Шрифт:
— Калі ляцела, дык бачыла прыгожыя горы і лясы гэтае краіны, тут вельмі шмат азёр. Думаю, жыхарам нічога не бракуе?
— Так, пані, — сказаў з паклонам ціхім голасам гаспадар. — Наш край прырода адарыла ўсім, што толькі трэба чалавеку.
— Я даўно мелася пабываць тут, спазнаць гэты край і яго жыхароў. Спадзяюся, што знайду тут сабе зычлівых прыяцеляў.
— Шмат хто будзе мець за шчасце ўбачыць пані.
— А як маюцца тутэйшыя падданыя?
— І яны шчаслівыя. На лугах і пагорках даволі травы для вялікіх чародаў.
Белая Сарока села на крэсла, а пан Скамароха — ля яе. Доўга апавядаў ёй пра берагі Дрысы і Дзвіны. Расказваў, хто і як жыве ў ваколіцы, якую славу мае сярод суседзяў, якія даходы фальваркаў. Расказваў, як гандлююць з Рыгаю, калі разальюцца вясною рэкі, і якая выгада ад таго жыхарам гэтага краю. Размова без перапынку цягнулася да поўначы.
— Я яшчэ наведаю гэты край. І ты пазнаёміш мяне са сваімі добрымі суседзямі. А зараз мушу спяшацца дадому: ужо поўнач, а дарога далёкая.
Сказаўшы гэта, пакланілася гаспадару, імгненна перамянілася ў Белую Сароку і вылецела ў вакно.
Скамароха доўга стаяў здзіўлены і глядзеў туды, дзе схавалася яна ў начной цемры. Вярнуўшыся да крэсла, на якім сядзела гэтая прыгажуня, убачыў пасярод пакоя яе пасланца. Той трымаў велізарны мех золата.
— Белая Сарока ахвяруе табе гэты падарунак, каб быў верны сам і іншых знайшоў, адданых ёй. Яна наведае твой дом, калі тут ужо будзе некалькі тваіх суседзяў, сапраўды зычлівых да яе.
Сказаўшы гэта, пасланец выскачыў у вакно і знік.
Скамароха самотны хадзіў па пакоі. Дзіўныя мроі снаваліся ў ягонай галаве. Багаты ўбор і незвычайная прыгажосць Белае Сарокі і цяпер стаялі ў яго ўваччу. Ні на хвіліну не мог забыць пра яе, і ад гэтых думак прапаў сон. Ні на волас не заснуў, а ўжо ўсё прачнулася і сонца было высока.
Свіснуў. На панаў выклік прыбег лёкай, і, скуголячы, ускочыў у пакой чорны сабака. Гладзячы сабаку, Скамароха загаварыў да слугі:
— А што, і сёння, можа, мучылі вас жахлівыя сны?
— Ах, пане! Нейкая туга напала на нас і гэтае начы, — адказаў лёкай. — Ва ўсіх нас сон быў кароткі і неспакойны. Вартаўнікі расказваюць, што чулі яны ўначы, як па вёсках вылі сабакі, рыкала жывёла, і бачылі, як з поўначы, шугаючы полымем, ляцеў цмок і іскры сыпаліся з яго; пэўна, нёс золата для нейкае душы, што пабраталася з д’яблам. А аканом казаў, што некаторыя бачылі кабету, якая плакала на цвінтары, ды так, што яе голас наводзіў на ўсіх трывогу і смутак.
Скамароха, крыху змяніўшыся з твару і задумаўшыся, шпарка прайшоўся па пакоі.
— Не кажы больш такое лухты. У вас заўсёды ў размовах нейкія цуды і прароцтвы, вы як тыя забабонныя бабы — кожная рэч вас узрушае і пазбаўляе спакою. Скажы, каб запрагалі коней, паеду сёння да пана Л. і пана С., а можа, і іншых суседзяў наведаю.
Ездзячы ад маёнтка да маёнтка, ён усюды з захапленнем апісваў прыгажосць, багацце, розум і шчодрасць Белае Сарокі. Са здзіўленнем усе слухалі гэтыя апавяданні і рознае пра іх казалі. Некаторыя даводзілі: тут схавана нейкая здрада і што заплацяць за яе вялікім няшчасцем. Іншыя радаваліся і прасілі пана Скамароху, каб пахваліў іх перад Белай Сарокаю, калі яна другі раз наведаецца ў ягоны палац, і з нецярплівасцю чакалі дня, калі змогуць яе ўбачыць.
Прыехалі да Скамарохі госці. Былі яны ўсе з ліку заўзятых прыхільнікаў Сарокі, хоць бачыць яе яшчэ не мелі мажлівасці. З самага пачатку забаранілі лёкаям заходзіць у святліцу, каб тыя не чулі сакрэтных панскіх размоваў. Келіхі з цудоўным віном стаялі на стале. Скамароха весела апавядаў, якую гаворку меў некалі з Белай Сарокаю. Натхнёна і з запалам гаварыў пра яе розум і хараство, даводзячы, што за ўсё жыццё не бачыў, нават на дасканалых і дарагіх карцінах, такіх высакародных і прыгожых кабетаў.
Гадзіннік прабіў поўнач. Ноч была пагодная, ціхая, і поўня свяціла ў адчыненае вакно. Гаспадар наліў у келіхі віно:
— Вып’ем за здароўе пані, якая ўвесь час была галоўнай асобаю нашых прыемных размоў.
Ледзь сказаў — з хуткасцю бліскавіцы залятае ў вакно Белая Сарока і апускаецца на стол пасярод поўных келіхаў. Уражаныя гэтым, усе, гледзячы на яе, паўскоквалі са сваіх месцаў. Нечаканае маўчанне ў пакоі. Зрабіўшы колькі хуткіх рухаў на стале, яна глянула на гасцей, лёгка, як вецер, зляцела на падлогу, — і вось ужо бачаць усе перад сабою кабету дзіўнае прыгажосці, усю ў дыяментах і перлах.
— Здалёку спяшалася да вас, спадзеючыся знайсці тут зычлівых сваіх прыяцеляў, — сказала яна. — Не памылілася ў спадзяваннях: бачу, у гэтай грамадзе ўсе добрыя сэрцы. Я ўмею ацаніць іх жаданні і буду шчыра думаць пра ваша шчасце.
— Так, пані, — сказаў гаспадар. — Імя Вашай Мосці ўвесь гэты час нязменна было на нашых вуснах. Усе, каго пані бачыць перад сабою, найшчырэйшыя вашы прыхільнікі і самыя адданыя лёкаі — да скону.
Затым Белая Сарока села ў крэсла, ласкава размаўляла з кожным госцем, распытвала пра гаспадарку і прыбытак з фальваркаў, выказвала свае заўвагі і давала парады.