Вход/Регистрация
Quo Vadis
вернуться

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

І ў душы не сумняваўся, што, аднак, пераможа страх. Прымеж таго, па словах ягоных залягло цяжкае маўчанне. Папея і ўсе прысутныя глядзелі ў вочы Нэрону, бы ў абраз, а той закапыліў губу аж пад самыя ноздры, як рабіў заўсёды, калі не ведаў, што пачаць; цяжкая турботлівасць і знеахвота маляваліся ў ягоным твары.

— Доміне! — адазваўся, бачачы гэта, Тыгэлін. — Дазволь мне адыйсці, бо, калі хочуць выставіць на згубу тваю асобу, а пры тым завуць маладушным цэзарам, маладушным паэтам, вушы мае не могуць знесці такіх слоў.

«Прайграў», — падумаў Пятроні.

Але звярнуўся да Тыгэліна, пранізаў яго вокам, у якім іграла вялікапанская пагарда, пагарда вытанчанае асобы для нікчомніка, і кажа: — Тыгэлін, цябе я назваў камедыянтам, бо ты камедыянт нат і цяпер.

— Ці таму, што не хачу слухаць тваіх зняваг?

— Таму, што прыкідваешся безгранічным прыяцелем цэзара, а перад хвілінай пагражаў яму прэторыянамі, зразумелі мы гэта ўсе і ён таксама.

Тыгэлін, які не спадзяваўся, што Пятроні асмеліцца кінуць яму на стол гэткія косці, збялеў, абязглуздзеў і занямеў. Але была гэта апошняя перамога арбітра элеганцыі над праціўнікам, бо ў тым жа моманце Папея адазвалася: — Доміне, як можаш дазволіць, каб нат думка такая прайшла праз чыюсьці галаву, а тым больш, каб хто асмеліўся выказаць яе ўголас у тваёй прысутнасці!

— Спыні рызыканта! — азваўся Вітэлі.

Нэрон зноў падняў губу і, скіраваўшы на Пятронія свае шклястыя вочы блізагляда, сказаў: — Дык так ты адплачваешся мне за любасць, якою я цябе ганараваў?

— Калі няпраўду гавару, дакажы мне гэта, — адказвае Пятроні, — але ведай, што гавару гэта з наказу любові да цябе.

— Пакарай рызыканта! — паўтарае Вітэлі.

— Зрабі гэта! — адзываецца шчэ некалькі галасоў.

У атрыюме зрабілася сумятня і шум, бо людзі пачалі адыходзіць ад Пятронія. Адыйшоў нат Тулій Сэнэцыё, ягоны сталы прыдворны таварыш, і малады Нэрва, які аказваў яму дагэтуль найжывейшую прыязнь. Незабаўна Пятроні сам застаўся з левага боку атрыюма і, разгортваючы са смехам хванды тогі, чакаў, што скажа ці рабіціме цэзар. А цэзар адзываецца: — Дамагаецеся кары, адыж гэта мой прыяцель і таварыш, дык хоць зраніў мне сэрца, хай ведае, што гэнае сэрца для прыяцеляў мае толькі… прабачэнне.

«Прайграў і прапаў!» — падумаў Пятроні.

Цэзар устаў, нарада была скончана.

L

Пятроні пайшоў, а Нэрон з Тыгэлінам перайшлі да атрыюма Папеі, дзе чакалі на іх людзі, з якімі прэфект нядаўна гутарыў. Было там двух рабінаў з Затыбра, апранутых у доўгія ўрачыстыя шаты, з мітрамі на галавах, малады пісар, іхні памочнік, і Хілон. Убачыўшы цэзара, святары пабялелі і, падняўшы на вышыню пляча рукі, пахілілі галовы аж да рук.

— Авэ, манарх манархаў, кароль каралёў! — адазваўся старэйшы. — Вітай, валадару зямлі, апякуне выбранага народу і цэзар, льве між людзьмі, панаванне якога — гэта сонечная светласць, гэта цэдр лібанскі, свежая крыніца, пальма цяністая, бальзам ерыхонскі!..

— А богам мяне не называеце? — спытаў цэзар.

Святары збялелі яшчэ мацней; старшы зноў адазваўся: — Твае словы, уладару, салодкія, моў вінаграду гронка, моў спелая фіга, бо Егова напоўніў дабрынёю тваё сэрца. Але папярэднік айца твайго, Кай Цэзар, быў звераваты, а аднак пасланцы нашы не называлі яго богам, гатовыя былі хутчэй прыняць смерць, чым абразу Закону.

— І Калігула загадаў іх кідаць львом?

— Не, уладару. Кай Цэзар засцярогся гневу Еговы.

І паднялі галовы, бо імя магутнага Еговы дадало ім адвагі. Веручы ў моц ягоную, смялей глядзелі ў вочы Нэрону.

— Абвінавачваеце хрысціян, што спалілі Рым? — спытаў цэзар.

— Мы, доміне, абвінавачваем іх толькі за тое, што яны ворагі Закону, ворагі чалавечага роду, ворагі Рыму й твае, яны даўно пагражалі гораду і свету агнём. Астатняе даскажа табе гэты вось чалавек, вусны якога не знячышчаны лгарствам, бо ў жылах маткі ягонай плыве кроў выбранага народу.

Нэрон звярнуўся да Хілона: — Хто ж ты такі?

— Абажацель цябе, Озырысе, а пры тым убогі стоік… — Ненавіджу стоікаў, — кажа Нэрон, — ненавіджу Трэзэя, ненавіджу Мусонія і Корнута. Гідзіць мяне іхняя мова, іхняя пагарда мастацтва, іх самахотная абнегацыя жыцця ды няхлюйства.

— Доміне, твой настаўнік Сэнэка мае тысячу сталоў цыпрысавых. Загадай мне, а буду мець удвая больш. Я стоік з патрэбы. Прыбяры, о светазарны, мой стоіцызм у ружовы вянок і пастаў перад ім збанок віна, а пяяціме Анакрэонта так, што заглушыць усіх эпікурэйцаў.

Нэрон, якому прыпаў да смаку эпітэт «светазарны», ухмыльнуўся й кажа: — Падабаешся мне!

— Гэны чалавек варты столькі золата, колькі сам важыць, — зацеміў Тыгэлін.

А Хілон адказвае: — Дапоўніш, спадару, маю вагу тваёю шчодрасцю, бо інакш вецер панясе заплату.

— Іставетна, не пераважыў бы нат і Вітэлія, — дадаў цэзар.

— Эгэў, срэбнавясёлкавы, мой досціп ня ёсць валавяны.

— Бачу, твой Закон не забараняе табе зваць мяне богам?

— О, несмяротны! Мой закон — гэта ты. Хрысціяне блюзнілі супраць яго, і таму я іх зненавідзеў.

— Што ж табе ведама пра хрысціян?

— Ці дазволіш мне плакаць, боскі?

— Не, — кажа Нэрон, — гэта нудзіць мяне.

— Утрайне праўду кажаш, бо тыя вочы, што цябе бачылі, павінны раз назаўсёды высахнуць ад слёз. Барані мяне, спадару, ад маіх непрыяцеляў!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • 106
  • 107
  • 108
  • 109
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: