Шрифт:
Блізу дзесятае гадзіны вечара, калі вясковыя жыхары канчаюць сваю працу, мой дзядзька пасля малітвы ідзе спачываць. Ужо сабралася ўся чэлядзь паслухаць новыя аповесці, а ён сказаў так:
— Ну, Янка, раскажы ж нам што цікавага, я буду пільна слухаць, бо сёння адчуваю, што не хутка засну.
Тады я, каб мае аповесці былі лепш зразумелыя для слухачоў, расказаў коратка пра самых галоўных грэцкіх багоў, багінь і герояў, пасля пра залаты яблык, пра суд Парыса, пра аблогу Троі. Усе слухалі з цікавасцю і здзіўленнем. Я чуў, як некаторыя з чэлядзі гаварылі:
— Гэтай басні прыпомныць не можна, дужа цяшкая.
— А ці было калі ў сапраўднасці тое, што ты расказваеш? — пасля доўгага маўчання перапыніў дзядзька.
— Так некалі верылі паганцы, бо гэта было да нараджэння Хрыстовага.
Вядома з гісторыі пра гэты народ, вядома таксама і пра яго рэлігію.
— І такому вас вучаць езуіты ў школах, нашто ж гэта прыдасца?
— Хто вучыцца, — адказаў я, — той павінен пра ўсё ведаць.
— Ну, то кажы далей.
І далей я апавядаў без перапынку. Ужо было пасля паўночы. Чэлядзь, разыходзячыся, паціху паўтарала паміж сабой:
— Нам гэтай басні ня выўчыцца, усё што-то ні па-нашэму, тут нічаго ні прыпомніш.
Праз пэўны час я пачуў моцны храп майго дзядзькі і, усцешаны з гэтае прычыны, перажагнаўся і заснуў.
На другі дзень ён як вясковы гаспадар устаў вельмі рана, агледзеў увесь свой маленькі маёнтачак, вярнуўся ў дом і, набліжаючыся да мяне, калі я яшчэ драмаў, загукаў:
— О, як бачу, вашэць любіць спаць па-панску; уставай, у простых людзей гэта грэх, і цябе назавуць гультаём! Але твая ўчарашняя гісторыя вельмі вучоная, хоць забі, не помню аніводнага імя тых паганскіх багоў. Дый гэта не апошні раз, пагасцюеш у мяне да вясны і за доўгія зімовыя ночы шмат мне раскажаш пра сёе і пра тое.
У час майго побыту ў дзядзькавым доме мусіў я амаль пяць тыдняў кожную ноч усыпляць яго пераказам славутых паэм грэцкіх або лацінскіх класікаў, аднак найбольш яму падабалася з «Адысеі» мудрасць Уліса [33] на берагах Цырцэі і на востраве цыклопаў. Паўтараў мне няраз:
— А можа, некалі даўно і бывалі такія агромністыя веліканы, толькі дзіўна, што з адным вокам на ілбе. Але ж і хітрун гэты Уліс — напаіў, выкалаў вока і выехаў на баране.
Не мог таксама ён забыць шостае песні з Вергілія [34] , дзе Эней увайшоў у пекла. Паўтараў некалькі разоў такія словы:
33
Уліс — Адысей, галоўны герой паэмы Гамера «Адысея».
34
Маецца на ўвазе паэма Вергілія «Энеіда».
— Хоць ён быў і паганін, ды якое шляхетнае пачуццё і любасць да бацькі — ісці ў такое небяспечнае месца. Але якая ў іх дзіўная вера, у нас душачкі збавёныя ідуць у неба, а яны сабе прыдумалі нябеснае валадарства так глыбока пад зямлёй. Дзіўная рэч!
Аднаго разу, размаўляючы са мною, запытаўся ён, ці даўно я быў у Полацку.
— Амаль год не меў нагоды быць у гэтым горадзе.
— Калі надарыцца там быць, добра было б даведацца ад ксяндзоў езуітаў, як вучацца мае Стась і Юзік. О, не кепска быць чалавекам вучоным! От, як вашэць апавядаеш з розных кніжак, таго невук і ў сне не ўбачыць! Добра ўсё ведаць. Я, будучы ў Полацку, і мая нябожчыца жонка, вечная ёй памяць, прасілі ксяндза-прэфекта [35] , каб не шкадавалі розгаў.
35
Прэфект (ад лац. praefectus начальнік) — загадчык, інспектар або настаўнік рэлігіі ў школе.
О, гэта цудоўныя вершы — розга вучыць розуму і веры. Сёй-той з нашых панічоў, якіх песцяць у бацькоў, толькі і бавіцца з коньмі і сабакамі, а прыйдзе які ў касцёл, дык нават не перажагнаецца. Якая ўцеха бацькам — толькі кара Божая!
Ужо былі першыя дні лістапада. Самотны, седзячы ля вакна, я слухаў завыванне асенніх вятроў і пошум бяроз і клёнаў, якія густа ўздымаліся над дахам. Віхор круціў па двары жоўтае лісце і ўзнімаў яго ўгору. Усюды глуха, толькі зрэдку забрэша сабака, калі мінае прахожы або пакажацца з лесу звер. Думкі мае былі занятыя нейкімі тужлівымі марамі. Тут уваходзіць кабета, што за гаспадыню ў майго дзядзькі. Гэта сястра яго жонкі-нябожчыцы, ужо ў сталых гадах. Убачыўшы, што я задумаўся, сказала:
36
Пачатак беларускае «Каляды для малых дзетак», папулярнага твора XVIII ст., які гучаў так:
Розкаю дух святы дзетачкі біць радзіт, Розкаю бінамне здоров не завадзіт; Розка папужае розум да галовы; Учыт пісьма; а бароніт злой мовы; Розка родзічам паслушнымі чыніт; Розка выпушчает а учыт латыні; Розкаю хоць б’е, не паломіт косці; Дзетак гамует ат ўсякай злосці… На малых добра розка беразовая, А старым карбач, або насека дубовая. Звязда дзеткам тую каляду дае, Прето ж ей за нюю нех жадзен не лае.— Нудзішся ты ў нас, пане Янка. Ты малады чалавек, а адпаведнае кампаніі не маеш, а можа, ужо і гэтыя начныя апавяданні апрыкралі. Крышку патрывай, — як толькі замерзне Нешчарда, паўз гэты фальварак праз возера будзе вялікая дарога. О! Тады пан Завальня запросіць да сябе шмат гасцей, каб расказвалі, што каму заманецца.
Прайшло колькі дзён. Яснымі і пагодлівымі начамі заіскрыліся маразы. Заснула возера пад тоўстай лядовай глыбай, пасыпаўся снег з аблокаў — і ўжо зіма. Уздоўж Нешчарды з’явілася шырокая дарога, праходзяць падарожныя і цягнуцца ў Рыгу вазы, гружаныя лёнам і пянькою, паказаўся гурт рыбаловаў на лёдзе. Мы з дзядзькам любілі часта наведваць тоні і глядзець на багаты ўлоў, а тут яшчэ і тая была карысць, што ён, прабыўшы цэлы дзень на марозе, хутка засынаў, і я вечарамі быў вольны. Да таго ж мы часцей мелі і заезджых гасцей, перад якімі дзядзька вельмі хваліў мяне і езуіцкія навукі, расказваючы, што чуў ад мяне шмат новых і такіх разумных аповесцей, што і запомніць цяжка. Быў і я рады гасцям, бо сёй-той з іх заступаў маё месца, і мне ўжо было прыемней слухаць, чым гаварыць.
Вечар быў цёмны, неба пакрыта хмарамі, нідзе аніводнае зоркі, падаў густы снег. Раптам пачынае дзьмуць паўночны вецер, навокал страшная бура і завіруха, вокны засыпала снегам, за сцяною завылі сумным голасам віхуры, быццам над магілаю самое прыроды, за адзін крок вока нічога не бачыць, і сабакі на падворку брэшуць: кідаюцца, быццам напалі на нейкага звера. Выходжу з дому, слухаю, ці не падышла зграя ваўкоў, бо ў такую завіруху гэтыя драпежныя звяры найчасцей шукаюць сабе здабычу, гойсаючы тут і там каля вёсак. Узяў набітую стрэльбу, каб хоць папужаць іх, калі здолею заўважыць зіхатлівыя воўчыя вочы. Раптам пачуў крык на возеры, там і тут пераклікаліся паміж сабою мноства адчайных галасоў, быццам не могучы даць рады ў страшнай небяспецы. Я вяртаюся ў хату і кажу пра гэта дзядзьку.