Вход/Регистрация
Quo Vadis
вернуться

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Нэрон падумаў крыху і вырашыў: — Не! Не цяпер!.. Народ не паверыў бы ўталкоўванню, што Пятроні, Вініць або Пампонія Грэцына падпалілі Рым. Занадта прыгожыя мелі дамы… Сяння трэба іншых ахвяр, а тыя пойдуць пазней.

— Дык дай мне, спадару, ваякоў дзеля аховы, — дамагаецца Хілон.

— Тыгэлін падумае пра гэта.

— Жыцімеш тым часам у мяне, — супакойваў прэфект.

Радасць залунала з аблічча Хілона.

— Выдам усіх! Толькі не марудзьце! Спяшайцеся! — пад’юджваў ахрыплым голасам Хілон.

LI

Пятроні, выйшаўшы ад цэзара, загадаў несціся да свайго дому на Карыны, які з трох бакоў акружаны быў садамі, а перад фронтам меў малы форум Цэцыліяў і дзякуючы таму ацалеў ад пажару.

З тае прычыны іншыя аўгустыяне, якіх дамы пагарэлі поспал з багаццем і каштоўнымі творамі мастацтва, называлі Пятронія шчаслівым. Дый даўно ўжо пра яго казалі, што ёсць ён першародным сынам Фартуны, а штораз жывейшая прыязнь, якою ў апошніх часах абдараў яго цэзар, казаў бы, пацвярджала гэта.

Але той першародны сын Фартуны разважаў цяпер хіба над несувернасцю тае маткі, а дакладней — над падобнасцю яе да Хронаса, пажыраючага собскія дзеці.

— Каб мой дом быў згарэў, а з ім разам мае гэммы, маё этрускае мастацкае суддзё й александрыйскае шкло, медзь карынская, дык мо Нэрон сапраўды забыў бы абразу. На Палукса! І падумаць анно, гэта ж ад мяне толькі залежала, каб у гэнай хвіліне быць прэфектам прэторыянаў. Агалосіў бы тады Тыгэліна за падпальшчыка, бо ж ім і ёсць, убраў бы ў «крывавую туніку», выдаў бы народу, усцярог бы хрысціян, адбудаваў бы Рым. Хто ведае нат, ці доля сумленных людзей не паправілася б. Я павінен быў гэта зрабіць, хоць бы з увагі на Вініція. Пры вялікай навале працы адступіў бы яму ўрадаванне прэфекта — і Нэрон не спрабаваў бы супраціўляцца… Хай бы сабе Вініць хрысціў пасля ўсіх прэторыянаў і самога нат цэзара, што гэта мне б шкодзіла! Пабожны Нэрон!

Нэрон сумленны й міласэрны — пацешнае нат прадстаўляў бы відовішча.

Бестурботнасць Пятронія была так вялікай, што аж пачаў усміхацца. Але праз момант думка ягоная звярнулася ў іншы бок. Здавалася яму, што ён у Анцыюме і што Павал з Тарсу гавора яму: «Называеце нас ворагамі жыцця, але скажы мне, Пятроні, калі б цэзар быў хрысціянінам і паступаў паводле нашай навукі, ці жыццё ваша не было б больш пэўным ды больш бяспечным?»

І, прыгадаўшы гэныя словы, гаварыў сабе далей: — На Кастара! Колькі хрысціян тут замардуюць, столькі Павал знойдзе новых, бо калі свет не можа стаяць на злыднях, дык ягоная праўда… Але хто ведае, ці не мог бы стаяць, калі стаіць. Я сам, хоць шмат чаго навучыўся, не навучыўся, як быць даволі вялікім латругай, і дзеля таго прыйдзецца жылы сабе падрэзаць… Адыж на гэтым і так і гэтак мусіла б скончыцца, а калі б нат не скончылася так, дык скончылася б інакш. Шкада мне Эўнікі ды мае мырэнскае вазы, але Эўніка ёсць вольнай, а ваза пойдзе са мною. Агенабарбус не атрымае яе ні за што! Шкада мне таксама Вініція. А ўрэшце, хоць менш у апошніх часах было нудна, чым даўней — я гатовы. На свеце шмат ёсць рэчаў прыгожых, ды людзі па большай частцы так плюгавыя, што жыцця не варта шкадаваць. Хто ўмеў жыць, той павінен умець паміраць.

Хоць я належаў да аўгустыянаў, ды ўсё ж быў чалавекам больш вольным, чым ім там здаецца, — тут плячыма зрабіў характарыстычны знак з’умлення. — Ім там здаецца мо, што мне ў гэнай хвіліне дрыжаць калені і страх падымае валасы на галаве, а я, вярнуўшыся дадому, выкупаюся вось у фіялкавай вадзе, пасля залатавалосая мая сама мяне намасціць, і па снеданні загадаем сабе пяяць да Апалона гімн Антэміёса. Я ж сам калісь казаў: пра смерць не варта думаць, бо яна і без нашае помачы пра нас думае. Было б, аднак, рэчай годнай подзіву, калі б сапраўды існавалі нейкія прасторы Елісейскія, а ў іх — цені. Эўніка прыйшла б пасля да мяне, і хадзілі б разам па лугох-далінах, уквечаных асфодэлем. Знайшоў бы сабе там таварыства лепшае, чым тут… Што за блазны! Што за балваны, што за зброд плюгавы без густу й палітуры! Дзесяцёх арбітраў элеганцыі не перарабіла б гэных Трымальхіёнаў на прыстойных людзей. На Пэрсэфону! Збрыдзелі яны ўжо мне!

І скеміў, здзіўлены, што нешта падзяляла яго з тымі людзьмі. Ведаў іх добра і ведаў перад тым, што пра іх думаць, а аднак выдаваліся яму цяпер нейкімі далейшымі, больш вартымі пагарды, сапраўды, меў іх ужо ўдосталь.

Пачаў задумоўвацца над сітуацыяй. Дзякуючы сваёй праніклівасці зразумеў, што загуба не пагражае яму цяпер. Нэрон скарыстаўся ж з адпаведнае нагоды, каб выказаць колькі гладкіх слоў аб прыязні, аб прабачэнні і, казаў бы, звязаўся імі. Цяпер шукаціме прэтэкстаў, а пакуль іх знойдзе, можа прайсці шмат часу. «Перадусім зладзіць ігрышча з хрысціян, — казаў сабе Пятроні, — пасля толькі падумае пра мяне, а калі так, дык не варта гэным галавы марочыць, ані змяняць спосабу жыцця. Бліжэйшая небяспека пагражае Вініцію!»

І ад гэнай хвіліны пачаў думаць толькі пра Вініція, якога вырашыў ратаваць.

Нявольнікі неслі прытка лектыку праз румовішчы і лес комінаў, якімі былі шчэ перапоўнены Карыны, але ён загадаў ім бегчы бягом, каб чым хутчэй быць дома. Вініць, «інсуля» якога згарэла, кватараваўся ў яго і, на шчасце, быў дома.

— Бачыў сяння Лігію? — спытаў амаль не на парозе Пятроні.

— Толькі ад яе.

— Слухай, што табе скажу, і не траць часу на пытанні. Сяння ў цэзара вырашана злажыць віну за падпал Рыму на хрысціян. Пагражае ім пераслед і пакуты.

Посціг можа распачацца надта хутка. Бяры Лігію і ўцякай зараз, хоць бы за Альпы або ў Афрыку. І спяшайся, з Палатыну бо бліжэй на Затыбра, чым адсюль!

Вініць іставетна быў не абы-якім ваяком і не траціў часу на лішнія пытанні. Слухаў, насупіўшы бровы, уважны, грозны, але без жаху. Відаць, першым парывам, які будзіўся ў гэнай натуры на вестку небяспекі, была ахвота барацьбы і абароны.

— Іду, — кажа.

— Яшчэ слоўца: вазьмі капшук з золатам, вазьмі зброю і жменю сваіх людзей хрысціян! Магчыма, будзе патрэба адбіваць яе сіламоц!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • 106
  • 107
  • 108
  • 109
  • 110
  • 111
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: