Вход/Регистрация
Скокі смерці
вернуться

Рублеўская Людміла Іванаўна

Шрифт:

– Баюся, што працу вы не атрымаеце. Аркадзь Мартынавіч памёр.

— Як… памёр?!! Я ж з ім уранку размаўляла!

Мой суразмоўца пагардліва засьмяяўся:

— Бывае, грамадзяначка. Для гэтага адной хвілі хапае. Быў чалавек – няма чалавека. Дарэчы, скажыце на ўсялякі выпадак свой тэлефон.

Я не зусім зразумела, навошта, але паслухмяна прадыктавала.

«Он выбыл первым из круга нашего. Поэтому в молчанье мы выпьем за него». Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. «Маленькія трагедыі», «Баляваньне ў час пошасьці».

Гудкі тэлефоннай трубкі змусілі мяне ачомацца. Пасьля належных філасофскіх разважаньняў я – такая ўжо эгаістычная чалавечая прырода – вярнулася да сваіх праблемаў. А я ўжо настроілася, што буду мець грашовую працу... Добра хаця, за кватэру наперад за год заплочана. Канец жніўня, а праз чатыры месяцы…

Адрынуць дурную ганарлівасьць, забыцца на крыўду і вярнуцца ў журналістыку? Гэта ўсё роўна што ў дрыгву... У дзяржаўнае выданьне больш не пайду. Палітыкай займацца таксама не хачу. Хіба ў якую-небудзь забаўляльную газетку, дзе можна схавацца за псеўданімам, і аніхто з былых знаёмых, і тым больш чытачоў не атаясаміць мяне з колішняй скандальнай журналісткай Ганнай Барэцкай… Буду шчасьлівіць беларускага чытача зьвесткамі, які чарговы лімузін купіў расейскі папсовы «зайчык»-пераростак Кіркораў... Можа, гэта і ёсьць мой сапраўдны ўзровень? Мой апошні каханак, мастак-марыніст, гэтак і лічыць. Якая там «скандальная журналістка»! Не перабольшвай сваё значэньне, даражэнькая. На сапраўдны скандал ты здольная гэтак жа, як варона да грымотаў. А можа, падацца куды-небудзь перакладчыцай? Выкладаць нямецкую або польскую не вазьмуся, а вось турыстаў вазіць...

Я ўявіла сябе з нейкай турыстычнай групай у якасьці гіда... Бабулькі з перманентам, стамлёныя жыцьцём бізнэс-мамы з дзецьмі-падлеткамі, бесьперастанныя ўспышкі фотаапаратаў, а дзе тут памяняць валюту, а колькі можна праз мытню правесьці сьпіртнога... І мяне перасмыкнула.

Абставіны патрабавалі не гарбаты з шыпшынай, а моцнай кавы. А пасьля кавы мяне пацягнула да пісьмовага стала. Я вывернула яго шуфляды. Рукапісаў, як восеньскага лісьця… Інтэрв’ю, артыкулы, вершы… Усё ў накідах, усё – нікому ня трэба... Як і восеньскае лісьце.

У цьмяным сьвятле золку пляц вакол ратушы нагадваў поле пасьля бойкі. Дым слаўся над брукам, на якім ляжалі нерухомыя целы. Бернацоні асьцярожна пераступаў праз іх, з халоднай цікавасьцю ўглядаючыся ў твары, аднолькава скрыўленыя пакутлівай грымасай – вочы вырачаныя, нібыта ад жаху, зубы выскаленыя ў апошняй усьмешцы. Сьмерць добра павесялілася гэтай ноччу. Што ж, рана ці позна яна забярэ ўсіх, шкадаваньне недарэчы. Раптам пачуўся нягучны стогн – і на тле мёртвай цішы гэта было гучней за ўдар звону. Бернацоні рэзка павярнуўся. Скрозь дым бачылася — нехта сядзеў, абняўшы рукамі калені і трохі пагойдваючыся. Гервасі наблізіўся. Дзяўчына... Лекар бачыў яе сярод танцуючых. Прыгожая, як радавітая венецыянка. Сукенка з дарагога чорнага шоўку ператварылася ў лахманы, белыя карункі нагадвалі брудную пену на паверхні генуэзскага заліву. Залацістыя косы распляліся, вочы абведзеныя цёмнымі кругамі нечалавечае стомы… Але самі вочы разумныя, тужлівыя. Раптам дзяўчына зірнула на Гервасія, і ён, звыклы да людскога болю, нечакана для сябе скалануўся.

Як яна выжыла? Гэта неверагодна… Апошнія восем гадзінаў хуткасьць карагоду была такая шалёная, што ня вытрымала б сэрца нават у дужага воя. А гэтае кволае дзяўчо…

— Што з намі здарылася?

Голас — як шамаценьне сухой травы. Але – яна ня толькі выжыла, яна пры розуме!

Бернацоні нахіліўся да дзяўчыны.

— Як цябе завуць?

— Анэта… Анэта Ляскевічанка.

— Хіба ты ня таньчыла разам з усімі?

Дзяўчына абхапіла галаву тонкімі рукамі, памаўчала.

— Я была ў карагодзе… Я думала, што памру… І не хацела паміраць. Мяне цягнулі… Я падала… А потым – вырвалася.

— Што вярнула цябе да сьвядомасьці?

Анэта апусьціла галаву, залатыя валасы ўпалі на калені.

— Ня памятаю… Мне трэба да Богуша… Багуслава Радчыца… Ён мой жаніх…— зусім ціха прамовіла дзяўчына, і Бернацоні зразумеў, што яна можа страціць прытомнасьць. Як добра, што варта нікога сюды не пускае. А пошасьць у хуткім часе забярэ ўсіх, хто яшчэ можа задаць пытаньні.

Унікальны выпадак! Ён мусіць вывучыць яго – дзеля навукі і... сусьветнага парадку. Калі дзяўчына змагла выжыць у карагодзе сьмерці, вытрымае і досьледы, якія даўно трэба было зьдзейсьніць.

Бернацоні ўладна загадаў:

— Пакажы свае ногі. Не саромся, я лекар.

І ў пацьверджаньне дакрануўся да залатога ланцуга. Анэта, памарудзіўшы, прыўзьняла край сукні… Так, хадзіць гэтая дзяўчына ня зможа яшчэ з месяц... Але калекай не застанецца. Выдатна…

— Я дапамагу табе.

Бернацоні накінуў на дзяўчыну свой плашч і падхапіў яе на рукі. Ніхто ня бачыў, як ён зайшоў у вежу.

Я неўразумела глядзела проста перад сабой, на сьцяну, абклееную белымі ў тонкую брунатную палоску шпалерамі (каб гэта была мая кватэра, я паклеіла б проста белыя)… Заснула за пісьмовым сталом! Непрыстойна прыгожы эпізод для пісьменьніцкай біяграфіі. Толькі я не прэтэндую на званьне пісьменьніка. Журналіст цягнецца да літаратуры, як архітэктар да выяўленчага мастацтва… Вечная нязьдзейсьненасьць ды незьнішчальная вера, што табе дадзеныя крылы, толькі чамусьці не распростваюцца… Званок у дзьверы, які мяне, відаць, і пабудзіў, не змаўкаў. Я пайшла адчыняць, кінуўшы па дарозе сярдзіты погляд на гравюру, якая спрыяла маім начным жахам.

Зірнула праз дзьвярное вочка… На пляцоўцы стаяў Юрась.

За нейкі ашмётак хвілі я пасьпела пераканаць сябе, што выглядаю цалкам спакойна, прычасацца і спырснуцца рэшткамі французскай парфумы.

Юрась, у адрозьненьне ад мяне, не падумаў пра зьнешні выгляд. Твар змучаны, вочы пачырванелыя, у тым жа швэдары, у якім я бачыла яго на кірмашы. Такі… звычайны мужчына. І чым ён калісьці мяне прывабіў?

— Можна зайсьці?

Я моўчкі адышлася ўглыб калідору. Юрась павольна ступіў цераз парог… І ў мяне зьявілася адчуваньне, што аб нябачную ракавінку, у якую схавалася маё жыцьцё, стукнуў каменьчык. Я ледзь не закрычала: «Што табе тут трэба?»

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: