Вход/Регистрация
Quo Vadis
вернуться

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

— Калі гэта нявольніца, то выкуп яе.

— Яна не ёсць нявольніцай.

— А кім жа ёсць? Вызвольніцаю Плаўта?

— Не будучы ніколі нявольніцай, не магла быць вызвалена.

— Дык?..

— Не ведаю: каралеўскаю дачкою ці нешта падобнае.

— Зацікаўляеш мяне, Вініць.

— Але калі хочаш мяне паслухаць, зараз заспакою тваю цікавасць. Гісторыя не надта даўгая. Ты мо асабіста знаў Ванія, караля Свеваў, каторы як згнаннік з краю доўгі час прабываў тут, у Рыме, а нат праславіўся шчасліваю йгрой у косці й лоўкаю яздою. Цэзар Друзус пасадзіў яго зноў на трон. Ваній, які іставетна быў моцным чалавекам, спачатку добра гаспадарыў і вёў шчаслівыя войны, пасля, аднак, зачаў надта абдзіраць не толькі суседзяў, але і ўласных свеваў. Тады Ванг і Сідо, сястрынцы ягоныя, а сыны Вібілія, караля Германдураў, пастанавілі змусіць яго, каб зноў паехаў у Рым… прабаваць шчасця ў гульні.

— Памятаю, гэта Клаўдыевы, нядаўныя часы.

— Але пачалася вайна. Ваній прызваў на падмогу языгаў, а ягоныя малыя сястрынцы — лігаў, якія, пачуўшы пра багацтвы Ванія ды звабленыя спадзевай нажывы, прыйшлі ў такім ліку, што сам цэзар Клаўдый не хацеў мяшацца ў войны барбараў, напісаў, аднак, Атэлію Гістэру, які камандаваў наддунайскай легіяй, каб сачыў ход вайны і не дазволіў парушыць наш супакой.

Гістэр зажадаў тады ад лігаў, каб прыраклі, што не парушаць граніцы, на гэта яны не толькі згадзіліся, але далі закладнікаў, між якіх былі жонка й дочанька іхняга князя-ваяводы… Табе ж ведама, што барбары йдуць на вайну з жонамі й дзяцьмі. Вось жа мая Лігія і ёсць дочанькай таго князя-караля.

— Скуль гэта ведаеш?

— Казаў мне гэта сам Аўл Плаўт. Лігі не перайшлі тады, праўда, граніцы, але барбары прыходзяць, моў бура, і ўцякаюць, моў бура. Так зніклі й лігі з сваімі рагамі тураў на галавах. Збілі Ваніевых свеваў і языгаў, але князь іхні быў забіты, тады адыйшлі з здабычамі, а закладнічкі засталіся ў руках Гістэра. Матка скора ўмярла, а дзіця Гістэр, не ведаючы, што з ім рабіць, адаслаў да загадчыка ўсяе Германіі, Пампонія. А той пасля вайны з каттамі вярнуўся ў Рым, дзе Клаўдый, як табе ведама, пазволіў зладзіць яму трыумф. Дзяўчына йшла тады за возам пераможцы, але пасля маніфестацыі й Пампоній таксама не ведаў, што з закладнічкаю рабіць, бо закладніцаў не можна было ўважаць за нявольніц, дык аддаў яе сваёй сястры Пампоніі Грэцыне, жонцы Плаўта. У гэным доме, дзе ўсё, пачаўшы ад гаспадароў, а канчаючы на птастве ў курніку, ёсць цнатлівае, вырасла на дзяўчыну, на жаль, так цнатлівую, як сама Грэцына, ды так прыгожую, што нат Папея выглядала б пры ёй, як вясенняя фіга пры гісперыйскім яблыку.

— Ну, і што?

— Ну, і кажу табе, што ад тае хвіліны, як аглядаў яе прасветленую касулямі пры вадаліве, закахаўся да адчаю.

— Дык так, знача, празрыстая, як лямпрыска, або як маладая сардынка?

— Не жартуй, Пятроні, а калі цябе зводзіць свабода, з якою сазнаюся табе з маіх пажаданняў, ведай аб тым, што ясная тога часам глыбокія раны пакрывае. Мушу табе таксама сказаць, што, вяртаючыся з Азіі, праспаў я адну ноч у святыні Мопса, каб мець варожбны сон. Вось жа з’явіўся мне ў сне сам Мопс і запавясціў, што ў жыцці маім даканаюцца вялікія перамены праз каханне.

— Чуў я ад Плінія, што не верыць у багоў, толькі верыць у сны, і, можа, праўду кажа. Мае жарты не перашкаджаюць мне часамі думаць, што сапраўды ёсць толькі адно боства, вечнае, усёўладнае, творчае, Venus Genitrix [6] .

Яна канцэнтруе душы, канцэнтруе целы ды рэчы. Эрос вывеў свет з хаосу.

Ці добра зрабіў, то іншая справа, але калі так ёсць, то мусімы прызнаць ягоную магутнасць, хоць можна яе й не багаславіць… — Ах, Пятроні! Лягчэй філязафаваць, як даць добрую раду.

6

Венера-Нараджальніца (лац.).

— Скажы мне, чаго ты фактычна хочаш?

— Хачу мець Лігію. Хачу, каб гэтыя рукі мае, якія абнімаюць цяпер толькі паветра, маглі абняць яе ды да грудзей прыціснуць. Калі б была нявольніцай, даў бы за яе Аўлу сто дзевак з пабеленымі вапнаю нагамі, на знак, што іх першы раз вывелі на продаж. Хачу мець яе ў маім доме датуль, пакуль галава мая не збялее, бы чуб Саракта.

— Яна не ёсць нявольніцай, але ўсё ж належыць да Плаўтавай фаміліі, і можа быць уважаная за алюмну [7] , бо ёсць пакінутым дзіцём. Плаўт мог бы табе яе адступіць, каб хацеў.

7

Выхаванка (лац.).

— То хіба не знаеш Пампоніі Грэцыны? Дый абое да яе прывыклі, як да собскага дзіцяці.

— Пампонію знаю. Істны цыпрыс. Каб не была жонкаю Аўла, можна б яе наймаць на плачку. Ад смерці Юліі не скінула цёмнае столы ды наагул выглядае, якбы шчэ жывучы хадзіла па лузе, зарослым асфодэлямі. Ёсць пры тым «univira» [8] , дык між нашымі чатыры- й пяцікратнымі разводніцамі ёсць адначасна феніксам… Але!.. Ці чуў, што фенікс, мабыць, сапраўды цяпер выклюнуўся ў Егіпце? Гэта яму здараецца не часцей, як раз на пяцьсот год.

8

Аднамужняя (лац.).

— Пятроні! Пятроні! Аб феніксе пагутарым калі йнакш.

— Што ж я табе, мой Марк, скажу. Знаю Аўла Плаўта, які хоць ганіць мой спосаб жыцця, але чуе адносна мяне пэўную слабасць, а можа нат паважае мяне больш, чым іншых, ведае бо, што я ніколі не быў даносчыкам, як, напрыклад, Даміцыус Афэр, Тыгэлін ды цэлая банда прыхвасняў Рудабародага. Не строячы пры тым з сябе стоіка, я не раз крывіўся на паступкі Нэрона, на каторыя Сэнэка й Бурр глядзелі праз пальцы. Калі спадзяешся, што я магу нешта для цябе ў Аўла выманіць — гатоў на паслугі табе.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: