Шрифт:
— Тваіх справак там няма?
— Ёсць, толькі аўтар не цэліў, бо я адначасна й горшы, і менш паскудны, як мяне апісаў. Мы, бач, тут даўно ўжо загубілі пачуццё таго, што годнае або нягоднае, і мне самому здаецца, што сапраўды гэнай розніцы няма, хоць Сэнэка, Мусоні й Трэсэй строяць міну, быццам яе бачаць. Мне дык усё роўна, на Геркулеса! Кажу тое, што думаю! Але я захаваў тую вышэйшасць, што магу адрозніць брыдоту ад прыгаства, а таго, напрыклад, наш рудабароды паэт, фурман, пяюн, танцор і актор — не цяміць.
— Шкада мне, аднак, Фабрыцыя! Гэта добры таварыш.
— Згубіла яго самалюбства. Кожны яго падазраваў, але ніхто добра не ведаў, на бяду — ён сам не мог вытрымаць і на ўсе бакі разгаласіў «пад сакрэтам». Ці ты чуў гісторыю Руфіна?
— Не.
— То пяройдзем у фрыгідарыюм, крыху ахалодзімся й раскажу табе яе.
Перайшлі ў фрыгідарыюм, пасярод якога біў угору вадаліў, акрашаны ясна-ружовым колерам, разносячы пах фіялкаў. Там паселі ў нішах, павысціланых шоўкам, і пачалі халадзіцца. Хвілінку маўчалі. Вініць углядаўся на бранзовага Фаўна, што, перагнуўшы сабе цераз плячо німфу, шукаў прагавіта вуснамі ейных вуснаў, пасля кажа: — Гэты добра робіць. Во што найлепшае ў жыцці.
— Больш-менш! Але апрача таго кахаеш вайну, якой я не люблю, ногці бо пад палаткамі пукаюцца й губяць сваю ружаву. Але кожны мае свае ўпадобы.
Рудабароды любіць песні, злашча свае собскія, а стары Скаўр сваю вазу карынфскую, якая ўначы стаіць пры ягоным ложку і якую цалуе, калі не можа спаць. Выцалаваў ужо ейныя берагі. Скажы, а ты ж не пісаў вершаў?
— Не, не згарадзіў ніколі аніводнага гекзаметру.
— І не граеш на лютні ды не пяеш?
— Не.
— А не ездзіш?
— Быў на перагонках калісь у Антыохіі, але не пашанцавала.
— Тады я аб табе спакойны. А да якога старонніцтва належыш у гіпадроме?
— Да зялёных.
— Тады я зусім спакойны, тым больш, што хоць маеш вялікую маёмасць, але не так багаты, як Палас або Сэнэка. Бо, бач, у нас цяпер добра пісаць вершы, пяяць пры лютні, дэкламаваць і ездзіць навыперадкі ў цырку, але яшчэ лепш ды бяспечней не пісаць вершаў, не граць, не пяяць і не выпераджацца ў цырку. Найлепш умець выказваць подзіў, калі гэта робіць Рудабароды. Ты прыстойны хлопец, тое хіба табе можа толькі пагражаць, што Папея закахаецца ў цябе. Але яна завялікі мае ў гэтым дослед. Даволі накахалася за першых двух мужоў, дык пры трэцім ёй расходзіцца пра што іншае. Ці ведаеш, што гэны дурны Атон і дагэтуль кахае да адчаю… Бродзіць там па скалах Гішпаніі ды ўздыхае. І гэтак апрасцеў ды абняхаеўся, што на ўкладанне фрызуры патрабуе цяпер толькі тры гадзіны дзенна. Хто гэтага ад Атона мог спадзявацца.
— Я яго разумею, — адказаў Вініць. — Але на яго мейсцы рабіў бы што іншае.
— Што іменна?
— Збіраў бы верныя сабе легіі з тамашніх горцаў. То хвацкія ваяры, тыя іберыйцы.
— Вініць! Вініць! Хочацца сказаць табе, што ты да гэтага не быў бы здольны. А ведаеш чаму? Такія рэчы робяцца, але аб іх не гаворацца нат умоўна. Я кпіў бы на ягоным мейсцы з Папеі, кпіў бы з Рудабародага і фармаваў бы сабе легіі, толькі не з іберыйцаў, а з іберыек. Эвентуальна, пісаў бы эпіграмы, якіх, пэўна ж, не адчытваў бы нікому, як небарак Руфін.
— Ты ж маніўся мне расказаць ягоную гісторыю.
— Раскажу табе ў унктуарыюме.
Але ў унктуарыюме цікавасць Вініція звярнулася на што іншае, менавіта на чароўныя нявольніцы, якія чакалі там на купальнікаў. Дзве з іх, негрынкі, нібы стройныя гебановыя статуі, пачалі масціць іхняе цела арабскімі пахнідламі, іншыя, спрытныя часальніцы, фрыгійкі, трымалі ў мяккіх і гнуткіх, бы вужы, ручонках паліраваныя сталёвыя люстры й грабяні, а дзве, ну проста як багінькі, дзяўчаткі з Кос чакалі, як «vaestiplicae» [5] , на статуэтнае ўкладанне тогаў.
5
Вестыплікі, служанкі (лац.).
— На Зэўса-Хмараўлада! — не вытрымаў Марк. — Які тут у цябе кветнік!
— Лепшы выбар, чым лік, — адказаў Пятроні. — Уся мая фамілія ў Рыме маець не больш як чатырыста галоў, і, думаю, да асабістае прыслугі дарабковічы хіба патрабавалі б болей.
— Прыгажэйшых русалак хіба й Рудабароды не мае, — казаў, раздымаючы ноздры, Вініць.
На гэта Пятроні з прыязнаю абыякавасцю адказвае:
— Ты мой сваяк, а я не такі няўжытак, як Басс, ані такі педант, як Аўл Плаўт… Але Вініць, пачуўшы гэтае апошняе імя, забыў на хвіліну пра русалкі з Кос і, сцяпянуўшы галавою, спытаў: — Скуль табе прыйшоў у голаў Аўл Плаўт? Ці ведаеш, я, выбіўшы руку пад горадам, прабыў колькінаццаць дзён у іхнім доме. Здарылася, што Плаўт праязджаў у момант прыпадку і, убачыўшы маё цярпенне, забраў мяне да сябе, а там ягоны нявольнік, лекар Мірміён, вылячыў мяне. Аб гэтым хацеў з табою гутарыць.
— Чаму? Ці не закахаўся прыпадкам у Пампонію? Тады шкада было б цябе: не маладая дый цнатлівая! Не ўмею сабе ўявіць горшага, чым гэта спалучэнне. Брр!
— Не ў Пампонію, эгэў! — перабівае Вініць.
— Ну, то ў каго ж?
— Каб жа я сам ведаў, у каго. Атожбо нат добра не ведаю, як імя? Лігія ці Каліна? Дома завуць яе Лігіяй, родам бо з народу лігаў, а ейнае барбарскае імя Каліна. Дзіўны сапраўды дом гэтых Плаўтаў: роіцца ў ім, а ціха, як у гаёх Субякума. Праз колькінаццаць дзён не ведаў я, што жыве ў ім боства. Аж раз на світанні ўгледзеў яе, як мылася пры агародным вадаліве, і прысягаю табе на гэную пену, з якой паўстала Афрадыта, што касулі ранняе зараніцы прасвятлялі навылет ейнае цела. Здавалася, як сонца ўзойдзе, то яна расплывецца мне ў святле, як расплываецца зараніца. Ад той пары я бачыў яе двойчы, і ад тае пары я не знаю, што такое супакой, не знаю іншых пажаданняў, не хачу бачыць, што можа мне даць горад, не хачу жанчын, не хачу золата, не хачу медзі карынфскай, ні бурштыну, ні перлаў, ні віна, ні банкетаў, толькі жадаю Лігіі. Кажу табе шчыра, Пятроні, што тужу па ёй, як тужыў той Сон на мазаіцы ў тваім тэпідарыюм за Пейсытаю, тужу цэлымі днямі й начамі.