Шрифт:
Бег далей, уляцеў у нейкі завулак. Азірнуўся. За некалькі дзясяткаў крокаў ад мяне ішлі на ўсю шырыню вуліцы ўзброеныя людзі. Прылёг за падмуроўкай жалезнай агароджы і пачаў страляць у іх. Адказалі тым жа. Страляніна трывала доўга. Заўважыў незвычайнае, што моцна мяне здзівіла: кулі лёталі ў паветры гэтак павольна, што я мог сачыць за кожнай...
Далейшага працягу сну я не меў, паколькі прачнуўся ў сваім пакойчыку, у лядашчым габрэйскім гатэліку, у Стоўбцах, дзе спыніўся праездам да мяжы.
Не прыпісваю снам адмысловага значэння, як гэта робяць людзі забабонныя, але часта сню такія дзіўныя сны, што не магу ўстрымацца ад спакусы занатаваць іх у дзённіку. Мажліва, яны маюць нейкую блізкую сувязь з маім духоўным існаваннем, і дапамогуць у акрэсленні маіх псіхічных схільнасцей. Мажліва, старонні чалавек, калі даведаецца з дзённіка не толькі пра мае сапраўдныя перажыванні, думкі, учынкі, імкненні, пачуцці, але нават і сны — лепш мяне зразумее.
Некалі чытаў дзесьці, што ў чалавечым жыцці няважных рэчаў не існуе. Кожная мае свой уплыў і пэўнае значэнне, большае або меншае. Мне здаец- ца, што чалавеку могуць бачыцца ў сне толькі такія рэчы, якія знаходзяцца ў нейкай сувязі, хоць і далёкай, невыразнай і заблытанай, з яго фізічнай і духоў- най існасцю, з яго густам, летуценнямі і парываннямі.
Абудзіўшыся, не мог зноўку заснуць. Падняўся, запаліў свечку і пачаў занатоўваць у дзённіку гэтыя ўражанні.
Цяпер другая гадзіна ночы. Ціша. Нішто не перашкаджае мне працаваць. Ад нейкага часу прызвычаіўся запісваць у дзённіку сваё жыццё і думкі. Спа- чатку гэта нудзіла. Цяпер пішу з задавальненнем. Уяўляю, што дзялюся сва- імі ўражаннямі з нейкім блізкім, спачувальным сябрам, з якім вольна можна гаварыць пра ўсё.
Думку весці дзённік падказаў мне сябар, якога, на жаль, ужо няма. Я часта распавядаў яму разнастайныя фрагменты свайго жыцця, багатага на незвычайныя прыгоды. Гэта быў чалавек значна культурнейшы, хоць усяго трохі старэйшы за мяне. Тут я дадам, што чалавек той аказаў на мяне вялікі ўплыў. Для яго я адважваўся на такія рэчы, на якія сам ніколі б не рашыўся. Менавіта ён навучыў мяне вучыцца, гэта значыць, мэтанакіравана фармі- раваць самога сябе. Прачытаў, згодна ягоным падказкам, шмат навуковых і навукова-папулярных твораў. Нейкі час я чытаў «нудныя рэчы» не дзеля таго, каб вучыцца, а каб зрабіць яму гэтым прыемнасць, паколькі прыкмеціў, што, абмяркоўваючы са мною прачытаныя кнігі, быў вельмі задаволены, калі заўважаў, што лёгка разумею думкі аўтара і ўмею крытычна да іх ста- віцца.
Неўзабаве адчуў, як шмат карыснага атрымліваю ад тых заняткаў, і сам пачаў гарнуцца да кніг. Калі я і пашырыў трохі свой інтэлектуальны даляг- ляд, дык у тым найперш ягоная заслуга.
Я не любіў паэзію, пагардліва адкідаў у бок усё зрыфмаванае, бо цяр- пець не мог паэтычнай гіпербалізацыі і штучнасці. Мой сябар здолеў абу- дзіць ува мне калі не замілаванне, дык пэўную цікавасць да вершаванага радка і прызнанне несумненна выдатных паэтычных твораў. Аднойчы ён даў мне творы Славацкага. Заўважыў на маім твары грымасу нездаволенасці і непрыхільнасці.
— Паслухай, як гэта прыгожа! — сказаў з запалам. — Добрая паэзія звяр- таецца не толькі да розуму, але і да пачуццяў. Яна багатая рытмам, рыфмай і нават колерамі і гукамі... Калі ласка! Паслухай!
Пачаў дэкламаваць, з вялікім пачуццём, амаль не гледзячы ў кнігу, паэму Юліюша Славацкага «У Швейцарыі»:
Мае ночы з нудоты і дні з пустаты,
Калі знікла ты раптам, як сон залаты.
Гэтыя радкі зачапілі мяне за жывое.
Потым чытаў мне розныя фрагменты і ўрыўкі з іншых твораў Славацкага. У тым ліку з «Бэнёўскага»:
І бачу я, што гэта Бог багоў,
А не жукоў ды жаб, ды чарвякоў.
Захоплены нябеснаю пагоняй Раскрыленых Ён не кілзае коней.
Ён злеплены з грымотнага агню,
Маланкамі сцябае Ён зямлю,
І, як сляза, што ўпала ў пыл дарог,
Я ніцма перад Ім, бо гэта — Бог!
Гэта было нешта такое магутнае, незвычайнае, што я трымцеў у захап- ленні. Потым я чытаў ужо і паэзію, а некаторыя творы нават палюбіў. Наогул, пачаў чытаць уважліва і сур’ёзна. Я не чытаў усё, што трапляла пад руку або што зверне ўвагу кідкім загалоўкам, імкнуўся адшукаць творы найлепшыя, пра якія чуў ад знаёмых або даведаўся з прэсы. Не мог, праўда, усё ж адмовіц- ца зусім ад бульваршчыны. Была яна для мяне дэсертам, якім узнагароджваў сябе за чытанне сур’ёзных кніг. Выглядала гэта так, быццам пасля гутаркі з добра выхаванымі і разумнымі людзьмі ішоў да жанчын лёгкіх паводзінаў, каб пацешыцца і адпачыць. Час марнаваўся, што праўда, то праўда, але што зробіш.
Аднойчы ён сказаў мяне:
— Я заўважыў, што ты добра памятаеш перажыванні нават даўніх гадоў. А тыя перажыванні даволі цікавыя. Паспрабуй іх запісаць. Пішы проста, без нейкай устаноўкі, без перабольшвання і як найбліжэй да праўды. Натуральна, занадта далікатныя месцы можна абыходзіць або змякчаць.
Я адказаў, што гэта вельмі сумна, што лепш самому чытаць і забаўляцца, чым забаўляць кагосьці іншых. Наогул, — працягваў я думку, — гэта неціка- ва, бо тое, што адбылося, я ведаю дасканала.