Вход/Регистрация
Скон аднаго сэрца
вернуться

Цвайг Штэфан

Шрифт:

Афіцэр здзіўлена паглядзеў на яго. Ён дрэнна ведаў нямецкую мову і не ўсё зразумеў. Але крывая, няўцямная ўсмешка старога збянтэжыла яго. Немец міжволі падаўся наперад, абедзве жанчыны збялелі - як палатно - на момант усталявалася мёртвая цішыня, як у кароткі прамежак паміж маланкаю і грукатам грому.

Але злосная ўсмешка тут жа знікла з твару старога, палка выслізнула з рук, ён скурчыўся, як пабіты сабака, і збянтэжана кашлянуў, спалоханы сваёю смеласцю. Эрна паспешна паспрабавала ўзнавіць размову, каб зменшыць узніклую няёмкасць, нямецкі барон адказаў з наўмысным ажыўленнем, і праз некалькі хвілін ужо зноў бесклапотна цёк на момант затрыманы паток слоў.

Стары абыякава сядзеў сярод гэтых балбатуноў, цалкам паглыблены ў сябе, - можна было падумаць, што ён спіць. Важкая палка выслізнула з рук і матлялася паміж ног. Усё ніжэй апускалася схіленая на руку галава. Але цяпер ужо ніхто не звяртаў на яго ўвагі: над яго тужлівым маўчаннем гучна плёскаліся хвалі слоў, час ад часу ўскіпала пена смеху ад гуллівага жарту, а ён нерухома ляжаў на дне, у бясконцым змроку сораму і болю.

Хтосьці весела прапанаваў пайсці ў гасціную. Мужчыны адразу ўсталі, Эрна паспешна пайшла следам, крыху павольней паднялася маці. Ніхто не палічыў патрэбным звярнуцца з асобым запрашэннем да паглыбленага ў дрымоту старога. Толькі адчуўшы раптоўна вакол сябе пустату, ён прачнуўся - гэтак прачынаецца сярод ночы чалавек, калі з яго саслізне коўдра і халоднае паветра дакранецца да голага цела. Ён міжволі абвёў позіркам апусцелыя крэслы, але з гасцінай, дзе стаяў раяль, ужо чуліся рэзкія, грубыя гукі джазу, смех і падбадзёрлівыя воклічы. Пачалі танцаваць. Так, танцаваць, без канца танцаваць - гэта яны ўмеюць! Зноў і зноў будуць гарачыць кроў, бессаромна прыціскацца адно да аднаго - пакуль не настане час пажынаць плады. Танцуюць, лодыры, вісусы, вечарам, ноччу і сярод белага дня - гэтым яны і спакушаюць жанчын.

Ён зноў са злосцю схапіў палку і падаўся ўслед за імі. У дзвярах ён спыніўся. Барон сядзеў за раялем напаўпаварота, каб бачыць танцораў, брынкаў на памяць і наўгад амерыканскую модную песеньку. Эрна танцавала з афіцэрам, а даўганогі граф Убальдзі не без цяжкасці вёў сваю нязграбную поўную даму. Але стары глядзеў толькі на Эрну і яе кавалера. Як лёгка і лісліва гэты ветрагон паклаў рукі на яе кволыя плечы - быццам яна цалкам належала яму! Як яна падавалася да яго ўсім целам, як яны ліплі адно да аднаго ў яго на вачах і ледзь стрымлівалі дрэнна схаваную страсць! Так, гэта ён, ён - кожны рух выдаваў іх блізкасць, якая ўжо пранікла ў кроў. Так, гэта ён, ён - і ніхто другі, ён чытаў гэта ў яе прыплюшчаных вачах, у якіх зіхотка адлюстроўваўся ўспамін аб больш поўнай асалодзе - вось ён, злодзей, які ноччу палымяна дакранаўся да ўсяго, што цяпер ледзь схавана пад лёгкай хісткай на ветры сукенкай. Вось злодзей, які ўкраў у яго дзіця... яго дзіця! Стары міжволі зрабіў крок наперад, каб вырваць яе з яго рук. Але яна не заўважыла бацькі. Усёй істотай аддавалася яна рытму танца, падпарадкоўвалася ледзьве ўлоўнаму руху рукі спакусніка, якая яе вяла; адкінуўшы галаву, яна самазабыўна неслася ў віхуры музыкі, якая захапляла яе, не адчувала ні прасторы, ні часу, не заўважала старога, які дрыжаў як у ліхаманцы, задыхаўся і не зводзіў з яе запаленага гнеўнага позірку. Яна адчувала толькі сябе, толькі сваё юнае цела, паслухмяна падпарадкоўвалася траскучаму перарывістаму імкліваму рытму. Яна адчувала толькі сябе, ды яшчэ блізкасць гарачага мужчынскага дыхання, дужую руку, якая абдымала яе, і яна думала цяпер толькі, каб не паддацца спакусе кінуцца насустрач жаданню, аддацца яго ўладарнай сіле. І ўсё гэта пакутліва абвостраным чуццём угадваў стары; кожны раз, калі яна адлятала ад яго ў кругавароце танца, яму здавалася, што яна знікае навекі.

Раптам, нібы брынклівая струна, музыка абарвалася сярод такту. Барон ускочыў з месца і, смеючыся, сказаў па-французску:

– Даволі я вам іграў. Сам хачу танцаваць.

Усе весела засмяяліся ў адказ, пары разышліся, і маленькая кампанія рассеялася па пакоі.

Стары апамятаўся: трэба штосьці зрабіць, штосьці сказаць! Толькі не стаяць такою доўбняю, не быць такім нязносна лішнім! Яго жонка якраз праходзіла міма, крыху задыханая, але, відаць, вельмі задаволеная. Гнеў дапамог старому прыняць рашэнне. Ён раптам заступіў ёй дарогу.

– Ідзём, - рэзка сказаў ён, - мне трэба пагаварыць з табою.

Яна здзіўлена зірнула на яго: кроплі поту выступілі на яго бледным твары, вочы блукалі. Што яму трэба? Навошта яму спатрэбілася непакоіць яе менавіта цяпер? Яна ўжо хацела даць ухілісты адказ, але ў яго паводзінах было нешта дзіўнае, палохаючае, і яна, успомніўшы яго нядаўні выбух гневу, неахвотна пайшла за ім.

– Excusez, messieurs, un instant*, - звярнулася яна да мужчын, просячы прабачэння.

* Прабачце, панове, адну хвіліну (фр.).

«У іх яна просіць прабачэння, - з горыччу падумаў стары, - а ў мяне ніхто не папрасіў прабачэння, калі яны ўсталі з-за стала. Я для іх сабака, ануча, якую можна таптаць нагамі. Але яны робяць правільна, робяць правільна, калі я гэта трываю!»

Яна чакала, строга падняўшы бровы; як вучань перад настаўнікам, стаяў ён перад ёю і не асмельваўся загаварыць.

– Што такое?
– нарэшце спыталася яна.

– Я не хачу... я не хачу...
– замармытаў ён дрыготкім голасам, - я не хачу, каб вы... каб вы вадзіліся з гэтымі людзьмі...

– З якімі людзьмі?
– перапытала яна, разыгрываючы неразуменне, і кінула на яго абураны позірк, быццам ён абразіў яе асабіста.

– З тымі, там...
– Ён злосна кіўнуў галавою ў бок гасцінай.
– Мне гэта не падабаецца... я не хачу...

– Чаму?

«Вечна гэты інквізітарскі тон, - з горыччу думаў стары, - як быццам я ў яе слуга». І дадаў, запінаючыся ад хвалявання:

– У мяне ёсць прычыны... вельмі сур'ёзныя прычыны... Мне не падабаецца... Я не хачу, каб Эрна размаўляла з гэтымі людзьмі... Я не абавязаны ўсё растлумачваць.

– У такім выпадку мне вельмі шкада, - адказала яна высакамерна.
– Я лічу, што ўсе трое надзвычай выхаваныя маладыя людзі, прынамсі, яны лепшая кампанія, чым у нас дома.

– Лепшая кампанія!.. Гэтыя гультаі... гэтыя... гэтыя...
– Злосць душыла яго. Раптам ён тупнуў нагою.
– Я гэтага не хачу... я забараняю... зразумела?

– Не, - адказала яна спакойна.
– Я нічога не разумею. Не разумею, чаму я павінна адбіраць у дачкі забаву...

– Забаву!.. Забаву!..
– Ён пахіснуўся, як ад удару, твар заліўся чырванню, халодны пот выступіў на лбе, рука міжволі пацягнулася да палкі, каб абаперціся на яе або нанесці ўдар. Але ён забыўся ўзяць палку. Гэта адразу працверазіла яго. Ён авалодаў сабою - на сэрцы ў яго раптам пацяплела. Ён падышоў да жонкі, як быццам хацеў узяць яе за руку. Голас яго зрабіўся мяккім, амаль умольным: - Паслухай... ты мяне не разумееш... я ж нічога не хачу для сябе... я вас прашу толькі... гэта мая першая просьба за доўгія гады: паедзем адсюль... паедзем у Фларэнцыю, у Рым, куды хочаце, я на ўсё згодны... вырашайце самі, куды вы хочаце... толькі паедзем адсюль... я прашу цябе... паедзем... сёння ж... сёння... я болей не магу гэтага трываць... не магу.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: