Шрифт:
Стылістыка народнае фантастыкі — неабходны Я. Баршчэўскаму мастацкі прыём. Пісьменнік у тагачасных палітычных умовах быў вымушаны старанна шыфраваць ідэйна-мастацкую сутнасць сваіх твораў, але для чытача ён пакідаў у тэксце ключы дзеля дэшыфроўкі.
Надзвычай істотнаю падказкаю з’яўляецца вынясенне аўтарам у тытул твора наймення «Беларусь» — назвы, замацаванай некалі царскай адміністрацыяй за пэўнай тэрыторыяй Вялікага Княства Літоўскага. Падчас стварэння кнігі ў афіцыйных дакументах назву Беларусь выкарыстоўваць ужо забаранялася. Але менавіта Беларусь і беларусы для Я. Баршчэўскага — гэта адметныя, самадастатковыя з’явы ў Сусвеце, у цывілізацыі.
Відавочна, што аповяд пра Беларусь не мог адбыцца без адлюстравання ейнага мінулага. Адсутнасць гістарычных даследаванняў пра край не магла быць тут перашкодаю: з аднаго боку існавала — гістарычная памяць народа (асабліва пра падзеі апошніх дзесяцігоддзяў), а з другога — навуковыя працы пра гісторыю Рэчы Паспалітай (А. Нарушэвіча, Ё. Лялевеля), часткаю якое з’яўлялася Беларусь. «Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў народных іх аповесцях, якія перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў», — піша Баршчэўскі.
Зрэшты, гістарычнае мінулае толькі эпізадычна (наколькі захавалася ў памяці люду падзеі трох-чатырох стагоддзяў) паказана на старонках «Шляхціца Завальні»: у «Нарысе Паўночнай Беларусі» аўтар згадвае пра «валы, узнятыя чалавечаю рукою», пра курганы-пахаванні, пра «страшнага волата Княжа»; у раздзеле «Успаміны пра наведванне роднага краю» — пра падзеі 1812 г.; у раздзеле «Думкі самотніка» — пра падзеі Паўночнай вайны (1700–1721).
Аднак не на гэтыя фрагменты гісторыі Беларусі скіравана ўвага пісьменніка, бо не яны (пры ўсёй іх значнасці) вызначалі тагачаснае жыццё Беларусі і беларусаў. Я. Баршчэўскага цікавіць зусім іншы перыяд гісторыі Беларусі.
Шэраг дэталяў, «раскіданых» у апавяданнях «Шляхціца Завальні» і «Драўлянага Дзядка і кабеты Інсекты», паказвае, што асноўныя падзеі ў творах пісьменніка адбываюцца прыкладна ў адзін час. Кропкаю адліку можа быць «Віленскі каляндар на гэты, 1817 год», падараваны арганістам Андрэем шляхціцу Завальні. Безумоўна, гэта ключ-падказка: апавяданні сялянаў-падарожных, шляхціцаў, цыгана «гучалі» ў хаце Завальні на працягу восені 1816 — вясны 1817 гг. Прыняўшы пад ўвагу гэтую дату, няцяжка вылічыць час, пра які апавядаюць госці пана Завальні. Дзеля гэтага знаходзім наступныя ключы-падказкі. Напрыклад, у першым апавяданні пісьменнік дае лапідарную характарыстыку апавядальніка: «Гэта быў чалавек не маладых гадоў: валасы меў сівыя, але быў здаровы і моцны», а пасля гэтага селянін расказвае пра сваё юнацтва: «Я быў зусім маладзён». Тое ж падкрэслівае і «яго таварыш» — наступны апавядальнік: «Калі быў я яшчэ зусім малады». Можна вызначыць і час дзеяння ў апавяданні «Радзімы знак на вуснах», звярнуўшы ўвагу на ключы-падказкі: «Варка памерла» і «Калі было ўжо Варцы шаснаццаць гадоў». Тое ж знаходзім і ў апавяданні «Стогадовы стары і чорны госць»: «У маладосці я ведаў старога (…) прамінула гадоў дваццаць, як ён памёр».
Апавядальнікі «Шляхціца Завальні», пераважна сталыя, а то і старыя людзі (маладыя звычайна папярэджваюць: «чуў і я ад старых»), у 1816–1817 гг. прыгадваюць падзеі пяцідзесяцігадовае даўніны, г. зн., падзеі 60–70-х гг. XVIII ст. Аўтар анідзе не называе дакладнае даты, не апісвае рэальных падзей, што адбываліся ў Беларусі ў той час (спецыфіка мастацкага твора і не патрабуе гэтага!), але ў нас ёсць падставы казаць пра гістарызм Я. Баршчэўскага. Гістарызм гэты асаблівага роду: у прозе пісьменніка адлюстраваны не рэаліі, а дух пэўнага часу, пэўнага перыяду гісторыі Беларусі. Гэта міфалагічны гістарызм, гэта спроба вытлумачыць у рамантычна-прытчавай форме пераломны момант у жыцці краю — першы падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога Полаччына (Беларусь Я. Баршчэўскага) увайшла ў склад Расіі.
Гістарызм Я. Баршчэўскага — гэта гістарызм рамантычнага тыпу, які ідзе ад нямецкага класічнага ідэалізму. Пісьменнік толькі на першы погляд, нібыта пазбягае гісторыка-канкрэтнай рэальнасці, але, па сутнасці, яго проза з’яўляецца міфалагізаванай копіяй гэтай рэальнасці. Беларуская рэчаіснасць 60–70-х гг. XVIII ст. адлюстроўваецца Я. Баршчэўскім праз прызму фальклорна-міфалагічных уяўленняў беларуса-селяніна, беларуса-шляхціца. І гэта быў адзіны магчымы шлях, каб, апавядаючы пра лёсавызначальную падзею ў жыцці народа, паказаць і сённяшні стан рэчаў, і актуалізаваць патрыятычныя пачуцці, і падтрымаць веру ў лепшае будучае.
Сутнасць гістарычнае падзеі, яе прычыны і вынікі падаюцца ў сімволіка-алегарычнай форме. І гэтым проза Я. Баршчэўскага адрозніваецца ад народнае казкі, легенды, падання, якія ўзнікалі звычайна як дастаткова рэалістычнае адлюстраванне канкрэтнага факта і былі зразумелыя слухачам як у пэўнай ступені саўдзельнікам ці назіральнікам тае ці іншае падзеі. Фантастыка Я. Баршчэўскага хоць і нараджалася на аснове рэальнасці, але большасць чытачоў, аддзеленая ад падзеяў некалькімі дзесяткамі гадоў, не заўважала аніякае сувязі між імі. Фантастыка Я. Баршчэўскага была для іх ці то наследаваннем рамантычнае фантастыкі Гофмана, ці то перакладам на польскую мову беларускай народнай творчасці. Відавочна, аўтар разлічваў на дасведчанага чытача; бо толькі ён мог спасцігнуць сэнс сакральнага пласта твора.
На менш абазнаную публіку дзейнічала магутная энергетыка надзвычайнае любові да роднага краю, уздзеянне якое актуалізоўвала ў свядомасьці чытача заснаваныя на хрысціянскіх традыцыях пачаткі дабра і зла, спрадвечныя беларускія традыцыі і філасофію.
І ўжо зусім не знаёмы з беларускім краем і народам чытач атрымліваў першапачатковыя звесткі пра Беларусь, пра яе амаль незакранутую цывілізацыяй культуру, дзіўны і шмат у чым дзікі (адносна адукаванага чалавека сярэдзіны XVIII ст.) лад жыцця (або космас) беларуса. Вучоны — фалькларыст ці этнограф — бачыў у апавяданнях Я. Баршчэўскага свет беларускіх прымхаў і забабонаў.