Шрифт:
Лена. Ладна, гэта я ад радасці… Можа менавіта ты і зрабіў гэта. Клянуся, я не верыла, што можна знайсці такія грошы. I Юля не верыла. Толькі ты верыў.
Кім. Ты пералічыла іх?
Лена. Што тут лічыць? У пачцы сто штук па сто. Дзесяць тысяч.
Кім. I колькі пачак?
Лена. Ты што да пяці лічыць не ўмееш?
Кім. Не трэба ёй пра гэта гаварыць.
Лена. Згодная.
Кім. Толькі на гэты раз дай слова і завяжы свой язык марскім вузлом.
Лена. Магіла, Кім…
Кім. Скажы яшчэ век свабоды не відаць… Што ў цябе за лексікон? Во што значыць з міліцыянерамі якшацца.
Лена. Заткніся, ты!!!
Кім. Ціха! Яна ідзе…
З’яўляецца Юля.
Юля. Хлопчыкі-дзевачкі, я як новенькая. Прывітанне, Кім! (Цалуе Кіма.) А што гэта з вамі?
Кім. А што?
Лена. Што?
Юля. Нейкія вы напружаныя…
Лена. Гэта табе здаецца.
Кім. Нічога не здаецца. Юля, я зрабіў Лене прапанову.
Юля. Якую?
Кім. Праз пятнаццаць гадоў выйсці за мяне замуж. Яна думае…
Лена. От, балда!
Юля. Няўжо не згодная?
Лена. Не!
Кім. Слава Богу! Ты ж праз пятнаццаць гадоў старая будзеш. Як гэта я пра гэта не падумаў.
Лена. Слухай, Юля, калі б я жыла, як ты, з такім балбесам пад адным дахам, клянуся, я б даўным даўно яго атруціла чым-небудзь…
Кім. I гэта кажа медык… Прадстаўнік самай гуманнай прафесіі. Бедныя хворыя!
Лена. Табе пошта. Танцуй.
Юля. Якая пошта?
Лена. Пісьмо.
Юля. Ад каго?
Лена. Спадзяюся, што ён падпісаўся.
Падае Юлі пісьмо. Юля расканвертоўвае і чытае. Выраз твару яе паступова мяняецца.
Юля (застагнала). Кі-і-ім…
I як падкошаная звалілася пад ногі да Кіма.
Лена i Кім (кідаюцца да яе). Юля!!! Юля!!!
Дом Каралёва. Каралёў п’яны сядзіць на падлозе сярод пустых бутэлек.
Каралёў (гучна дэкламуе). Я вас любил… В душе моей угасла не совсем… Но пусть она вас больше не тревожит… (Крычыць.) Я не хочу!!! Чаму не хачу? Хачу… (налівае, п'е).
Голас. Шэф, вы ў парадку?
Каралёў. У парадку.
Голас. Мне падалося, што вы крычалі.
Каралёў. Я займаюся мастацкай самадзейнасцю. Не перашкаджай.
Голас. Даруйце.
Каралёў. Стой! Серж, ты жанаты?
Голас. Не.
Каралёў. Пашчасціла табе. Калі б ты быў жанаты, я б цябе… звольніў зараз.
Голас. Сапраўды пашчасціла.
Каралёў.І ведай, як толькі жэнішся — ты без работы. Жанчыны нам напаскудзілі яшчэ ў біблейскія часы… Яблычка ёй захацелася, а цяпер мучайся!
Голас. Пра каго вы?
Каралёў. Пра Еву.
Голас. Гэта ваша знаёмая?
Каралёў. Знаёмая… I твая таксама.
Голас. У мяне Евы не было.
Каралёў. Ну і не трэба. Што гэта я хацеў табе сказаць. А! Калі я задумаю жаніцца, ты мяне павінен будзеш застрэліць. Усёк?
Голас. Як загадаеце, шэф… даруйце, да вас прыйшлі.
Каралёў. Хто?
Голас. Хадзееў…
Каралёў. Хай заходзіць.
Голас. У яго можа быць зброя.
Каралёў. Хоць атамная бомба. Прапусці. (Дэкламуе.) Но пусть она вас больше, не тревожит… Я! Не! Хо! Чу!
Уваходзіць Хадзееў. Аглядае пакой.
<