Шрифт:
Мы не ведаем, наколькі чытацкае ўспрыняцце твора задавальняла аўтара: ён не пакінуў, здаецца, аніякіх допісаў на гэты конт, як, зрэшты, і не даў тлумачэння (каментару, высноў і г. д.) сваім апавяданням-прытчам, не пастараўся данесці іх нашчадкам. У падцэнзурным выданні ён не мог ісці шляхам байкапісца, які ў апошняй страфе твора звычайна акрэсліваў кола закранутых праблемаў; не мог ён ісці шляхам Э. Т. А. Гофмана, які напрыканцы аповесцяў расшыфроўваў сваю алегорыю; не мог выкарыстаць дзеля гэтага паэтыку прытчаў Новага запавету: апошні кампанент прытчы — тлумачэнне — у Я. Баршчэўскага адсутнічае.
Гэтыя акалічнасці, надаючы твору (увогуле, усёй прозе) Я. Баршчэўскага арэол таямнічасці і нават алагічнасці асобных апісанняў, прыцягваюць нашу ўвагу, але, бясспрэчна, патрабуюць грунтоўнага аналізу, каментару, расшыфроўкі тэксту. Літаратуразнаўчы аналіз творчасці Я. Баршчэўскага праз прызму міфалагічнага гістарызму дапаможа высветліць шмат якія аспекты паэтыкі пісьменніка, высветліць яго мастацкія прыёмы адлюстравання рэчаіснасці.
Схематычна гістарычную канцэпцыю Я. Баршчэўскага можна падаць наступным чынам: на Беларусь прыходзяць чужынцы, якія з дапамогаю подкупу атрымліваюць уладу над асобнымі панамі, пазней нават сялянамі. Беларусы, трапіўшы ў залежнасць ад чужакоў або добраахвотна пайшоўшы да іх на службу, дапамагаюць ім апанаваць увесь край, у якім карэнным чынам змяняецца лад жыцця.
Тагачасная грамадская думка адпавядала гэтай схеме, менавіта так адукаваная частка насельніцтва ўспрымала акт анексіі Расійскай імперыяй часткі Рэчы Паспалітай. Нязгода з новымі парадкамі вымушала патрыётаў краю шукаць і аналізаваць прычыны заняпаду, прапаноўваць шляхі да адраджэння. Якраз гэтую праблему паспрабаваў вырашыць у мастацкім творы Я. Баршчэўскі. Палітычную схему ён ажывіў мастацкімі сродкамі, агітацыйную рыторыку замяніў літаратурнай вобразнасцю, надзённы нацыянальна-вызваленчы змест захінуў формаю прымітыўнае сялянскае гутаркі пераважна на бытавую тэматыку з элементамі народнае фантастыкі.
У большасці апавяданняў Я. Баршчэўскі аналізуе іншыя — дробныя ці то прыватныя — выпадкі, якія мелі месца ў час вызначальнай для лёсу краю падзеі. Пісьменнік спрабуе даць адказ: чаму так здарылася, чаму і селянін, і шляхціц, і пан адракаюцца ад свайго, ідуць на службу да чужынцаў. Ён імкнецца паказаць тыя шляхі, якія вядуць да здрады, скіроўвае ўвагу на лёс суайчыннікаў-пярэваратняў.
З’яваю ў літаратурным жыцці краю 40-х гг. ХІХ ст. стала аповесць «Драўляны Дзядок і кабета Інсекта». Папулярная ў той час форма успамінаў спакусіла паэта паспрабаваць свае сілы ў гэтым жанры. Баршчэўскі зноў выкарыстоўвае сродкі і стылістыку дзівоснае народнае фантастыкі, як гэта было ў «Завальні». Гэтыя празаічныя творы Я. Баршчэўскага ўзніклі прыкладна ў адзін час. Дзеянне ў абодвух адбываецца ў Беларусі. Вось толькі калі ў «Шляхціцы Завальні» гэта 1816–1817 гг. — час развітання галоўнага апавядальніка з родным краем перад далёкім падарожжам «на поўнач», дык у «Драўляным Дзядку» — сярэдзіна 30-х гг., калі герой пасля семнаццацігадовае адсутнасці вяртаецца на Бацькаўшчыну.
Закончыўшы выдаваць «Шляхціца Завальню», Я. Баршчэўскі хутчэй за ўсё ўвосень 1846 г. назаўсёды пакідае «паўночную сталіцу», каб спыніцца ў Цуднаве (сёння г. Чуднаў) у доме графаў Равускіх. Прыязнасць гаспадароў ды наяўнасць вольнага часу дазвалялі Я. Баршчэўскаму вандраваць па наваколлі, сустракацца са старымі ды новымі сябрамі. А вось вандроўка ў мястэчка Янушполь і знаёмства з Францам Савічам (або, хутчэй, з людзьмі, якія ведалі яго) падахвоціла напісаць аповесць «Душа не ў сваім целе», у якой, як і ў ранейшых творах пісьменніка, выяўляюцца рамантычныя тэндэнцыі. Усе тры персанажы адпавядаюць вызначэнню «рамантычны герой». Напачатку аўтар стварае вобраз «пераўтваральніка прыроды» Гайнара, заснавальніка незвычайнага саду.
Апісанне Гайнараўскага саду Баршчэўскі падае пасля расказу пра тое, як герой наведаў славутую Сафіеўку, апетую паэтамі ХVIII — ХІХ стст.
Жывое супрацьпастаўляецца мёртваму. Пісьменнік нібы кажа: мастацтва павінна служыць роднаму краю. Яно можа быць простым, без аздобаў, але мусіць мець практычную карысць. Велізарныя выдаткі на стварэнне Сафіейкі — з працы прыгонных, гэта вынішчэнне свайго ўласнага народа. Сад Гайнара, яго праца, ягонае наследаванне прыродзе — гэта першая прыступка ў своеасаблівай іерархічнай пірамідзе служэння Бацькаўшчыне. Гэта той мінімум, які можа (ці нават павінен) выканаць кожны.
А вось у «таямнічага вучонага», якому нават жыць даводзіцца інкогніта, пана Рыльца мэты больш значныя. Яго праца (невыпадкова, трэба заўважыць, немагчымая без працы Гайнара) — уваскрашаць мінуўшчыну, уваскрашаць дапатопны час, г. зн. час да падзелаў Рэчы Паспалітай, каб мець мажлівасць параўноўваць мінулае ды сучаснае, каб выхоўваць гістарычную памяць суайчыннікаў. Пан Рылец абураецца сваімі землякамі, якіх цікавіць толькі камерцыйны інтарэс, якія не разумеюць яго самога і ягоных паплечнікаў. Няшмат яшчэ смелых сказаць: «Няхай славіцца Саламандра!», хто верыць, што Саламандра адродзіцца, бо яна не можа загінуць.
Як і Гайнар, пан Рылец ведае абсяг свае дзейнасці і лічыць, што за межы гэтага абсягу выходзіць нельга. Яшчэ, маўляў, не прыйшоў час іншае працы.
На трэцюю, самую высокую прыступку іерархічнае піраміды служэння Бацькаўшчыне Я. Баршчэўскі ставіць свайго галоўнага героя — «лекара» Саматніцкага. Пасля «навукі» ў Гайнара і Рыльца, ён выбірае іншы шлях, чым яго настаўнікі. Няспешна ісці да мэты — гэта не для яго. Ён хоча «сучаснасць ператварыць у рай». А гэта патрабуе адпаведных сродкаў і нават ахвяравання сабою. Трагічны фінал аповесці як адлюстраванне рэальнага становішча ў нацыянальна-вызваленчай барацьбе зусім заканамерны.