Вход/Регистрация
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
вернуться

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

— Глядзі цяпер.

Я ўбачыў жывых вустрыцаў і ўсялякіх слімакоў: яны раскрывалі і закрывалі свае шкарлупкі; нейкія вадзяныя павукі, рыбкі, маленькія ракі і жукі розных колераў снавалі сюды-туды.

— І ў моры цяпер шмат што змянілася, — патлумачыў ён, — рыба, вустрыцы, слімакі ды іншыя стварэнні сталі ўжо не такія, як раней.

Пасля даў знак хлопцу, каб замест міскі паставіў медніцу, у якой было крыху вады, і ўліў туды нейкія шэрыя ды зялёныя вадкасці, дадаў нейкага тлушчу ды нейкага густога, накшталт смалы, алею, усыпаў дзве жмені зямлі і дзве жмені тоўчанае вапнавае скалы, перамяшаў усё і ў гэтую мікстуру капнуў некалькі кропляў сапфіравае вады. Бурліла ў медным посудзе, уздымаліся ды лопаліся ў паветры пухіры; газ, прыкры, аж не стрываць, напоўніў паветра; ён дадаў туды яшчэ некалькі кропляў чырвонае вады — выбухнуў агонь, пачуўся шум і сыканне.

А калі затухла полымя, я ўбачыў поўную медніцу жахлівых гадаў; іхнія вочы свяціліся крывавым бляскам. Гледзячы на гэтых жудасных пачвараў, пан Рылец сказаў:

— Гэта страшыдлы мінулага, у іх абудзілася жыццё, з’явілася і атрута смяртэльная; бяда, калі дакранешся да іх рукою: ад асобных з іх застаюцца невылечныя раны, іншыя забіваюць насмерць. Зло і дабро існавалі ад пачатку свету, аднак ёсць перамены як у фізічным, так і ў маральным свеце, а ўваскрашаць гэтых монстраў мінуўшчыны трэба дзеля таго, каб, параўноўваючы з цяперашнім пакаленнем, лепей пазнаць свет новы і стары.

Сказаўшы гэта, ён паклаў на стол аркуш белае паперы, рассыпаў на ім зроблены з розных фарбаў парашок (такі дробны, як найдалікатнейшы пылок), папырскаў сапфіраваю і чырвонаю вадою — і на папяровым аркушы, як на воблаку, з’явіліся прыгожыя вясёлкі. І раптам адтуль узляцелі цудоўныя рознакаляровыя матылі: яны снавалі ў паветры, пасля абляпілі сцены ды вокны і сядзелі, як найпрыгажэйшыя кветкі. Пан Рылец сказаў:

— Гэта прыгажосць і аздоба маладога свету; матылі чаруюць, захапляюць вока; перлы, рубіны і дыяменты зіхацяць на крылах; некалі ў іх не было такіх прыгожых колераў. Свет фізічны змяніўся, і ў маральным свеце цяпер іншыя жаданні, іншыя мары.

Амаль да поўначы з дапамогай тых каляровых вадкасцяў ажыўляў пан Рылец усё новыя і новыя істоты: сярод іх я бачыў станогіх, ставокіх, стогаловых, жудасных, дзівосных; апісаць іхнія страшныя рухі ды дзіўныя постаці — рэч немагчымая.

— Я ўваскрэсіў, ажывіў прыроду дапатопных стагоддзяў, — працягваў далей вучоны, — ты бачыў марскія істоты, бачыў ядавітых гадаў, бачыў прыгожых матылёў. Глядзі цяпер, у што зноў усё гэта ператварылася: замест ракавінаў, жамяры і страшных гадаў зямля ды кавалкі вапнавае скалы; дзе ж тыя залатыя, зіхоткія ад дарагіх камянёў матылі? Толькі пылок застаўся ад іх: тое, што перажыло свой век, жыць не можа; непераадольны час уладарыць над гэтым светам. Адна, адна толькі Саламандра бяссмяротная, яна — чысты агонь, і святло гэтага агню вечна свяціць будзе. Але той, хто даследуе прыроду, павінен уваскрашаць яе хоць на кароткі час — гэтая навука ў самотным маім жыцці найпрыемнейшая для мяне забава. Такім чынам я хаваюся ад натоўпу, бо ў грамадзе тутэйшых жыхароў размовы толькі пра гандлёвыя выгоды і набыццё скарбаў, а паненкі і кабеты гэтага краю нагадваюць флейты і кларнеты, — добрыя, калі граюць ды спяваюць, але пагаманіць з імі няма пра што. Аднак у мяне тут ёсць сябры, з якімі я часам дзялюся думкамі; у наступную нядзелю запрашу іх на вечар, прыходзь і ты да мяне, прыемна правядзём час сярод добрых людзей.

Мы так размаўлялі аж да поўначы; і я, позна вярнуўшыся дахаты, доўга не мог заснуць: перад вачыма стаялі гады, жывая жамяра ды матылі.

На другі дзень я падняўся рана, паставіў на стол дзве бутэлечкі гайнараўскіх водаў, пачаў глядзець на іх жывыя, пекныя колеры, разважаючы пра іхнію моц, якую не так даўно бачыў у дзеянні; з прыемнасцю марыў пра таямніцы, пра цуды, якія можна паведаміць свету з дапамогаю гэтага скарбу. Салодкія мары авалодвалі мною і падчас праходкі па горадзе, па беразе мора. Але ах! Не прадбачыў я таго, што чалавечая мудрасць, якая раскрывае таямніцы свету, можа скончыцца вялікаю бядою, вялікімі пакутамі.

Сказаўшы гэта, Саматніцкі некалькі хвілінаў сядзеў як скамянелы, пасля раптоўна крануўся з месца і зноў пачаў гаварыць:

— Я бачыў Адэлю; яна заўсёды аднолькавая — шчаслівыя кабеты! Яны не сочаць за рухам планетаў на небе, не даследуюць таямніцаў прыроды; іх прывабліваюць прыгожыя строі, вясёлая забава, новае сяброўства…

Прыйшла нядзеля, настаў прызначаны вечар; я паспяшаўся да пана Рыльца. Ішоў туды пешкі; было сем гадзін: на цёмных вуліцах сям-там цьмяна свяцілі ліхтары; неба было пагоднае, толькі халодны вецер дзьмуў з мора; падыходзячы да ягонае хаціны, пачуў я страшны шум марскіх хваляў, а ў вокнах заўважыў святло запаленых свечак. Увайшоў у хату, сустрэў мяне нямы лёкай, адчыніў дзверы — і тут дзіўнае відовішча адкрылася перад вачыма: пяцёра гасцей высокага росту, сталых, шосты — пан Рылец стаялі ля стала, трымаючы ў руках поўныя келіхі нейкага пітва, з якога бухаў агонь, пры гэтым усе разам крычалі: «Няхай славіцца Саламандра!» Яны перакулілі келіхі, а мне здалося, што выпілі чыстае полымя; убачыўшы мяне, гаспадар сказаў:

— Ты спазніўся і не выпіў з намі полымя ў гонар Саламандры, жменя попелу якое — звяно, а ўваскрашэнне і жыццё — бясконцы ланцуг.

Сказаўшы гэта, ён наліў келіх, падпаліў яго, і я, усклікнуўшы: «Няхай славіцца Саламандра!», выпіў, абы не адрознівацца ад іншых гасцей і дагадзіць волі гаспадара.

Потым пан Рылец дастаў з шафы каляровыя вадкасці Гайнара, загадаў нямому хлопцу наліць медны ды іншы посуд вадою і ў прысутнасці сваіх гасцей зноў пачаў з зямлі і патоўчанае вапнавае скалы ўваскрашаць ракавіны, гадаў, матылёў ды іншую жамяру; калі ўсе са здзіўленнем убачылі ажыўленыя дапатопныя істоты, ён загадаў змяніць ваду, прынесці лісця з дрэваў і травы.

— Паглядзім цяпер на сучаснасць, — сказаў ён, — адна вадкасць чырвонага колеру пакажа нам найдрабнейшыя істоты лепей, чым самыя дасканалыя мікраскопы.

Ён уліў адну кроплю ў медную пасудзіну з марскою вадою, і там на нашых вачах з’явілася мноства дзіўных і жахлівых істотаў, якія ўвачавідкі павялічваліся; потым даставаў адтуль страшэнных пачвараў, клаў на стол: яны нагадвалі рыб, марскіх звяркоў, яшчарак і кракадзілаў. Гэта ж учыніў потым з крынічнаю вадою — іншыя з’явіліся монстры. Расклаўшы на стале лісце з дрэў і траву, ён пакрапіў усё чырвонаю вадою, і тут паказаўся нябачны свет у надзвычайных, фантастычных постацях: крылатыя цмокі, сфінксы, кентаўры і гідры пачалі кружыць па шырокім стале; трывога працяла сэрцы гледачоў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: