Рублеўская Людміла Іванаўна
Шрифт:
Карагод трохі суцішыў рух. Яшчэ некалькі чалавек упала. Мніх заенчыў і паспрабаваў вырвацца з кола… Але зноў ударыў звон, і яму азваліся гадзіньнікі ў ратушы – Бернацоні паўсюль вазіў за сабой сваю каштоўную калекцыю, нечуванае цуда для Старавежска. Тут нават на ратушу гадзіньнік не сабраліся паставіць, як зрабілі гарадзенцы. Не да гадзіньнікаў было гарадской радзе – войны бясконцыя... Толькі адбілі русічаў – татары... Вялікі князь даніны патрабуе, кароль польскі зманьвае да Кароны... Усім патрэбны слаўны Старавежск, усе хочуць садраць з ягонае ратушы белы штандар з чырвоным, нібыта ўзыходзячае сонца, коньнікам...
А ў Бернацоні гадзіньнікі, як у каралеўскіх палацах – падобныя да маленькіх храмаў, аздобленых рознымі фігурамі… І цэлых дванаццаць. Тахкаюць, нібыта кузьні хохлікаў. Калісьці біскуп ня супраць быў адзін займець. Але хіба пражскі прыхадзень падорыць… Ня вымяняў і на велізарны аметыст у аправе з белага золата (у біскупа была свая слабасьць да прыгожых рэчаў). Але цяпер, калі біскуп ведае моц гэтых гадзіньнікаў, нізавошта не згадзіўся б трымаць такі ў сваім доме.
Між тым небаракі, апантаныя скокамі, нібыта гукі падагналі іх, закруціліся з новай моцай.
Сонца зусім схавалася за цёмным вострым абрысам царквы. У водблісках вогнішчаў, якія гарэлі на ўсіх кутах пляцу, імкліва рухаліся злавесныя цені. Важкі залаты ланцуг, сьведчаньне доктарскага званьня, цьмяна пабліскваў на грудзях княжскага лекара.
— І колькі гэта будзе доўжыцца?—з роспаччу прамовіў біскуп.
— Пакуль яны ўсе не памруць,— спакойна адказаў Гервасі.
— Анэта! Ачніся! Анэ-та!
Я страсянула галавой, пазбаўляючыся шматкоў жаху. Зноў задрамала на працы. Ну не прывыкла я ўставаць а пятай раніцы, спадарове. І зноў гэты сон! Хаця рэальнасьць была таксама непрыветнай. Кнігі, якімі я гандлявала, стракацелі вакол, нібыта экзатычныя птушкі… Якія там птушкі – ня ўсе з іх маглі прыпадобніцца нават да чучала, на якое паляўнічыя ловяць даверлівых крылатых ахвяраў…
— Анэта! Сьпіш, як на лекцыі! Вось дык сустрэча! А я думаю, чаго даўно тваіх артыкулаў ня бачна. У бізнэс падалася!
Аркадзь, колішні аднакурсьнік, гладкі і вясёлы, як новы парцалянавы гляк, усьміхаўся на ўсе зубы. Не люблю, калі знаёмыя бачаць мяне за новым заняткам. Была журналістка – стала гандлярка… Наймічка…
І тут стракатае царства кірмашу на хвілю для мяне абязгучылася, быццам я нырнула пад ваду. Прычынай таму быў спадарожнік Аркадзя, сінявокі брунет у чорным швэдары, на погляд некаторых (а калісьці і мяне), досыць сімпатычны.
— Прывітаньне, Ганна.
— Прывітаньне, Юрась.
Спадзяюся, у маім голасе было дастаткова ільдзінак. З былымі мужамі трэба размаўляць голасам Сьнежнай Каралевы.
А Юрась здорава зьмяніўся… У плячах стаў шырокі, а вусны, калісьці па-юнацку пульхныя, усьмешлівыя, сурова сьціснутыя. На шчацэ зьявілася некалькі шнараў. І валасы коратка стрыжэ, гэткі непаслухмяны цёмны «вожык» атрымаўся – а калісьці хадзіў з доўгімі валасамі, як паэт эпохі рамантызму. Толькі вочы па-ранейшаму сінія, і бровы прамыя, сыходзяцца ўпарта над пераносьсем. Недагледжаны нейкі… Рукавы швэдару даўжэзныя, джынсы працёртыя... Але на руцэ блішчыць заручальны пярсьцёнак (ператвараюся ў старую дзеўку, якая імгненна і зайздросна заўважае падобныя дэталі). Адзінаццаць гадоў, як апошні раз бачыліся. Дый колькі мы па-сапраўднаму былі разам – сьмешна прызнацца. Здараецца, букет хрызантэмаў даўжэй прастаіць… Студэнцкае вясельле, так бы мовіць. Ідыётка… Не, каб прыняць заляцаньні Аркадзя, сына загадчыцы сталоўкі, была б сёньня такой жа дагледжанай і не стаяла б за кніжным прылаўкам.
— Нармальна, Анэта. Ты хоць кніжкі прадаеш, а я з унітазаў пачынаў,— Аркадзь, відаць, заўважыў, што я бянтэжуся. — Так-так, сем гадоў таму я сантэхніку вазіў з Польшчы. Пасьля магнітафоны з Нямеччыны… Потым аўто ганяў ажно з Галандыі.
— А цяпер што возіш? – змрочна запыталася я. Страшэнна злавала, што Юрась моўчкі глядзеў убок, нібыта баяўся падняць на мяне вочы. Аркадзь шчыра зарагатаў.
— Цяпер нічога вазіць ня трэба! Таму што нерухомасьцю займаюся. Не-ру-хо-мась-цю! Другім прадаю, сам купляю. Я цяпер усё роўна што князь – замак маю!
Юрась спадылба кінуў на сябрука скептычны позірк, і Аркадзь раздражнёна ўдакладніў:
— Ну ня замак, ня замак… Вежу. Але дзе? У Старавежску, на пляцы! У цябе яшчэ вялікі артыкул пра гэтае мястэчка быў, памятаеш?
Яшчэ б не памятаць! Пасьля гэтага артыкула мяне і пагналі з газеты. Аркадзь зьзяў, як дзіця, якому купілі дарагі канструктар. Кабета ў жоўтым мешкаватым пінжаку адсунула гасьцей ад майго прылаўка, каб пагартаць таўшчэзны том ілюстраванай «Энцыклапедыі эзатэрычных сімвалаў». Але я не расхваліла ёй «захапляльны трактат таемных ведаў», а пачала распытваць Аркадзя з былой журналісцкай «хваткай»:
—Чакай, як табе маглі прадаць ратушу? Гэта ж гістарычны помнік!
— Вядома, гістарычны, — задаволена згадзіўся былы аднакурсьнік.— Чатырнаццатага стагоддзя пабудова. Але ты ж сама пісала, у якім яна жахлівым стане, развальваецца. Даху няма. Унутры – дрэвы растуць. Яшчэ крыху – засталася б груда камянёў. Раённае кіраўніцтва радуецца, што збылі. Каму справа?
— Ну хаця б мясцовым краязнаўцам! – абурылася я. – Сама з імі сустракалася. Зацятыя...
Аркадзь толькі паціснуў плячыма.