Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

ШЛЯХЦІЦ ЗАВАЛЬНЯ, АБО БЕЛАРУСЬ У ФАНТАСТЫЧНЫХ АПАВЯДАННЯХ

НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА

Сярод беларускага люду захоўваюцца яшчэ і цяпер асобныя паданні даўніх часоў, якія, пераходзячы ад чалавека да чалавека, зрабіліся такія ж цьмяныя, як і міфалогія старажытных народаў. Жыхары гэтага краю, а менавіта Полацкага, Невельскага і Себежскага паветаў, спрадвеку пакутуючы, зусім змяніліся характарам; на іх тварах заўсёды адбіты нейкі смутак і змрочная задумлівасць. У іх фантазіях увесь час блукаюць нядобрыя духі, якія, аднак, служаць злым панам, чараўнікам і ўсім непрыяцелям простага люду.

Я нарадзіўся там і вырас, іх скаргі і журботныя апавяданні, як гоман дзікіх лясоў, навявалі на мяне заўсёды змрочныя думкі і з дзяцінства былі маёй адзінаю марай.

Асобныя з гэтых родных успамінаў я прыгадаў у баладах [1] ; гэта быў мой самотны напеў. Балады былі пачаткам таго, пра што я меў намер сказаць падрабязней. Гэта ў чалавечай натуры — ад песні пераходзім да апавядання пра тое, што нас найбольш займае. Павінны выйсці адзін за адным шэсць [2] томікаў гэтых аповесцяў, якія малююць пераважна мясціны паўночнае Беларусі, бо гэты куток зямлі заўсёды выклікае ў мяне наймілейшы ўспамін.

1

У пяці томіках альманаха «Niezabudka» Я. Баршчэўскі надрукаваў наступныя балады: «Фантазія», «Русалка-спакусніца», «Дзявочая крыніца», «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы», «Прысяга», «Партрэт», «Зарослае возера», «Рыбак», «Ніна».

2

Выйшлі чатыры томікі. Відаць, напачатку Я. Баршчэўскі меркаваў уключыць у «Шляхціца Завальню» іншую колькасць раздзелаў, але з-за нейкіх (магчыма, фінансавых) прычынаў пазней давялося скараціць аб’ём; альбо гэтую ж колькасць раздзелаў планавалася раздзяліць на шэсць томікаў. Аднак няма падстаў гаварыць пра незавершанасць кнігі.

Я не пераймаю формаў, якія ўжывалі пісьменнікі англійскія, нямецкія або французскія; лічу, што чужаземнае не будзе пасаваць негаваркому жыхару Беларусі. Узяў я форму з самое прыроды. Сірата штодзённа наракае на сваю нядолю, апавядае пра розныя пакуты, якія ён мусіў трываць на гэтым свеце, і яго скаргі на працягу ўсяго жыцця зліваюцца ў адну аповесць, хоць ён і не думаў сёння пра тое, што будзе апавядаць заўтра.

Пецярбург,

1844, 8 верасня [3]

Ян Баршчэўскі

3

Цікава, што гэтую ж дату Рамуальд Падбярэскі паставіў пад уступным артыкулам да кнігі Я. Баршчэўскага, а цэнзар Ігнат Іваноўскі 9 верасня 1844 г. падпісаў у друк першы томік «Шляхціца Завальні».

НАРЫС ПАЎНОЧНАЕ БЕЛАРУСІ

Той, хто падарожнічае з поўначы ў бок Беларусі, бачыць перад сабою велізарныя вёскі накшталт мястэчак, белыя мураваныя цэрквы і камяніцы двароў [4] , шырокія засеяныя палі, сям-там невялічкія хваёвыя пушчы або бярозавыя гаі, чуе няраз працяглы і гучны спеў селяніна, які далёка, наколькі сягае вока, разносіцца па палях або пералятае горы і даліны з мелодыяй пастухоўскага ражка. У нядзелю, калі сонца набліжаецца да захаду, сустракае ён вясковых дзяўчат у святочных паркалёвых, а часам і ў ядвабных сарафанах у атачэнні юнакоў-залётнікаў; водзяць яны карагоды, спяваючы народныя песні, а старыя, седзячы на прызбах, разважаюць пра мінулыя і сённяшнія часы…

4

Гэтак тамтэйшы люд называе мураваныя дамы маёнткаў. (Тут i далей заўвагi Я. Баршчэўскага).

Аднак калі ён набліжаецца да межаў Себежскага і Невельскага паветаў, то бачыць перад сабою разлеглыя цёмныя пушчы, якія, быццам хмары, навісаюць на даляглядзе, паміж лясоў — саламяныя стрэхі бедных жыхароў; дзе-нідзе позірк сустракае вытырклы паміж хвоямі жалезны крыж пакрытае мохам каплічкі, перад дзвярыма якой на двух хваёвых слупах вісяць або два, або тры званы; па ваколіцах раскіданы магільныя крыжы і камяні. Рэдка натрапіш там на прыстойна збудаваны панскі дом; няшмат і касцёлаў такіх, дзе можна было б бачыць густ архітэктара або выдаткі багатага фундатара; і гэты выгляд зямлі, змрочны і дзікі, пачынаючыся ад ракі Ловаць, распасціраецца да берагоў Дзвіны, дзе канчаюцца Палата і Дрыса.

На ўсім гэтым абшары вузкія камяністыя дарогі, пераразаючы гарыстыя мясціны і мінаючы дзікія берагі азёраў, хаваюцца ў пушчах. У бедных вёсках у святочныя і будзённыя дні заўсёды пануе нейкая панурая цішыня; рэдка адгукнецца песня жняца або ратая, і па гэтым спеве можна лёгка зразумець яго заклапочаныя думкі, бо няўрод часта ашуквае тут надзеі працавітага земляроба…

У гэтых краях прайшлі дзіцячыя мае гады. Тут я пасля таго, як разлучыўся з маладымі сваімі таварышамі па Полацкай акадэміі [5] , не могучы мець пры сабе іншых кніг, апрача некалькіх лацінскіх і грэцкіх класікаў, блукаў у прыемных марах дзе-небудзь у цёмнай пушчы або па бязлюдным беразе возера; любіў чытаць у кнізе прыроды, калі вечаровай парою адкрыецца старонка, на якой мільёнамі зіхоткіх угары зорак напісана Божая Ўсемагутнасць. На зямлі, пакрытай безліччу раслін і жывёл, я чытаў аб Міласэрнасці і Волі Творцы. Гэтая кніга прыроды вучыла мяне сапраўднай паэзіі, сапраўдным пачуццям лепей, чым сённяшнія гаваркія крытыкі, якія чужыя пачуцці і розныя здольнасці, дадзеныя чалавеку ад Бога, хочуць, быццам фрак, перашыць на сваю фігуру.

5

Полацкая езуіцкая акадэмія адкрыта 29.05 (10.06) 1812 г. на базе Полацкай езуіцкай калегіі. Мела правы універсітэта. Студэнты займаліся на тэалагічным, філасофскім, вольных навук і старажытных ды сучасных моў факультэтах. Закрыта 1.(13).03. 1820 г. у сувязі з выгнаннем езуітаў з Расіі.

Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў іх народных аповесцях, якія перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў.

Пасля таго як лёс закінуў мяне ў далёкія мясціны, як жа часта самотныя думкі мае з берагоў Нявы вяртаюцца ў гэты край, дзе прайшлі лепшыя гады майго жыцця, дзе столькі мілых успамінаў малюе мне памяць! Успамінаю недалёкія ад Невеля ваколіцы Рабшчызны [6] , дзе прырода ўзняла высокія горы, быццам паверхі велізарных гмахаў, якія стагоддзі пакрылі ценем лясоў, а некаторыя пад пагодлівым сонцам ззяюць залатым пяском. Якія там разнастайныя краявіды, якія цудоўныя малюнкі! Калі хто, будучы ў гэтым краі, узышоў на вяршыню Пачаноўскае гары [7] і глядзеў на дзікія ваколіцы, што ляжаць навокал, дык бачыў, як азёры тут і там, нібы люстэркі, адбіваюць дзённы прамень, а над іх берагамі дрэмлюць густыя лясы, як дзе-нідзе па схілах чарнеюць бедныя сялянскія хаціны; але не ўбачыш тут нідзе ні гарадскіх муроў, ні вежаў старога замка. Там чалавек забывае пра свет. Не гучаць там спрэчкі французскае палаты ў справе Егіпта і Турцыі [8] , не чуваць там пра англійскі парламент [9] , пра вайну з кітайцамі [10] , не гамоняць там ні пра чыгункі [11] , ні пра дзівосную вынаходку Дагера [12] . І толькі голас пастушка, стрэл паляўнічага ў лесе або вецер, што гойсае ў вяршалінах пушчы, парушаюць на хвіліну цішыню ваколіцы…

6

Блізу маёнтка Гаўдэнтыя Шапялевіча Рудня, куды штолета наведваўся з Пецярбурга Я. Баршчэўскі.

7

Верш пад гэтай назвай змешчаны ў «Незабудцы» на 1841 г.

8

Маюцца на ўвазе войны Егіпта з Турцыяй 1831–1833 і 1839–1840 гг. Францыя ў гэтых сутыкненнях падтрымлівала Егіпет.

9

У 1832 г. у Англіі была праведзена парламенцкая рэформа. Неўзабаве ў краіне разгарнуўся так званы чартысцкі рух за наданне палітычных правоў працоўнаму народу і дэмакратызацыю парламенцкае сістэмы.

10

Размова ідзе пра першую «опіумную» англа-кітайскую вайну 1840–1842 гг.

11

У 1837 г. з’явілася першая чыгунка ў Расіі (Пецярбург — Царскае Сяло). У гэты час інтэнсіўна вялося будаўніцтва чыгунак на Захадзе.

12

У 1839 г. французскі мастак Луі Дагер (1789–1851) вынайшаў фатаграфію (дагератыпію).

Бліжэй да Полацка возера Нешчарда на некалькі міль залівае абшар, падмывае хвалямі ўзбярэжныя пясчаныя горы, на поўдзень — шырокія паплавы, усеяныя купамі лазняку, сям-там рэчкі, бегучы здалёк сярод чароту, хаваюцца ў разліве азёрнае вады. Там вясна — рай; самыя розныя птушкі, здаецца, збіраюцца з усіх канцоў свету, тысячы розных меладычных, дзікіх і чуллівых галасоў адгукаюцца над вадою па лугах і лясах: енк зязюлі, пошчак салаўёў, голас бугая ў чароце, рэзкія крыкі качак… Гэтая дзівосная суладнасць і гэты канцэрт прыроды пераносілі мае ўяўленні ў нейкі чарадзейны край.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: