Шрифт:
Лена. Ну падумаеш, рэдкая група… Было б ад чаго расстройвацца…
Каралёў. Усё. Дзякуй. Ідзі.
Лена. Бывайце… (Выходзіць.)
Каралёў (сам сабе). Пашлякі маюць рацыю: сваякоў у нас намнога больш, чым мы думаем… «А поворотись-ка, сын! Экой ты смешной какой!» (Націскае кнопку.) Серж! Ты памятаеш, хлапчук да мяне прыходзіў? Ты яшчэ яму нос разбіў і на машыне ў горад адправіў.
Голас. Памятаю…
Каралёў. Чаго ты хмыкаеш? Падымі на ногі ўсіх, каго можна, і знайдзі яго. Клічуць — Кім. Сірата. Жыве ў нейкім сямейным доме. Язык падвешаны добра… Гадоў дванаццаць-трынаццаць. Апрануты… Чаго ты рагочаш?
Голас. Шэф, вы будзеце смяяцца, але ён сядзіць у мяне.
Каралёў. Затрымай яго!
Голас. Навошта яго затрымліваць? Ён да вас і прыйшоў…
Каралёў. Хай заходзіць…
Нервова прыбірае на стале пачкі з грашыма.
Дурдом… Дурдом…
Уваходзіць Кім.
Кім. Добры дзень…
Каралёў. Салют, салют… Што ж гэта такое, га? Кімблінклінтан! Я для яго за вадой пабег, як афіцыянт таннага кафэ, а ён змыўся. Чаго ты збег?
Кім. Мне стала сорамна.
Каралёў. Што такое?
Кім. Даруйце.
Каралёў. За што?
Кім. Я падманваў вас…
Каралёў. Бывае…
Кім. I мне надзвычай пагана ад гэтага…
Каралёў. У жыцці, Кім, з малога трэба пачынаць, а ты адразу пяцьдзясят тысяч долараў.
Кім. Пра што гэта вы?
Каралёў. Я так разумею, што хворай сястры ў цябе няма, як няма і Моні з Графіняй.
Кім. Моні з Графіняй няма.
Каралёў. Ну во!
Кім. Піня з Баранесай ёсць. I сястра ў мяне сур’ёзна хворая… I на лячэнне за мяжой ёй патрэбна гэтая сума.
Каралёў. Дык у чым жа тады твой падман?
Кім. Я не ваш сын…
Каралёў. Чый жа ты, хлопчык?
Кім. Адкуль мне ведаць. У мяне ваша гісторыя… Толькі не з вакзалам звязаная, а… Ды якая розніца… Калі жыў у дзетдоме, вы ж ведаеце, кожны выдумляе сабе бацькоў… У кожнага або лётчык, або геолаг, або вадалаз…
Каралёў. Мой шпіёніў для роднай дзяржавы ў Лаосе… Аднойчы адзін паскуднік падлавіў: «Як за ён там моза спіёніць, калі там усе маленькія і з вузкімі вацыма. Там за ўсе кітайцы».
Кім. А сапраўды?
Каралёў. Што сапраўды? Што сапраўды… Гісторыю трэба ведаць, троечнік! Там тады былі амерыканцы і ён шпіёніў сярод амерыканцаў.
Кім. А-а-а…
Каралёў. Бэ-э-э…
Кім. Я пра бацьку нічога не выдумляў, няма і няма… А вось маці ў мяне была… Альпіністка… 3 прыгожым імем Эльвіра… I я быў зусім маленькі, калі яна загінула пры ўзыходжанні на Эльбрус…
Каралёў. Распранайся, зараз абедаць будзем.
Кім. Не, я спяшаюся.
Каралёў. Куды?
Кім. Піню з Баранесай трэба забраць з садзіка. Сёння скарочаны дзень.
Каралёў. Я пашлю машыну, іх забяруць.
Кім. Вы што, ні 3 кім яны нікуды не пойдуць. Бывайце. I… яшчэ раз даруйце…
Каралёў. Чакай. Яшчэ пару пытанняў назасыпку. Скажы (паказвае фотаздымак у рамачцы), ты калі_небудзь бачыў гэты здымак?
Кім. Не. Адкуль жа?
Каралёў. На каго ты тады паказваў?
Кім. Вось. Другі рад. Пятая злева.
Каралёў. Чаму на яе? Менавіта на яе?
Кім. Ну-у… Можа таму, што ўсе глядзяць у аб’ектыў, а яна на вас… I позірк такі… Мне здаецца, яна вас кахала…
Каралёў (нервова). Яе завуць Эльвіра!!!
Кім. Абалдзець можна…
Каралёў. Не спяшайся! Гэта мелката! Далей не абалдзець, далей па ўсіх законах трэба чокнуцца.