Шрифт:
— Паслухай, боскі, мяне! — кажа. — Гэта рада пагубная! Пакуль даедзеш да Остыі, пачнецца хатняя вайна. Хто ведае, ці каму з жывых — хай сабе і пабочных — нашчадкаў боскага Аўгуста не заманецца агалосіць сябе цэзарам, а тады што рабіцімем, як легіі стануць па ягоным баку?
— Пастараемся загадзя, — адказвае Нэрон, — каб не было каму на трон цэзара спакушацца. Няшмат іх ужо засталося, дык забяспечыцца ад іх лёгка.
— Зрабіць гэта можна, але ж ці толькі пра іх расходзіцца? Мае людзі не далей, як учора, падслухалі жаданні натоўпу, што цэзарам павінен быць такі муж, як Трэзэй.
Нэрон прыкусіў вусны. Цераз момант, аднак, падняў вочы ўгару і адазваўся: — Ненасытныя ды няўдзячныя. Маюць жа даволі збожжа і жару, на якім могуць бонды пячы, чаго ж ім хочацца больш?
На гэта Тыгэлін кажа: — Помсты!
Настала цішыня. Нараз цэзар устае, падымае руку ўгару і пачынае дэкламаваць: Сэрцы помсты клічуць, а помста — ахвяры… Дый, забыўшы пра ўсё, кажа з распагоджаным абліччам: — Дайце мне таблічку й стыль, мушу гэны верш запісаць. Люкану ніколі такі не прыйшоў на думку. Ці адцемілі вы тое, што паўстаў ён воміг?
— О, незраўняны! — адазвалася некалькі галасоў.
Нэрон запісаў верш і кажа: — Так, помста дамагаецца ахвяры.
І вадзіў вачыма па прысутных.
— Ну, а каб распусціць вестку, што гэта Ватыні падпаліў горад, і выставіць яго на гнеў народу?
— О, боскі! Хто ж я такі? — адазваўся Ватыні.
— Праўда, трэ каго-небудзь большага за цябе… Вітэлія?..
Вітэлі збялеў, але пачаў рагатаць.
— Маё сала, — адказвае, — магло б нанава разняціць пажар.
Але Нэрон меў што іншае на думцы, бо шукаў у душы ахвяры, якая б сапраўды магла супакоіць гнеў народу, і знайшоў яе.
— Тыгэлін! — адазваўся па хвіліне. — Ты спаліў Рым?
Дрыготы скаланулі прысутнымі. Сцямілі, што цэзар у даным моманце не жартуе, ды што надыходзіць хвіліна грозная.
Твар Тыгэліна зморшчыўся, бы пашча кусашчага сабакі.
— Я спаліў Рым з твайго загаду, — бароніцца.
І пачалі пранізвацца зекрамі, моў два дэманы. Настала такая цішыня, што зык мухі быў чуцён, пралятаючай праз атрыюм.
— Тыгэлін, — адазваўся цэзар, — ці ты любіш мяне?
— Табе ж ведама, уладару.
— Дык ахвяруйся для мяне!
— Боскі цэзару, — выкручваецца Тыгэлін, — чаму падаеш мне салодкі нектар, якога да вуснаў не можна прыткнуць? Народ абураецца й наракае, ці хочаш, каб пачалі абурацца й прэторыяне?
Жах скаваў сэрцы прысутных. Тыгэлін быў прэфектам прэторыі, і словы ягоныя мелі значэнне папросту пагрозы. Сам Нэрон сцяміў гэта і збялеў.
Нараз уваходзіць Эпафрадыт, цэзараў вызвольнік, з дакладам, што боская аўгуста жадае бачыць Тыгэліна, бо ёсць у яе людзі, якіх прэфект мусіць выслухаць.
Тыгэлін схіліўся й выйшаў з мінаю спакойнаю й абрызглаю. Калі вось маніліся яго ўдарыць, паказаў зубы, паказаў, кім ёсць, і, ведаючы палахлівасць Нэрона, быў пэўны, што гэны валадар свету ніколі не наважыцца падняць на яго рукі.
А Нэрон сядзеў праз момант моўчкі, але, бачачы, што прысутныя чакаюць ад яго слова, кажа: — Выгадаваў сабе вужа на грудзях.
Пятроні зрабіў жэст плячыма, як бы хацеў сказаць, што такому вужу не цяжка й голаў адарваць.
— Ну, што ты скажаш? Рай, кажы! — адзываецца Нэрон, скеміўшы ягоны манер. — Табе аднаму давяраю, бо ты маеш болей розуму за іх усіх ды любіш мяне!
Пятроні трымаў ужо на канцы языка: «Назнач толькі мяне прэфектам прэторыі, а я выдам народу Тыгэліна і ў вадным дню уціхаміру горад». Але лянівая ўдача ягоная перамагла. Быць прэфектам — гэта значыла фактычна несці на сваіх плячах асобу цэзара і тысячы публічных справаў. Нашто яму гэты цяжар? Ці ж не лепш чытаць сабе ў раскошнай бібліятэцы вершы, любавацца мастацтвам або песціць-галубіць, трымаючы на каленях, боскае цела Эўнікі ды цалаваць яе? Дык адказвае: — Я раю ехаць у Ахайю.
— Эх, — гаворыць Нэрон, — я спадзяваўся ад цябе чаго большага! Сенат ненавідзіць мяне. Як выеду, хто мне заручыць, ці не ўзбунтуюцца супраць мяне ды не агалосяць каго іншага цэзарам? Народ быў мне даўней верны, але сяння пойдзе за імі… На Гадэса! Каб гэты сенат ды гэты народ меў адну галаву!..
— Дазволь адцеміць сабе, о боскі, што, жадаючы захаваць Рым, трэба захаваць хоць некалькі рымлян, — сказаў, усміхаючыся, Пятроні. Але Нэрон наракаў далей: — Што мне з Рыму ды рымлян! Послух меў бы я толькі ў Ахайі. Тут акружае мяне толькі здрада. Усе мяне пакідаюць! І вы гатовыя мяне здрадзіць!
Ведаю гэта, ведаю!.. Вам нат і не думаецца, што скажуць пра вас патомныя вякі, калі апусціце такога мастака, як я!
Тут нагла ўдарыў сябе ў лоб і падносіць голас: — Праўда!.. У гэным матавіле турботаў і сам забываюся, кім я.