Вход/Регистрация
Quo Vadis
вернуться

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

С. 173: …як бы іх чуў ад пытыі ў Дэльфах… — Пытыямі называліся жрыцы-прадказальніцы з святыні Апалона ў Дэльфах, горадзе блізу паўночнага ўзбярэжжа Карынфскай затокі; аракула зазвычай пыталіся ў найважнейшых выпадках, а адказы пытыі, якую нібыта натхняў сам Апалон, вызначаліся туманнасцю і двухсэнсоўнасцю.

С. 174: Тразымэнскае возера — вялікае, больш за 15 км даўжынёю, возера ў 150 км на поўнач ад Рыма.

С. 175: Цырцэя — легендарная чараўніца, дачка бога сонца Геліёса, што жыла на востраве Эя; Цырцэя ператварала ў разнастайных жывёлаў усіх, хто трапляў на востраў, але Адысей апынуўся адзіным, хто здолеў не паддацца ейным чарам.

С. 176: Мізэнум — мыс і горад у Кампаньі блізу Байя.

С. 177: Арыцыя — горад у 30 км на паўднёвы захад ад Рыма. Марсавае поле — плошча на беразе Тыбру ў паўночна-заходняй частцы Рыма, месца сходаў, шпацыраў і забаў. Лянавіюм — старажытны горад няўздалеч Альбанскіх гораў.

С. 178: …выліў ёй на голаў коўш фалерну… — маецца на ўвазе адзін з лепшых гатункаў італьянскага віна, выраблянага ў калябярэжнай вобласці Фалерн на поўначы Кампаньі.

С. 179: …на боскую валадарку пафійскіх гаёў… — г. зн. на Афрадыту, бо сярод пафійскіх гаёў на востраве Крыт знаходзілася найзнакамітшая святыня Афрадыты.

С. 180: Кай Вярэс (памёр у 43 г. перад н. э.) славіўся вялікім скарбам, прыдбаным, аднак, шляхам бессаромнага рабавання Сіцыліі, якою кіраваў у 73–71 гг. перад н. э. Праксытэлес, Мірон, Скопас, Лізыпас — знакамітыя грэцкія скульптары; напрыклад, Мірон (V ст. перад н. э.), славуты сваімі дасканалымі выявамі чалавечага цела ў руху. …ці на Паросе, Пантэліконе існуе падобны мармур… — Востраў Парос у Эгейскім моры і гара Пантэлікон у Атыцы (на паўночны захад ад Афін) славіліся радовішчамі мармуру.

С. 182: Радос — вялікі востраў ля паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Малое Азіі з аднайменным галоўным горадам, дзе знаходзіўся так званы Калос Радоскі, якога старажытныя людзі ўважалі за адно з сямі цудаў свету, бо гэта была гіганцкая бронзавая статуя бога Геліёса вышынёй звыш 30 м, узведзеная ў пачатку III ст. перад н. э. ля ўваходу ў гарадскую гавань. Панопа — горад у Факідзе, вобласці на паўночным узбярэжжы Карынфскай затокі, дзе яшчэ ў II ст. н. э. паказвалі астаткі гліны, з якой Праметэй нібыта выляпіў першых людзей. Леда — згодна міфу, жонка спартанскага караля Тындарэя, якую пакахаў Зэўс і з’яўляўся да яе ў выглядзе лебедзя, пасля чаго Леда знесла яйка (а ў некаторых версіях міфа гаворыцца аб некалькіх яйках), адкуль вылупілася Гэлена-Прыгажуня; шкарлупінне таго яйка паказвалі ў Спарце яшчэ ў II ст. н. э. Панцыр сармацкі — племя сарматаў, або саўраматаў, жыло у наваколлі Мэатыйскага возера (цяпер — Азоўскае мора), а вышэйназваны панцыр захоўваўся ў святыні Асклепіёса ў Афінах і сапраўды быў зроблены з конскіх капытоў шляхам наразання тонкіх пластак і змацоўвання іх паміжсобку. Эўбея — вялікі востраў ля ўсходняга ўзбярэжжа Сярэдняй Грэцыі.

Александрыя — маецца на ўвазе горад на востраве Фарос, ля якога знаходзіўся знакаміты маяк (больш за 100 м вышынёю), пабудаваны ў пачатку III ст.

перад н. э., адно з сямі цудаў свету. Мэмфіс — сталіца Старажытнага Егіпту (на поўдзень ад сучаснага Каіра), знакамітая праз свае святыні. Волас Ізыды — калі мужа Ізыды, Озырыса, забіў ягоны брат Сэт, жанчына сабрала кавалкі парэзанага цела і пахавала іх; пазней Озырыс уваскрос з ейнай дапамогаю ды заўладарыў у падземным свеце. Мемнон — у грэцкай міфалогіі валадар Этыёпіі, хаўруснік траянцаў; лічылася, што велізарная фігура, узведзеная ў Егіпце за часамі фараона Аменхатэпа III (2-я палова ХV ст. перад н. э.), увасабляла менавіта Мемнона; пашкоджаная землятрусам, статуя вывяргала на досвітку гук, пра які казалі, што гэта Мемнон вітае сваю матку, багіню Эос; статуя Мемнона была таксама адным з цудаў свету.

С. 184: Апіс — егіпскі бог урадлівасці.

С. 185: Арэс — бог вайны ў грэкаў, атоесамліваны з рымскім Марсам.

С. 186: Сажалка Агрыпы — мяркуюць, што яна размяшчалася на так званым Полі Агрыпы, крыху на ўсход ад Марсавага поля. Дыяна Эфеская — горад Эфес славіўся сваёю святыняю Артэміды (Дыяны).

С. 194: Афрыканскі Сэкст — неправамоцна дапушчаны пераклад імя аўтарам беларускага тэксту; маецца на ўвазе Сэкстый Афрыкан, знакаміты сенатар, консул 59 г. Рэгул Аквілін — вядомы даказчык і абвінаваўца. Сулій Нэрулін — тут недакладнасць: гаворка павінна весціся не пра консула 50 г. Сулія Нэруліна, а пра зводнага брата Карбулона, вядомага даказчыка Публія Сулія Руфа.

С. 196: На Пасінунцкую Цыбулу! — Горад Пасінунт у цэнтральнай частцы Малое Азіі блізу Дындымэнскае гары быў цэнтрам культу Кібулы.

С. 199: Атэ — у грэцкай міфалогіі ўвасабленне неўтаймоўнага гневу, раз’юшанасці. Фрэгеле — горад у Лацыі, 90 км на паўднёвы ўсход ад Рыма.

С. 203: Паркі — у рымскай міфалогіі багіні лёсу, атоесамліваюцца з грэцкімі Мойрамі.

С. 205: Пэрсый Флак Аўл (34–62) — рымскі паэт-сатырык. …выданне эклогаў Віргілія… — «Эклогі», або «Буколікі» — зборнік твораў рымскага паэта Публія Віргілія Марона (70–19 гг. перад н. э.).

С. 208: Флора — рымская багіня раслін, кветак і садоў. Пратэй — у грэцкай міфалогіі сын Пасейдона, марское боства, здольнае пераўвасабляцца ў разнастайныя істоты.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 154
  • 155
  • 156
  • 157
  • 158
  • 159
  • 160
  • 161
  • 162
  • 163

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: