Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Дрэвы ў лесе таксама могуць пераходзіць з аднаго месца на другое; шумам сваіх галін яны размаўляюць паміж сабою; апавядаюць, што нехта, блукаючы гэтай ноччу ў лесе, знайшоў кветку папараці і бачыў не толькі скарбы, схаваныя ў зямлі, але і незвычайныя дзівы ў прыродзе; разумеў гаворку кожнага стварэння; чуў, як дубы сыходзяцца з розных мясцін і, зрабіўшы кола, гамоняць шолахам галін, прыгадваючы, быццам старыя ваяры, свае гераічныя ўчынкі і даўнія заслугі. Ліпы і бярозы, збіраючыся там, хваліліся сваёй прыгажосцю; сярод іх былі некаторыя, нібыта госці з суседніх садоў, класічна падстрыжаныя і выпрастаныя; тыя гаманілі пра залётнасць дваровых дзяўчат і свавольства панічоў, сведкамі якога яны няраз былі; а гэтыя крыўдныя размовы з пагардаю слухалі задуменныя хвоі і яліны. Ён бачыў вербы, якія, стоячы над рэчкай і ўглядаючыся ў вадзяное люстэрка, пыталіся адна ў аднае, што якой з іх пасуе, — і гэтыя цуды дзеюцца ажно да ўсходу сонца.

Усход сонца пасля гэтае бяссоннае, урачастае ночы таксама бывае крыху асаблівы. Натоўп люду, што весяліцца ў полі, канчае песні ды танцы і моўчкі скіроўвае вочы да неба, нібы паглядае на сцэну, дзе ўверсе, на палаючай прасторы далягляду, павінна з’явіцца штосьці незвычайнае. Узыходзіць сонца, уздымаецца над гарамі ды лясамі і на вачах усяго люду рассыпаецца ў небе на дробныя зіхатлівыя зорачкі, зноў збягаецца ў адзін агністы шар; яго акружае безліч вясёлкавых кругоў, і ён мігціць, кружачыся вакол свае восі. Гэтая праява паўтараецца некалькі разоў, і такім чынам сонца грае штогод 24 чэрвеня.

Апрача згаданых цудаў, ёсць яшчэ, як мяркуюць жыхары таго краю, чароўныя зёлкі. Разрыў-трава можа дзівосна ўздзейнічаць на жалеза, разрывае нібыта замкі і кайданы ў вязняў; калі каса натрапіць на яе на лузе ў час сенакосу, дык расколецца на некалькі частак. Пералёт-трава, або лятучае зёлка; расказваюць пра яе, што яна мае здольнасць пераносіцца з месца на месца, яе вясёлкавая кветка надзвычай жывая і прыгожая, а ў сваім палёце часам блішчыць, быццам зорачка. Шчаслівы, хто яе сарве, бо не зазнае ён перашкодаў у сваім жыцці, усе яго жаданні неадкладна здзейсняцца, і гэтая зёлка — зёлка шчасця. Людзі, марачы пра шчасце на гэтай зямлі, малююць яго ў розных вобразах; грэкі і рымляне верылі ў сляпую Фартуну, што, круцячы вечнае кола, уздымае людзей пад аблокі і зноў апускае ў бяздонне. Беларускі народ уявіў сабе нейкае лятучае зёлка, гонячыся за якім не адзін збіўся з дарогі і не вярнуўся да свае роднае хаты. І я, шукаючы яе далёка, пакінуў гэтую родную старонку, дзе прайшлі самыя прыемныя дні майго жыцця, і цяпер у паўночнай сталіцы [25] , паглядаючы на тэатр вялікага свету, чытаю кнігу, што часам смешыць, часам прымушае ліць слёзы, і гэта — кніга чалавечых сэрцаў і характараў [26] .

25

У Пецярбурзе Я. Баршчэўскі жыў з 1817 да 1847 г.

26

Гэты нарыс друкаваўся таксама асобна ў альманаху «Rocznik Literacki» (Т. І. 1843 г.) і ў перакладзе Л. Кавеліна на рускую мову ў газеце «Иллюстрация» (Т. ІІ. 1846 г. № 10).

Край мой, дзе горы паўсталі узнёсла, Край сініх вод, чаратамі зарослых, Пушчаў, дзе ў голлі хаваецца сонца, Колькі прыгадак ты будзіш штодзённа, Ў промнях вясновых, у барвах зялёных Ты мне з’яўляешся казкай бясконцай. Згадваю сумную песню ратая Ці пастуха, што па-простаму грае, Часам, калі у лясах ля азёраў З кобзаю рэха гамоніць паўторам Ці калі люд пасля дзённае працы Гучна спяшае ля хаты сабрацца, Чуючы мяккі палон прахалоды, Слухаць ад старца сівога прыгоды Прашчураў слынных, асілкаў, герояў. Слава і дзіва паданне старое, Што аж ад продкаў па бацькавым краі З вёскі да вёскі вандруе, блукае! [27]

27

Тут i далей у «Шляхцiцы Завальнi» вершы даюцца ў перакладзе Сяржука Сокалава-Воюша.

ШЛЯХЦІЦ ЗАВАЛЬНЯ

Дзядзька мой пан Завальня, досыць заможны шляхціц на загродзе [28] , жыў у паўночным і дзікім баку Беларусі. Яго сядзіба стаяла ў чароўнай мясціне. На поўнач паблізу жылля — Нешчарда, велізарнае возера накшталт марское затокі. Калі ўсходзіцца вецер, ад возера плыве роўны шум і відаць праз вакно, як пакрытыя пенаю хвалі падымаюць угору і зноў кідаюць уніз рыбацкія лодкі. На поўдзень ад дому нізіны зелянеюць кустамі лазы, дзе-нідзе ўзгоркі, парослыя бярозамі і ліпамі, на захад — разлогія лугавіны, і рака бяжыць з усходу — пераразаючы гэтыя ваколіцы, уліваецца ў Нешчарду. Вясна там надзвычай прыгожая, калі па лугах разальецца вада, і ў паветры над возерам і ў лясах зазвіняць галасы птушак, што вяртаюцца з выраю.

28

Шляхціц на загродзе — дробны шляхціц, які меў невялікі маёнтак з абгароджанай сядзібаю.

Пан Завальня любіў прыроду, найбольшай прыемнасцю для яго было садзіць дрэвы, і таму, хоць дом яго стаяў на гары, за паўвярсты нельга яго ўбачыць, бо быў з усіх бакоў прыкрыты лесам. Толькі рыбакам, што плавалі па возеры, адкрывалася ўся пабудова. Ён таксама меў прыроджаную душу паэта і хоць сам не пісаў ні прозай, ні вершам, але кожнае апавяданне пра разбойнікаў, герояў, пра чары і цуды надзвычай яго займала, і кожную ноч ён засынаў не іначай, як слухаючы чарадзейныя гісторыі. Таму ўжо было звычайным, што, пакуль ён не засне, хто-небудзь з чэлядзі мусіў апавядаць яму якую простанародную аповесць, і ён слухаў цярпліва, хоць бы адна і тая ж гісторыя паўтаралася некалькі дзесяткаў разоў. Калі хто прыязджаў да яго, маючы якую патрэбу, які-небудзь падарожны ці квестар [29] , ён найласкавей яго прымаў, частаваў, пакідаў начаваць і выконваў усе жадункі, узнагароджваў, абы толькі той расказаў яму якую казку. А асабліва ўвосень, калі ночы доўгія. Той госць быў для яго наймілейшы, які меў у запасе найбольш гісторый, розных здарэнняў і показак.

29

Квестар — манах, які збірае ахвяраванні на кляштар.

Калі я прыехаў да яго, ён быў вельмі мне рады, распытваў пра шаноўных людзей, у якіх я праслужыў столькі гадоў [30] , расказваў пра сваю гаспадарку, пра бярозы, ліпы і клёны, якія шырока распасцёрлі свае галіны над дахам. Некаторых суседзяў хваліў, іншых жа ганіў, што яны займаліся толькі сабакамі і паляваннем. Нарэшце, пасля доўгае размовы пра сёе ды тое, кажа мне:

— Ты чалавек вучоны, хадзіў у езуіцкую школу [31] , чытаў многа кніжак, гутарыў з вучонымі людзьмі, павінен ведаць шмат разнастайных гісторый, сёння ўвечары раскажы мне што-небудзь цікавае.

30

Колькі гадоў служыў Я. Баршчэўскі ў «шаноўных людзей» сёння нам невядома.

31

Відавочна, Завальня мае на ўвазе і Полацкі езуіцкі калегіум, і Полацкую езуіцкую акадэмію. Полацкі езуіцкі калегіум заснаваны ў 1580 г. паводле загаду Стэфана Баторыя. У 1812 г. пераўтвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію.

Дык я пачаў прыпамінаць, чым бы пахваліцца. Я нічога не чытаў, апрача гісторыкаў і класікаў. Гісторыя народаў — не займальная рэч для таго, каго не цікавяць тэатр свету і асобы, што іграюць розныя сцэны. Для майго дзядзькі адзінай гісторыяй былі Біблія, са свецкіх жа паданняў ён дзесьці вычытаў, што Аляксандар Македонскі, прагнучы даведацца пра вышыню неба і глыбіню мора, лятаў на грыфах і апускаўся на дно акіяна [32] і такая чалавечая смеласць яго, дзядзьку, здзіўляла і займала. Трэба было і мне расказаць што-небудзь падобнае, таму вырашыў пачаць з «Адысеі» Гамера, бо ў гэтай паэме поўна чараў і дзіваў, як і ў нашых асобных простанародных аповесцях.

32

Відавочна, маецца на ўвазе перакладная старабеларуская аповесць «Александрына» («Похождение царя Александра Македонского»)

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: