Вход/Регистрация
Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха
вернуться

Мериме Проспер

Шрифт:

Дарожныя перашкоды перапынілі нашую размову.

Я з усіх сіл намагаўся, каб не адстаць ад графа, і дзівіўся ягонай спакойнай празорлівасці, з якой ён без компаса выбіраў заўсёды самы правільны кірунак. Відаць, ён ужо здаўна паляваў у гэтых дзікіх лясах.

Урэшце пасярод шырокай паляны мы ўбачылі курган.

Ён быў даволі высокі, вакол яго яшчэ можна было заўважыць роў, парослы хмызам і сям-там ужо засыпаны. На вяршыні віднеліся руіны нейкай каменнай будовіны са слядамі пажару. Попел, перамяшаны з вугалем, аскялёпкі нейкага таўстасценнага глінянага начыння сведчылі, што на вяршыні кургана доўгі час гарэў агонь. Калі даць веры тутэйшым паданням, дык некалі на курганах спраўлялі чалавечыя ахвяры. Але, відаць, няма такіх згаслых рэлігій, якім не прыўлашчалі б гэткія агідныя абрады, і я сумняваюся, каб нейкія гістарычныя дакументы пацвердзілі б гэтае прыпушчэнне ў дачыненні да старажытных літоўцаў.

Мы спусціліся з кургана і ўжо падышлі да коней, якіх пакінулі па той бок рова, калі да нас, абапіраючыся на кіёк, падышла бабулька з кошыкам.

– Паночкі, даражэнькія, - сказала яна, наблізіўшыся, - дзеля Бога, зрабіце ласку, дайце старэнькай на чарку гарэлкі, каб сагрэць убогае цела.

Граф кінуў ёй срэбную манету і спытаўся, што яна робіць у лесе так далёка ад чалавечага жытла. Замест адказу яна паказала яму кошык грыбоў. І хоць мае батанічныя веды вельмі абмежаваныя, мне здалося, што сярод грыбоў было шмат воўчых.

– Жанчына, - звярнуўся я да яе, - спадзяюся, вы не збіраецеся гэта есці?

– Ой, паночку, - адказала старая, сумна ўсміхнуўшыся, - бедныя людзі ядуць усё, што пан Бог пашле.

– Вы не ведаеце нашыя літоўскія страўнікі, - умяшаўся граф.
– Яны як бляхай падбітыя. Нашыя сяляне ядуць усе грыбы, што знойдуць, і ім ад гэтага толькі лепей.

– Не дазваляйце ёй каштаваць хоць бы той agaricus necator, які я бачу ў кошыку!
– закрычаў я.

І я выцягнуў руку, каб узяць гэты ці не самы атрутны грыб, але старая хуценька адсунула кошык.

– Беражыцеся, - спалохана сказала яна, - грыбы сцеражоныя ... Піркунс! Піркунс!

Піркунс, між іншым, - жамойцкая назва боства, якога славяне завуць Перуном, гэта славянскі Юпітэр, грамавік. Я здзівіўся, пачуўшы, як старая заклікае паганскага бога, але яшчэ болей я здзівіўся, убачыўшы, як грыбы заварушыліся, з іх вылезла чорная змяіная галава і паднялася над кошыкам на вышыню стапы. Я адскочыў назад, а граф сплюнуў праз плячо, згодна з забабоннай звычкай славянаў, якія за прыкладам старажытных рымлян лічаць, што гэта адверне ад іх усе злыбеды. Старая паставіла кошык на зямлю і прысела побач. Пасля, выцягнуўшы руку да змяі, яна вымавіла нейкія незразумелыя словы, відаць, нейкі заклён. На хвіліну змяя знерухомела, пасля, абвіўшыся вакол ссохлай старэчай рукі, знікла ў рукаве кажушка, які, разам з падранай спадніцай, складаў усё ўбранне гэтай літоўскай Цырцэі. Старая паглядзела на нас з пераможнай усмешкай, як штукар, якому ўдаўся складаны фокус. На твары яе адбіваліся хітрасць і тупасць, як у тых дурнаватых махляроў, што ўдаюць з сябе ведзьмакоў.

– Вось вам, - сказаў мне па-нямецку граф, - прыклад мясцовага каларыту: вядзьмарка зачароўвае змяю ля падножжа кургана ў прысутнасці вучонага прафесара і цёмнага літоўскага шляхціца. Добры сюжэт для жанравай карціны вашага суайчынніка Кнаўса... ці не жадаеце, каб яна вам паваражыла? Цудоўная нагода.

Я адказаў, што не збіраюся заахвочваць падобныя заняткі.

– Я б лепш спытаўся ў яе, - дадаў я, - ці не ведае яна падрабязней гэтае дзіўнае паданне, пра якое вы мне зараз расказалі. Жанчына, - сказаў я старой, - ці не чула ты пра куток гэтага лесу, дзе звяры жывуць грамадой, не ведаючы пра чалавечы свет?

Старая кіўнула галавой і сказала, дурнавата ўсміхнуўшыся:

– Я якраз адтуль іду. У звяроў болей няма караля. Леў, стары нобіль, памёр. Звяры выбіраюць новага караля. Ідзі, можа, яны выберуць цябе.

– Што ты кажаш, маці?
– зарагатаў граф.
– Ці ты ведаеш, з кім гаворыш? Дык ты не ведаеш, што гэты пан... О д'ябал, як жа ж будзе па-жамойцку «прафесар»? Пан - вялікі вучоны, мудрэц, вайдалот.

Старая паглядзела ўважліва.

– Я схібіла, - сказала яна, - гэта ты мусіш туды ісці. Ты станеш іхнім каралём, а не ён. Ты вялікі, ты моцны, у цябе кіпці і зубы...

– Як вам падабаюцца яе жарты?
– спытаўся ў мяне граф.
– Матухна, ці ты ведаеш дарогу?
– пацікавіўся ён у старой.

Яна паказала яму рукой на лес.

– Туды?
– перапытаў граф.
– А балота? Як яго перайсці? Вы ведаеце, пане прафесар, там, дзе яна паказала, непраходнае балота, возера вадкай гразі, зарослае зялёнай травой. Летась я параніў аленя, і ён кінуўся ў гэтае д' яблава балота. Я бачыў, як ён павольна, павольна апускаўся... Праз дзве хвіліны былі відны ўжо толькі рогі. Хутка ён знік увесь, а за ім два мае сабакі.

– Але я не цяжкая, - ашчэрылася старая.

– Я думаю, што ты пералятаеш балота вельмі проста - на мятле.

Вочы старой пыхнулі злосцю.

– Паночку, - зноў працяжна загугнявіла яна, - ці не дасі старой беднай жанчыне тытуню на люльку?
– і дадала: - Лепш шукай дарогі праз балота, чым ездзіць у Даўгялы.

– Даўгялы!
– граф пачырванеў.
– Што ты хочаш сказаць?

Мімаволі я заўважыў, што слова гэтае зрабіла на яго дзіўнае ўражанне. Ён відавочна збянтэжыўся, апусціў галаву і, каб схаваць замяшанне, узяўся развязваць капшук з тытунём, што вісеў на тронку паляўнічага нажа.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: