Вход/Регистрация
Скокі смерці
вернуться

Рублеўская Людміла Іванаўна

Шрифт:

Былы муж абвёў вачыма небагаты пакой, адрывістым жэстам прыгладзіў стрыжаныя, але ўсё гэтак жа непаслухмяныя валасы (ага, таксама бянтэжыцца!), яшчэ больш зьбянтэжыўся, калі заўважыў у куце скураныя пантофлі майго апошняга бойфрэнда, дакладней, чарговага нязьдзейсьненага Вялікага Каханьня.

— Прабач, што патурбаваў… Ды яшчэ так рана… Але ты ведаеш, што ўчора здарылася.

— Ты… пра сьмерць Аркадзя? Жах… А ад чаго ён памёр?

Юрась пільна зірнуў на мяне.

— А табе хіба ніхто не сказаў?

— Не… Выглядаў здаровым. Можа, аварыя?

Мужчына, у якога ператварыўся мой колішні знаёмы юнак, адмоўна пакруціў галавой.

— Яго забілі.

— Што?!!—той Юрась мог падобным чынам пажартаваць.

— Забілі, калі вяртаўся дадому. У пад’езьдзе, — цярпліва патлумачыў гэты Юрась. — Застрэлілі.

Мне зрабілася млосна. Мой маленькі, спакойны, няяркі сьвет распаўзаўся, як сатлелы сувой.

— Чакай, я ж яму ўчора званіла… Гаварыла з сакратаром…

Дамагурскі нявесела засьмяяўся.

— Які сакратар… З табой размаўляў сьледчы. А я ў гэты час сядзеў у куце пакою ў якасьці сьведкі. Мы ж з Аркадзем разам вярталіся. Хачу спытаць у цябе пра тое-сёе...

Я зразумела, што Юрасёў візіт ня мае лірычна-настальгічнае мэты, і гэта значна ўсё спрашчала. Таму я зварыла моцнай кавы і нават паставіла на часопісны столік два гліняныя кубкі, якія да гэтага пару стагоддзяў праляжалі ў зямлі менскага гарадзішча. Юрась ацаніў – пакруціў у руках, як найвялікшую каштоўнасьць, і нават дакладна вызначыў час, калі гэтыя пасудзіны ўзьніклі з гліны. Потым паказаў на мае гравюры:

— Ня ведаў, што ты аматар змрочнасьцяў сярэднявечча. Адкуль?

— Са Старавежску. Калі зьбірала матэрыял для артыкулу, мне мясцовы краязнавец падарыў, Пётр Піліпавіч Калейка. Ён выявы гэтых гравюраў у нейкім італьянскім альбоме знайшоў. Нібыта гэта ў Старавежску намалявана. Я асабіста сумняваюся…

Юрась ледзь ня ўскочыў з крэсла.

— Ды я ж да цябе менавіта з нагоды твайго артыкулу і прыйшоў!

Я спахмурнела.

— Прабач, але я лічу за лепшае сваё журналісцкае мінулае ня згадваць.

Юрась вінавата паглядзеў на мяне сваймі абуральна сінімі вачыма.

— Я не пытаўся б, калі б ня думаў, што сьмерць Аркадзя была зьвязаная са Старавежскам і яго ратушай.

Я недаверліва хмыкнула. Юрась цярпліва патлумачыў:

— Мой багаты сябрук вельмі сур’ёзна да сваёй вежы ставіўся. А пачалося з таго, што дзед Аркадзя, былы партыйны дзяяч, пакінуў у спадчыну ўнуку дом у Лошыцы, і там на гарышчы Аркадзь знайшоў паўразваленую скрынку. Гэта аказаўся вельмі стары гадзіньнік, з бронзавай скульптурай – сьмерць адсякае галаву цару. Гадзіньнік Аркадзеў дзед вывез перад вайной са Старавежску, дзе быў старшынёй камбеду. Відаць, спадабалася “ідэйная” скульптура. Напачатку наш аднакурсьнік не зьвярнуў увагі на знаходку, яго нашмат больш зацікавілі дзедавы калекцыі срэбных лыжак ды нямецкай парцаляны ў стылі «кіч»... Але я патлумачыў спадчыньніку, колькі каштуе гадзіньнік пятнаццатага стагоддзя, «рарык», як кажуць антыквары... Тут на дзясяткі тысячащ даляраў лік ідзе. А калі яшчэ механізм цэлы – дык і да сотні тысячаў можа «дагнаць». Вось тады Аркадзь зацікавіўся. Даведаўся, што гадзіньнік знайшлі ў лёхах старавежскай ратушы, разам яшчэ з адзінаццацьцю такімі ж. А тыя адзінаццаць нейкі паручнік вывез у Польшчу... Тут пачаў Аркадзь і сваім радаводам цікавіцца. Відаць, нацярпеўся ў дзяцінстве, расказваў мне, як яго, сына кухаркі (гэта пасьля яна загадчыцай сталоўкі зрабілася) дражнілі «булкаедам» ды прасілі «звары харчо». Баркуны, маўляў, старавежская арыстакратыя, апошні з роду мусіць аднавіць сваю княскую годнасьць... Зацяўся не на жарт. Хаця дзед ягоны не дарэмна старшынёй бядняцкага камітэту быў – галота. Але Аркадзь, па-мойму, шчыра верыў, што і ратуша калісьці належала Баркунам, і гадзіньнікі ў лёхах, і сам Старавежск... Зьбіраў дакументы пра гэтыя гадзіньнікі... Шукаў, дзе яны зараз... Выкупіць хацеў.

— Хіба ён быў такі багаты? –засумнявалася я.

— Ды мне самому дзіўна...—сказаў Юрась. – У мяне ўражаньне, што ён апошняе гатовы быў аддаць. Два гадзіньнікі адсачыў, выкупіў за шалёныя грошы... Потым выйшаў на сьлед нашчадкаў таго паручніка, зьбіраўся ў Варшаву... Крэдыты браў, акцыі распрадаў нейкія... Ды не пасьпеў паехаць.

— Ты лічыш, усё гэта мае дачыненьне да ягонай сьмерці?

Мой былы выпадковы муж трохі памаўчаў, а пасьля замест адказу зазначыў:

— А я ўяўляў, Анэта, ці заплятаеш ты яшчэ косы. Аказалася – так. І яны такія ж залацістыя. Цудоўна.

Я раззлавалася: гаварыў бы проста — «рудыя». А то – «залацістыя»... А каса ў трыццаць гадоў – можа, таму, што кабета перастала думаць пра сваю зьнешнасьць. Услых я прамовіла, зразумела, іншае.

— Яшчэ пару гадоў таму ў мяне была кароткая стрыжка, і я фарбавалася ў чорны колер. А ты па-ранейшаму ня здольны выказвацца проста і лагічна.

Юрась вінавата ўсьміхнуўся.

— Прабач… Я ня ведаю, якая тут сувязь, але апошні час Аркадзь гаварыў і думаў толькі пра гадзіньнікі са Старавежску. Маўляў, яны «жывая легенда». Калі, вядома, так можна сказаць пра механізмы.

— І мне распавядалі легенду, — успомніла я. – Быццам у ратушы калісьці замуравалі сьмерць разам з гадзіньнікамі.

Юрась задумліва працягваў:

— Аркадзь марыў праславіць сваю вежу на ўвесь сьвет… А для гэтага патрэбны быў яркі міф. Разумееш, калі б Брэм Стокер не сачыніў гісторыі пра Дракулу, не было б плыні турыстаў у Румынію. Але для міфа патрэбныя рэальныя падзеі і постаці, як для стварэньня Дракулы спатрэбіўся ваявода Улад Цэпеш, які прыбіваў няўгодным шапкі да галоў цьвікамі. Беларуская гісторыя багатая і на асобы, і на падзеі... Але іх стагоддзямі затоптвалі ў пыл забыцьця і вучоная набрыдзь, і свае манкурты. Паспрабуй, зьбяры з аскалёпкаў... Я ўпэўнены – Аркадзь здолеў нешта знайсьці. Або быў на шляху да разгадкі. Неаднойчы паўтараў мне, што надыдзе час – дзякуючы вежы і яе гадзіньнікам ён мільёнамі засыплецца. Наш з табой, Анэта, аднакурсьнік ня быў надта інтэлектуальным чалавекам. Ня быў ён і добрым. Я ж ведаю – з кліентаў, якіх пасылаў да мяне, браў пяцьсот даляраў, а мне ўлучаў пяцьдзясят. Але я ня веру, што ён мог забіваць нават за сваё будучае княства і... я быў побач, калі яго застрэлілі.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: