная, з лёгкай чырванню на шчоках так хораша выглядала, што Забава з непрыхаваным захапленнем глядзеў ёй у вочы. Заў- важыла гэта і змоўкла.
Забава моцна сціснуў яе далонь.
— Шчырае дзякуй, пані, — адказаў. — Для пані без розніцы, хто я. Можа- це толькі быць упэўнены, што аніякай непрыемнасці вам ад мяне не будзе. А што да спрыяння мне, пакуль што нічога не патрабую, а калі ўзнікне неаб- ходнасць, так і скажу.
— Добра. Забылася пра галоўнае: тата купіў для пана вайсковы шынель, амаль новы, шапку, мужчынскі гарнітур і значок. Усё, пра што прасілі.