Шрифт:
Але ён пра тое не дбаў. Не забыў, што гэты народ любіў таксама і Брытаніка, якога Нэрон звёў із свету, і Агрыпіну, якую загадаў замардаваць той жа Нэрон, і Актавію, якую задушылі на Пандатарыі, падрэзаўшы ёй жылы ў гарачай пары, і Рэбелія Плаўта, што быў выгнаны, і Трэзэя, якому кажнае заўтра магло прынесці смяротны прысуд. Паважанне людское магло быць уважаным хутчэй за дрэнны прагностык, а скептычны Пятроні быў адначасна забабонны. Натоўпу не любіў падвойна: і як арыстакрат, і як эстэт. Людзі з запахамі пражанага бобу ў запазусе, а пры тым вечна ахрыплыя й спацелыя ад ігры ў мору на рагох вуліц ды перыстылях, не заслужвалі ў яго на назову людзей.
Дык зусім не звяртаючы ўвагі на авацыі, ані на пасыланыя стуль ці ссюль цалункі, расказваў Марку справу Пэданія і кпіў пры тым з нясталасці вулічнае галайстры, якая назаўтра пасля грознага абурэння віватавала Нэрону, як праязджаў у святыню Ёвіша Статара. Але перад кнігарняй Авірануса казаў затрымацца і, высеўшы, купіў аздобны рукапіс, каторы аддаў Вініцію.
— Гэта падарунак табе, — сказаў.
— Дзякую! — адказаў Вініць і, зірнуўшы на загаловак, спытаў: — «Сатырыкон»? Гэта нешта новае. Чыё гэта?
— Маё. Але я не хачу йсці ў сляды Руфіна, гісторыю якога меў табе расказаць, ані ў сляды Фабрыцыя Вэента, таму ніхто аб гэтым не ведае, а ты нікому не кажы.
— Казаў, што не пішаш вершаў, — прыпамінае Вініць, заглядаючы ў сярэдзіну, — а тут вось бачу прозу, густа імі пераплеценую.
— Як будзеш чытаць, звярні ўвагу на банкет Трымальхіёна. Што да вершаў — збрыдлі мне ад тае пары, як Нэрон пачаў пісаць эпас. Вітэль, бач, хочучы сабе дагадзіць, закладае сабе ў горла палачку з косці слановае; іншыя паслугоўваюцца перынамі фламінгаў, мачанымі ў аліве або ў адвары мацярдушкі. Я ж чытаў паэзію Нэрона і — вынікі ў той жа хвіліне. Магу іх пасля хваліць, калі не з чыстым сумленнем, то з чыстым страўнікам.
Гэта сказаўшы, зноў затрымаў лектыку перад залатаром Ідуменам і, заладзіўшы справу гэммаў, загадаў нясціся проста да Аўлаў.
— Па дарозе, на доказ, да чаго даводзіць аўтарcкае самалюбства, раскажу табе гісторыю Руфіна.
Але пакуль яе распачаў, то і звярнулі на Вікус Патрыцыюс ды незабаўна стаялі пры доме Аўла. Малады і дужы «janitor» [15] адчыніў ім дзверы ў остыюм, над якімі сарока ў клетцы вітала крыклівым: «Salve!» [16] Ідучы з другіх сяней, званых остыюм, у самы атрыюм, Вініць кажа: — Ці звярнуў увагу, што прыдзверны тут без ланцугоў?
15
Брамнік (лац.).
16
Салют! Здароў! (лац.).
— Гэта дзіўны дом, — адказаў паўголасам Пятроні. — Пэўна табе ведама, Пампонію Грэцыну падазравалі, што практыкуе ўсходні забабон, сутнасць якога — аддаваць чэсць нейкаму Хрысту. Здаецца, прыслужылася ёй Крыспініла, якая не можа дараваць Пампоніі, што аднаго мужа было дастаткова ёй на цэлае жыццё. Унівіра!.. Скарэй здарыцца сяння ў Рыме паўмісак рыжкоў з Норыкума. Судзілі яе дамовым судом… — Праўду кажаш, што гэта дзіўны дом. Потым раскажу табе, што я тут бачыў і чуў.
Тым часам прыйшлі ў атрыюм. Загадчык ягоны, нявольнік, так званы «аtriensis», выслаў наменклатара, каб далажыў аб гасцях, адначасна служкі падсунулі ім крэслы й столячкі пад ногі. Пятроні, які не бываў у гэтым доме, старонячыся ад суровага суму, які там быццам валадарыў, разглядаўся навокал з пэўным здзіўленнем, бо атрыюм зусім не рабіў сумнага ўражання. З адкрытай гары падаў сноп яснага святла, рассыпаючыся ў тысячу іскраў на вадапырску.
Квадратная сажалка з фантаннай усярэдзіне, прырыхтаваная для прыймання дажджу, падаючага праз адкрытую гору, а называная «імплювіюм», была акружана анемонамі й лілеямі. Відаць, у доме кахаліся ў лілеях, было іх купіны — і белых, і чырвоных, і ўрэшце шатыровых ірысаў, далікатныя пялёсткі якіх былі як бы пасрэбраныя вадзяным пылам. Сярод мокрых мхоў, якімі прыкрытыя былі дайнічкі з лілеямі, і сярод пукоў лісця відны былі бронзавыя статуйкі дзяцей і воднага птаства. У адным куце бронзавая лань нахіліла сваю запляснелую ад вогкасці галованьку да вады, казаў бы жадала напіцца. Падлога ў атрыюме была з мазаікі; сцены часткова з чырвонага мармуру, часткова маляваныя ў дрэвы, рыбы, птушкі й грыфы, вабілі вока йгрою красак. Ад дзвярэй да баковак упрыгожаны былі чарапашнікам або нат слановай косцю; пры сценах між дзвярмі стаялі статуі продкаў Аўла. Усюды відзён быў спакойны дастатак, далёкі ад пышнае збыткоўнасці, але шляхотны й самапэўны.
Пятроні, які без параўнання жыў пышней ды страйней, не мог тут, аднакава ж, знайсці ані аднае рэчы, якая б рэзала ягоны густ, дык звярнуўся з гэтым да Вініція, аж тут нявольнік-вэлярыюс адсунуў заслону, аддзяляючую атрыюм ад таблінума, і ў глыбі дома паказаўся спяшаючы Аўл Плаўт. Быў гэта чалавек ужо пажылы, з белаю галавою, але чорствы, з энергічным тварам, крыху прыкараткім, але затое падобным да галавы арла. Гэты раз было відно на ім пэўнае здзіўленне, а нат трывога з прычыны адведзін Нэронавага прыяцеля, сябры й завушніка.
Але Пятроні быў зоркім чалавекам ды не абыякім бывальцам, каб гэтага не даследзіць, дык па першых прывітальных словах выясніў з цэлай сваёй вымоўнасцяй і свабодай, што прыйшоў падзякаваць за апеку над сястрынцом ягоным, і што толькі ўдзячнасць спрычыніла ягоныя адведзіны, хоць асмяляла да іх і даўнейшае знаёмства.
Аўл запэўніў яго з свайго боку, што вельмі рад мілым гасцям, а што да ўдзячнасці — кажа, — то і сам да гэтага пачуваецца, хоць мо Пятроні й не здагадваецца, за што. Праўда, Пятроні не здагадваўся. Дарэмна падымаў свае арэхавыя вочы ўгару, натужваўся, каб нагадаць найменшую паслугу Аўлу ці каму-небудзь. Не прыпамінаў сабе нічога, апрача таго хіба, што маніўся зрабіць для Вініція. Мімаволі хіба магло што здарыцца, але толькі мімаволі.