Вход/Регистрация
Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха
вернуться

Мериме Проспер

Шрифт:

– Не, не ездзі ў Даўгялы, - паўтарыла старая.
– Белая галубка не для цябе. Так, Піркунс?

У гэты момант з-пад каўняра кажушка паказалася змяіная галава. Змяя паднялася да гаспадынінага вуха і, відаць, адмыслова навучаная, пачала разяўляць пашчу, быццам гаворачы.

– Ён кажа, што я маю рацыю, - дадала старая.

Граф сыпнуў ёй у руку жменьку тытуню.

– Ты мяне ведаеш?
– спытаўся ён у яе.

– Не, паночку.

– Я- мядзінцілтаўскі гаспадар. Прыходзь да мяне гэтымі днямі. Я дам табе тытуню і гарэлкі.

Старая пацалавала графу ў руку і паспешліва адышла.

Праз хвіліну яе ўжо не было відаць. Граф заставаўся стаяць у задуменні, рукі яго несамохаць завязвалі і развязвалі матузок капшука.

– Пане прафесар, - сказаў ён пасля доўгага маўчання, - вы, можа, будзеце смяяцца з мяне. Гэтая старая паскудніца ведае мяне лепш, чым вам здаецца, а дарога, якую яна мне паказала... Зрэшты, у гэтым няма нічога дзіўнага. Мяне ў наваколлі ўсе ведаюць, як аблупленага сабаку. Гэтая круцелька не раз бачыла мяне па дарозе ў Даўгялаўскі замак... Там ёсць панна на выданні, а гэтая каргота вырашыла, што я ў тую панну закаханы... Пасля які-небудзь малойчык даў ёй у лапу, каб яна абвясціла мне благі лёс... Усё гэта кідаецца ў вочы, і, аднак... яе словы мяне кранулі... Я амаль баюся. Вам смешна, і вы маеце рацыю... І праўда, я збіраўся ехаць у Даўгялы, а цяпер не ведаю, ехаць ці не... Але ж я і дурны! Ну, пане прафесар, вам вырашаць. Ці едзем?

– Абмяжуюся адной заўвагай, - засмяяўся я.
– Што тычыцца жаніцьбы, я ніколі не даю парадаў.

Мы вярнуліся да коней. Граф спрытна скочыў у сядло і, адпусціўшы павады, крыкнуў:

– Хай конь вырашыць за нас!

Конь не вагаючыся ступіў на сцяжынку, якая, зрабіўшы некалькі паваротаў, вывела нас на брукаваную дарогу ў Даўгялы. Праз паўгадзіны мы ўжо стаялі перад замкавым ганкам.

На тупат нашых коней з акна між фіранак высунулася бялявая галоўка. Я пазнаў падступную перакладчыцу Міцкевіча.

– Заходзьце, калі ласка!
– запрасіла яна.
– Вы прыйшлі ў самы добры момант, пане Шэмет. Мне якраз прывезлі з Парыжа сукенку. Вы мяне не пазнаеце - такая я буду прыгожая.

Фіранкі зашморгнуліся. Паднімаючыся на ганак, граф прабурчаў:

– Вядома ж, не дзеля мяне яна справіла гэтую сукенку...

Ён адрэкамендаваў мяне пані Даўгяле, цётцы панны Івінскай, яна сустрэла мяне вельмі прыязна і згадала мае самыя апошнія артыкулы ў «Навукова-літаратурнай газеце».

– Пан прафесар прыйшоў, каб паскардзіцца вам на панну Юльку, якая непачціва з яго пажартавала.

– Гэта яшчэ дзіця, пане прафесар. Трэба ёй прабачыць. Яна часта дакучае мне сваімі выбрыкамі. Я ў шаснаццаць год была разумнейшая, чым яна ў дваццаць, але яна ўсё ж добрая дзяўчына і мае ўсе адзнакі добрага выхавання. Яна выдатны музыкант, яна цудоўна малюе кветкі, яна аднолькава добра гаворыць па-французску, па-нямецку і па-італьянску... Яна вышывае...

– І піша вершы па-жамойцку!
– дадаў, смеючыся, граф.

– О, на гэта яна не здольная!
– запярэчыла пані Даўгяла.

І прыйшлося ёй расказаць пра Юльчын жарт.

Пані Даўгяла была адукаваная і ведала старажытнасці краю. Гутарка з ёю мне вельмі спадабалася. Яна чытала нямецкія часопісы і мела здаровы погляд на мовазнаўства. Прызнаюся, што я не заўважыў, як праляцеў час, пакуль панна Івінская прыбіралася. Але для графа Шэмета час гэты цягнуўся надта доўга, і ён уставаў, зноў сядаў, глядзеў у акно і драбатаў пальцамі аб шыбіну, як чалавек, які траціць цярпенне.

Урэшце праз тры чвэрці гадзіны паявілася панна Юлька ў таварыстве сваёй французскай гувернанткі. Яна ішла павабна і напышліва ў сукенцы, апісанне якой вымагала б ведаў значна шырэйшых за мае.

– Ну, ці я не прыгожая?
– спыталася яна ў графа, павольна паварочваючыся наўкола, каб ён мог разгледзець яе з усіх бакоў.

Яна не глядзела ні на графа, ні на мяне, яна глядзела на сукенку.

– Ты што, Юлька, - сказала пані Даўгяла, - ты не вітаешся з панам прафесарам, які на цябе скардзіцца?

– А! Пане прафесар!
– павярнула яна да мяне свой чароўны тварык.
– І што ж я гэткага зрабіла? Вы мяне пакараеце?

– Мы б самі сябе пакаралі, панна, калі пазбавілі б сябе вашай прысутнасці. Я зусім не скарджуся, наадварот, я вельмі рады, што дзякуючы вам я адкрыў для сябе літоўскую музу ва ўсім яе чароўным бляску.

Яна схіліла галоўку і прыкрыла твар рукамі, уважаючы, аднак, каб не парушыць фрызуру.

– Прабачце мне, я болей не буду!
– сказала яна, як дзіця, што цішком з'ела варэнне.

– Я прабачу вам толькі тады, мілая панна, - сказаў я, - калі вы выканаеце абяцанне, што вы мелі ласку мне даць у Вільні, у княгіні Катарыны Пац.

– Якое абяцанне?
– яна падняла галоўку і ўсміхнулася.

– Вы ўжо забыліся? Вы мне паабяцалі, што, калі мы спaткаемся ў Жамойці, вы пакажаце мне адзін мясцовы танец, які вам вельмі падабаецца.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: