Шрифт:
Было гэта неўзабаве пасля рэвалюцыі 1905 года. Ромак меў тады сем гадоў і рос хлопчыкам надзвычай уражлівым, з багатай фантазіяй. Кожнае здарэнне рабілася важкай падставаю, каб снаваць бясконцыя мары... Аднойчы, на свята, бацька загадаў яму прыапрануцца і павёў яго ў кіно. Першае наведванне сінематографа зрабіла на Ромку незабыўнае ўражанне. Хлопчык апынуўся ў краіне цудаў, пра існаванне якой нават не падазраваў. На чарадзейным палатне, пад вытанчаныя адлегласцю і прыцемкам гукі скрыпкі і піяніна, пад размеранае туркатанне апарата праплывалі перад ім цудоўныя краявіды нейкай паўднёвай ракі, з маляўнічымі берагамі, прыгожымі наваколлямі. Фільм быў зняты не вельмі ўдала, у некалькі шэрых паўтонаў (якая ж тады была кінатэхніка), але для Ромкі гэта быў цуд, які ўзнёс яго ў найбагацейшую і найвышэйшую краіну мар, казак і сноў.
Кінатэатр, у які трапіў Раманік, зваўся «Увесь свет». Перад ягонымі параднымі дзвярыма, над шыльдай вісеў вялізарны ружовы ліхтар. Ён праменіў навокал мяккае святло, што мільярдамі каляровых іскрынак, блікаў і агнёў пералівалася на снезе, якім была засыпана вуліца. Ліхтар той стаў для Ромкі знакам, нават сімвалам уцялесненых цудаў і ўвабраў у сваіх прамянях «увесь свет»: свет фантастычных прыгод, незвычайных людзей, геройскіх подзвігаў.
Міналі гады. Раманік рос. Зрабіўся палкім аматарам кіно... Почасту расчароўваўся, калі ў гучна разрэкламаваных фільмавых хітах бачыў пыхлівую, пустую дзяшоўку. Але няспынна смактаў яго голад незвычайных уражанняў, якога ніколі не мог наталіць.
Часта, ужо вучнем, прыпыняўся на рагу цэнтральнай вуліцы места, адкуль можна было здалёк бачыць цудоўны ліхтар. Летуценна глядзеў у тым кірунку і, нібыта гэта быў няспынны боль ад нейкай хваробы, адчуваў у душы дзіўны неспакой, які рабіў яго абыякавым да рэчаіснасці, і нават раздражняльным.
Далейшае жыццё Ромака поўнілася незвычайнымі прыгодамі. Неаднойчы мог выбраць паміж выгодамі спакойнага, мяшчанскага ладу жыцця і цёмнай небяспечнай дарогай авантурніцтва. Калі апынаўся на ростані — куды ж падацца, тады непрыкметна ўсплывалі з падсвядомых куточкаў душы прыспаныя лагодныя прамяні ружовага ліхтара і казачна пераўвасабляліся ў сакавітыя колеры, бляскі і вясёлкі менавіта таго небяспечнага шляху, робячы яго неадольна прывабным... І Раманік ішоў па цаліку, да абяцаных цудаў, у краіну ружовых сноў. Ішоў, часта супраць уласнай разважлівасці, насуперак жаданню і наперакор волі.
КАНЕЦ ЧАЦВЁРТАГА ЭТАПУ
«Я выпіла, таварышы, за здароўе мужных людзей моцнай волі. Вы чуеце? Я выпіла за здароўе неразважнага, які вырадзіўся ў сарэнцкага мяшчаніна Пешкова — я выпіла за здароўе той неразважнасці, якая давяла трыгладыта да стану элегантнага еўрапейца. Я выпіла за здароўе таго, што не ведае тупікоў і гарыць вечным агнём імкнення ў невядомыя краіны. Я выпіла за здароўе канквістадораў».
Мікола Хвылёвы.
Раман «Вальдшнепы»
ДЗЁННІК РАМАНА ЗАБАВЫ Стоўбцы, 2 жніўня 1922 г.
Мяне калаціла ад холаду. Сцены камеры, дзе я знаходзіўся, былі выкладзены з вялізных часаных валуноў. З такіх самых валуноў былі скляпенне і пліты на падлозе. Вакол панаваў прыцемак, у якім ледзьве мог адрозніць далоні сваіх рук на каленях. Яны выглядалі невыразнымі белымі плямамі. Я сядзеў на вузкім зэдліку, спінай да мураванай сцяны, убіраючы ў сябе яе холад і волкасць. Перада мною нібыта чорная заслона шчыльна загароджвае ўсю прастору паміж сценамі, столлю і падлогай. Прыцемак не быў аднастайны — месцамі радзеў, потым зноў гусцеў.
Пачуваўся быццам спавітым незвычайным жахам, якім поўнілася ўсё вакол мяне. Трывогу, якую адчуваў, магу параўнаць з трывогай асуджанага, які чакае расстайнай хвіліны, калі будуць выводзіць яго з камеры для выканання смяротнага прысуду. Пакута мая цягнулася доўга.
У нейкае імгненне заслона неўпрыкметку расхінулася. Перада мною адкрылася чэрава даўжэзнага калідора, які знікаў далёка ў цемры. Пра даўжыню таго калідора мог меркаваць па перспектыве зіхоткіх ліхтароў з нікелевымі рэфлектарамі, пастаўленых уздоўж сцяны праз некалькі крокаў адзін ад аднаго. У кожным ліхтары гарэла свечка. Першыя два ліхтары знаходзілася на адлегласці некалькіх крокаў ад мяне, і вышыня кожнага з іх была больш чым паўтара метра.
Як загіпнатызаваны, узіраўся ў глыбіню таго калідора. Удалечыні паказалася чорная пляма. Яна расла, расла і ўсё больш імкліва пасоўвалася да мяне. Спачатку гэтай плямай я проста зацікавіўся, але мяне раптам агарнуў страх. Зірнуў направа, налева: выйсця ніякага... Пляма штораз набірала акрэсленыя формы. Неўзабаве мог ужо адрозніць вострыя суглобы локцяў, абрыс галавы, плеч і чагосьці такога, што выпірала над галавой. Прывід той быў ахутаны чымсьці белым, нібы саванам. Калі гэтае нешта апынулася на адлегласці некалькіх крокаў ад мяне, я зірнуў уніз, на ногі і. ўбачыў дзве вялікія бярцовыя косці... шкілета. Ледзяная хваля дрыготкі пракацілася па спіне, скура на чэрапе сшэрхла, я пачаў уціскацца ў сцяну, нібы жадаючы схавацца ў ёй...
Смерць была ўжо блізка. Да яе заставалася некалькі крокаў. У роспачы кінуўся наперад. Не могучы абмінуць макабрычнай — звышжудаснага выгляду, — постаці, што загарадзіла мне дарогу, хапянуў яе за ногі, адчуваючы ў далонях цвёрдасць костак, рассунуў іх і... шмыгануў паміж імі ў калідор.
Я імчаў з усіх сіл, не азіраючыся. Калідор быў бясконца доўгі. Нібы эскорт, мяне сустракалі шэрагі ліхтароў і залатыя агеньчыкі свечак у іх. Дабег да канца калідора — куды далей? Ага, направа, у малую камеру, падобную да той, з якой толькі што збег, толькі святлейшую. У той камеры заўважыў невялікія прачыненыя дзверы. Над імі вісеў на сцяне карабін і кулямётная стужка патронаў. Сарваў са сцяны карабін і выслізнуў, аслеплены дзённым святлом, на вуліцу.